Удзел у аднаўленні лясоў — наш дастойны ўклад у будучыню. Пра гэта заявіў намеснік Міністра прамысловасці Андрэй Кузняцоў, які ўзяў удзел у акцыі «Дай лесу новае жыццё!», паведамілі ў прэс-службе Мінпрама.
Каля 8 тыс. саджанцаў высадзілі сёння работнікі Міністэрства прамысловасці ў Жлобінскім раёне. На дзялянцы плошчай 1,6 га яны працавалі з самай раніцы. «Дэсант Міністэрства прамысловасці прыехаў з Мінска з добрым настроем. Мы робім надзейны ўклад у будучыню. Лес, высаджаны сёння, вырасце праз некалькі дзясяткаў гадоў», — сказаў намеснік Міністра прамысловасці Андрэй Кузняцоў.
Жлобінскі раён — адзін з самых пацярпелых у вобласці ад ліпеньскага ўрагану. Акрамя таго, у Жлобіне знаходзіцца важнае для краіны прадпрыемства — прамысловы гігант Беларускі металургічны завод. Гэтыя два фактары сталі вызначальнымі для Мінпрама пры выбары месца для ўдзелу ў рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Лес аднаўляюць па адмысловай тэхналогіі: дзевяць шэрагаў хвоі і адзін шэраг бярозы. Крок пасадкі складае 60 см.
«Прадпрыемствы Мінпрама дружна і актыўна адгукнуліся на ініцыятыву Прэзідэнта. І на сёння, паводле папярэдняй інфармацыі, у рамках акцыі агульнымі намаганнямі пасаджана больш за 317 тыс.зялёных насаджэнняў, а ў акцыі прынялі ўдзел не менш за 2,5 тыс. работнікаў прадпрыемстваў Мінпрама. І гэта не канчатковыя лічбы, лесааднаўленчыя работы прадаўжаюцца», — адзначылі ў прэс-службе.
Акрамя таго, калектыў усклаў кветкі да мемарыяла «дзецям — ахвярам вайны» ў Чырвоным Беразе. «Гэты мемарыял — прамы доказ нечалавечых зверстваў фашысцкага рэжыму. Ад усёй душы хочацца пажадаць усім беларусам і асабліва дзецям моцнага здароўя і мірнага неба над галавой. Наш агульны абавязак — захаваць мір і спакой у нашай цудоўнай сінявокай Беларусі», — падкрэсліў Андрэй Кузняцоў.
Прэв’ю: Мінпрам
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.