Вы тут

У Мінску далі старт кінафестывалю «Лістапад»


1 лістапада ў сталіцы далі старт ХХХ Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад». На працягу тыдня гасцей і ўдзельнікаў кінафоруму чакае насычаная праграма, дзе яны не толькі ўбачаць найлепшыя гульнявыя, дакументальныя і мультыплікацыйныя фільмы, але і змогуць трапіць на творчыя сустрэчы, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы. Сёлета «Лістапад» праходзіць пад дэвізам «Кіно са знакам якасці», а яго галоўнымі тэмамі сталі тэмы 100-годдзя беларускага кіно і 30-годдзя маштабнага кінафоруму.


Фота Міністэрства культуры

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Саюз кінематаграфістаў, кінастудыя «Беларусьфільм». У конкурсныя праграмы сёлета трапілі фільмы, адабраныя з 3405 заявак са 124 краін свету. На асноўны конкурс гульнявога кіно вылучана 18 фільмаў, у намінацыі неігравога кіно спаборнічаюць 12 кінастужак, а ў праграме анімацыйнага кіно — 50 кінаработ. У праграме «Кіно маладых» журы разгледзіць сёлета 11 фільмаў, на конкурсе нацыянальных кінашкол пакажуць 15 работ, а вось што датычыцца праграмы нацыянальнага кіно, то там прадстаўлена 23 работы беларускіх кінавытворцаў.

— Я ад імя Міністэрства культуры хачу ўсіх нас павіншаваць з адкрыццём чарговага і юбілейнага ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Ужо, напэўна, прайшоўшы пэўны падрыхтоўчы этап, сёння хочацца падзякаваць усім, хто ўдзельнічаў у яго арганізацыі і будзе праводзіць фестывальныя мерапрыемствы. Праведзена вялікая работа, — адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. — Усе мы ведаем, што «Лістапад» пройдзе з 1 да 8 лістапада. У межах фестывалю нас чакаюць конкурсныя і пазаконкурсныя паказы, адбудзецца шмат кінасустрэч і майстар-класаў. Пройдуць Дні кіно Індыі, Ірана, Зімбабвэ, Пакістана, Узбекістана і Расіі (нашага традыцыйна вельмі актыўнага ўдзельніка)…

Усё гэта адбудзецца ў кінатэатрах сталіцы і на шэрагу іншых лакацый. А вось калі казаць аб правядзенні сёлета ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця «Лістапада», то яны праходзяць у Палацы Рэспублікі, як было ў тыя часы, калі фестываль узначальваў акцёр, рэжысёр Расціслаў Янкоўскі.

Ужо не першы год кінафестываль — пляцоўка не толькі для паказу фільмаў, але і для абмеркавання пытанняў, праблем і перспектыў, далейшага развіцця ў сферы кінематаграфіі. Так, сёння, 2 лістапада, у сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе круглы стол, на якім прадстаўнікі кінаіндустрыі з розных краін свету пагавораць пра важныя і актуальныя пытанні сваёй сферы, пра развіццё кіно на постсавецкай прасторы.

— «Лістапад» можна назваць агульнасусветнай платформай для дыялогу, дзе фільмы і людзі з розных краін могуць сустрэцца і размаўляць. Таму мы, як журы, павінны вельмі старанна і дбайна падысці да выбару пераможцаў, — падзяліўся Лэй Хань, старшыня журы асноўнага конкурсу ігравога кіно, акцёр, прадзюсар, рэжысёр (Кітай). — Кінафестываль ужо мае вялікі ўплыў ва ўсім свеце, але, спадзяюся, нашымі агульнымі намаганнямі мы зможам паспрыяць таму, каб яшчэ больш краін далучалася да нас. Таму што, узмацняючы супрацоўніцтва ў сферы кіно, мы таксама ўзмацняем кантакты паміж краінамі…

— Сапраўды, сёлета ў нас міжнародны конкурс, на «Лістападзе» шмат гасцей, якіх мы рады бачыць, і спадзяёмся, што ім спадабаецца ў нас і яны пажадаюць вяртацца. Гэта ўсё было зроблена для таго, каб наш кінафестываль падтрымаў статус міжнароднага, — адзначыла выканаўчы дырэктар ХХХ ММКФ «Лістапад» Алеся Рулькова. — Мы будзем рады ўсіх бачыць на кінапаказах, на творчых сустрэчах, якіх у гэтым годзе запланавана шмат. Нашы госці падзеляцца сваімі поспехамі, творчымі дарогамі з нашай моладдзю, для якой мы арганізавалі майстар-класы. Большасць з іх пройдуць у Акадэміі мастацтва і ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Будзе магчымасць з першых вуснаў пачуць расповед пра ўнікальны вопыт развіцця і стварэння кіно непасрэдна ад яго стваральнікаў.

Пакажуць на сёлетнім «Лістападзе» і залатую калекцыю, у якую ўвайшлі фільмы-пераможцы мінулых фестываляў. Пляцоўкамі кінафоруму стануць і традыцыйныя лакацыі сталічных кінатэатраў: у «Цэнтральным» пакажуць праграму ігравога кіно, у «Піянеры» пройдуць два конкурсы — неігравога кіно і «Лістападзік», у «Беларусі» традыцыйна зможам пабачыць анімацыйнае кіно, а ў «Міры» правядуць адноўлены конкурс нацыянальнага кіно. Цэнтрам кінафестывалю будзе пляцоўка кінатэатра «Перамога», які сёлета адкрыўся пасля рэканструкцыі, і ў рамках юбілейнага «Лістапада» тут пакажуць кіно маладых (старт для тых, хто толькі пачынае) і праграму нацыянальных кінашкол. Дні кінематографа розных краін таксама будуць праходзіць у Вялікай зале гэтага кінатэатра.

— Я даўно не быў на «Лістападзе». І павінен сказаць, што ўражаны праграмай сёлетняга фестывалю і яго маштабам. Таму шчыра віншую ўсіх са стартам. Мяркуючы па праграме, гледачоў чакае вельмі цікавы і насычаны тыдзень, — сказаў генеральны дырэктар і старшыня праўлення кінаканцэрна «Масфільм» Карэн Шахназараў. — Для мяне Мінск — важны горад, бо, па-першае, некалі я вучыўся ў адным універсітэце і на адным курсе з беларускімі акцёрамі, а па-другое, мой бацька ўдзельнічаў у вызваленні Мінска ў 1944 годзе. Таму бачыць, якой прыгожай стала беларуская сталіца, гэта і ўспаміны пра тату. Думаю, ён быў бы шчаслівы, калі б убачыў ваш горад.

У сваю чаргу старшыня журы конкурсу для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» актрыса Святлана Сухавей запрасіла паўдзельнічаць у праглядзе менавіта вышэйназванага конкурсу, адзначыўшы, што «тыя сем кінастужак, якія будзе нагода ўбачыць, вельмі розныя, але ўсе яны закранаюць душу, гавораць пра важныя рэчы».

Падтрымаў гэту думку і Рым Шарафутдзінаў, старшыня журы асноўнага конкурсу анімацыйнага кіно, кінарэжысёр, сцэнарыст, аніматар-віртуоз (Расія):

— У сям’і кіно мультыплікацыя — гэта нібы малодшае дзіця, якое любяць, але не зусім сур’ёзна ўспрымаюць. Але мы забываем пра тое, што жыццё чалавека, яго першыя ўражанні якраз пачынаюцца з мультыплікацыі. І часам нават раней, чым праз кнігі, ён атрымлівае інфармацыю пра навакольны свет праз тыя вобразы, якія мы, мультыплікатары, яму даём. Таму гэта вельмі адказная праца, пра што нам варта помніць. Я чакаю ад анімацыйнай праграмы новых цікавых фільмаў, але хочацца бачыць работы і ў форме традыцыйнай анімацыі. Бо, як паказвае жыццё, напрыклад, анімацыя савецкіх часоў, выпрабаваная дзесяцігоддзямі, і сёння выклікае інтарэс шырокага кола гледачоў.

Таму сачыце за навінамі, праграмай і абавязкова ідзіце на сустрэчу з кінамастацтвам, бо яно заўсёды дае прастору для новых сустрэч, знаёмстваў і адкрыццяў як на вялікім экране, так і за яго межамі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.