Вы тут

Адразу дзве прэм'еры беларускага кіно адбудуцца на «Лістападзе-2024»


На паказах сёлета абяцаюць «кіно са знакам якасці». І вельмі смелае рашэнне ў тым, што на адкрыццё сёлета абралі беларускія прэм'еры. 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі дэманстравалася новая стужка «Чорны замак», што была знятая па матывах Уладзіміра Караткевіча. А 2 лістапада ў кінатэатры «Піянер» на адкрыцці «Лістападзіка» прадэманструецца поўнаметражны анімацыйны фільм у фармаце 3D «Песня Сірын» — прэм'еру яго прымеркавалі менавіта да фестывалю.


Фота Лізаветы ГОЛАД

Адметная назва, што адразу звяртае да міфалагічнасці, зразумелай мясцовым жыхарам, — яны ж гледачы фестывалю: «Песня Сірын. Крылы славянскіх легенд». Нешта, відаць, блізкае, што мае дачыненне да нас... А тут яшчэ і фармат — ваў!.. І рэжысёр Алена Турава, якая паходзіць з сям’і, што мае дачыненне да гісторыі беларускага кінематографа, ды і яна сама — яго адзінка. І айчынная анімацыя — адзін з брэндавых кірункаў беларускага кінематографа. Ну, нібыта ўсё сышлося: трэба глядзець…

Высветлілася, што да рэалізацыі праекта на студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма» ішлі доўга: ад задумы да яе рэалізацыі прайшло чатыры гады. Час немалы, зразумела, што каманда стваральнікаў мянялася, перажыла страты значных асоб, што мелі дачыненне да працы над сцэнарыем і яго ажыццяўленнем, бо гісторыя няпростая. І ў гэтым палягае галоўная інтрыга, што стаіць за гэтай прэм’ерай:

— Для нас важна было пазнаёміць гледачоў з найцікавейшым пластом славянскай міфалогіі, пантэонам яе міфалагічных істот і багоў. У адрозненні ад старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх, егіпецкіх і багоў паўночных скандынаўскіх народаў нашы не так шырока вядомыя, але могуць прыцягнуць увагу. Мне здаецца, гэта магло б быць нашым брэндам, — адзначыла рэжысёр Алена Турава.

І напэўна, беларускаму гледачу, у тым ліку маленькаму, не трэба доўга тлумачыць сэнс свята Купалля. А яно, паводле фільма, можа не адбыцца, бо злая Паляндра (багіня смерці) захапіла Купалу і намагаецца разбурыць баланс, які існуе ў свеце паміж рознымі яго ўзроўнямі, за кожным з якіх — насельнікі з пэўнай зонай адказнасці. Не адбудзецца свята без Купалы — знікне святло, без якога не можа існаваць усё жывое. І нават папараць-кветка не падорыць нікому надзею на цуд — яна ж купальская…

Можна было б стварыць гісторыю, у якой міфічныя істоты разбіраюцца паміж сабой, а мы назіраем за гэтым збоку. Бо Пярун і Вялес, якія калісьці супернічалі за каханне Макошы, цяпер аднолькава зацікаўлены ў пошуку Купалы, як і яго сястра, светлая дзяўчынка Кася-Кастрама. А чароўныя птушкі Гамаюн і Алканост, валодаючы дзіўнымі спевамі, разумеюць, чаму Песня трэцяй іх сястры Сірын такая сумная, — і яны, валодаючы магіяй, давяраюцца рэальным дзеянням тых, хто гатовы кінуць выклік злым сілам. Уявіце сабе, гэта звычайныя хлопчыкі з чалавечага свету, якія ва ўсіх гэтых дзіўных істот не асабліва верылі, — ну нейкія даўнія байкі, альбо героі, вартыя коміксаў. А калі нехта ў нечым моцна сумняваецца, то жыццё яго прымусіць паглыбіцца і зразумець. Ды нават больш — паспрыяць вышэйшай справядлівасці сваім удзелам. Таму што дабро — свядомы выбар кожнага. У любым — фантастычным ці рэальным свеце. Але мяжа паміж імі для двух сучасных хлопчыкаў аказалася незаўважная.

Разбурыць злыя чары прыйдзецца Мацею і Змітру. Адзін з іх захапляецца коміксамі, а другі — арніталогіяй, і, каб зняць на тэлефон рэдкую дзіўную птушку, гора-блогер і яго сябар трапляюць у дзівосныя прыгоды і вымушаны зразумець, чаму ж птушка Сірын так горка плача.

За час фільма гледачы не толькі сочаць за неверагоднымі прыгодамі, але і знаёмяцца з «зонай адказнасці» кожнага з міфалагічных персанажаў — а гэта магчымасць уцягнуць дзяцей у беларускую культуру і міфалогію, імёны багоў якой мы чуем. Стваральнікі, праўда, падкрэсліваюць — «у славянскую культуру»: анімацыйны фільм, напэўна, пастараюцца прасунуць на кінарынкі некаторых блізкіх краін, дзе ён будзе зразумелы, таму што ўсе героі, і нават наш Купала, гавораць па-руску. Як і песні гучаць на рускай мове (Алена Турава ў творчым асяроддзі вядомая яшчэ і як аўтар тэкстаў папулярных песень, тут ёй у гэтым дапамагаў кампазітар Леанід Шырын і папулярныя ў Беларусі артысты). Але ў апавяданне ўплецены традыцыйныя беларускія сімвалы, узоры, малюнкі, якія змяняюць адзін аднаго, нібыта круцяцца ў карагодзе ці калейдаскопе, яны з’яўляюцца своеасаблівымі «лірычнымі адступленнямі».

І тут нават дзіця беспамылкова зразумее, што гэта за культура (бо многія з гэтых сімвалаў цяпер навідавоку — ці то ў нейкай прадукцыі кшталту цукерак, ці то ў сувенірах і г. д). Цікава было б паглядзець, як на іх адрэагуюць маленькія гледачы з іншых (нават блізкіх) краін.

Вядома, для нас галоўнае, каб беларускія дзеці лепш зразумелі сутнасць змагання дабра і зла. Што датычыцца апошняга, то Паляндра — вобраз сапраўды жудасны, нават для дарослага (а як адрэагуюць на гэтае «чорнае чарноцце» дзеці?). А Купала — прыгожы хлопчык у кашулі з арнаментам, але мы да пэўнага часу не здагадваемся, што менавіта ён у выглядзе сабакі суправаджаў у падарожжы прасунутых сучасных дзяцей. Ці значыць гэта, што дабро так ці інакш спрыяе тым, хто гатовы быць на яго баку? Разважаць (калі не збегчы ад Паляндры падчас прагляду) будзе пра што. У тым ліку і пра тое, як зроблены гэты фільм, як намаляваныя героі ды ўвасоблены чароўныя сусветы.

Стваральнікі вельмі імкнуліся ўразіць дзівосамі, якія даюць сучасныя тэхналогіі. Цяпер шмат такога ў замежным кіно — ну дык і мы можам. У дадзеным выпадку мы назіраем некалькі ўзроўняў анімацыі: ад коміксаў і класічнай у фармаце 2D да 3D. Кожны з гэтых відаў мае сваё прызначэнне і адказвае за пэўны ўзровень ці культурны пласт. Галоўнае, каб яны не сышлі ў цень за 3D-эфектамі, якія здольныя заваражыць так, што і ў рэальнасці захочацца казкі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: «Лістапад-2024»: акцэнт на беларускія прэм’еры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».