Вы тут

Святло двайной зоркі на сцэне Купалаўскага тэатра


Калі пішаш пра гісторыю Купалаўскага тэатра, якая налічвае цэлы век, увесь час сустракаешся з тэатральнымі дынастыямі, з тымі сувязямі, якія ўзнікалі паміж творчымі людзямі. Так здарылася, калі я пісала пра Уладзіміра Уладамірскага, чыя жонка была актрысай, сын і ўнук таксама сталі акцёрамі. Так было з Лідзіяй Ржэцкай, жонкай калегі па сцэне Льва Рахленкі, з Барысам Платонавым, жанатым з актрысай Ірынай Ждановіч, дачкой заснавальніка тэатра Фларыяна Ждановіча... Сярод дакументаў, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, трапіліся мне дзве анкеты — актрысы Веры Пола і тэатральнага мастака Барыса Малкіна. Яшчэ адна пара сужэнцаў, якія звязалі жыццё з беларускім тэатрам. Людзі легендарныя, якіх варта ўспомніць.


Спатканне на сцэне

«Родилась я в 1901 году в Минске, в семье инспектора народных училищ Мемпонова Н. Ф. Мать моя Мемпонова А. Н. — домашняя хозяйка. Училась в минской Мариинской гимназии, гимназию не закончила. В 1922 году поступила в Белорусский драматический театр — ныне Государственный театр имени Янки Купалы».

Так пачынаецца аўтабіяграфія народнай артысткі БССР Веры Пола.

«Я, Борис Евсеевич Малкин, родился в 1908 году в городе Прилуках Полтавской губернии. Мой отец — рабочий-наборщик, умер в 1939 году. Моя мать — домашняя хозяйка, в данное время проживает в г. Свердловске. Мой брат — участник Великой Отечественной войны, убит в 1942 году».

Гэта пачатак аўтабіяграфіі Барыса Малкіна. Былую мінскую гімназістку і сына наборшчыка, маладзейшага на сем гадоў, сутыкнуў Купалаўскі тэатр, куды Барыс Малкін трапіў на работу ў 1937-м. У абаіх за спінай меўся не самы шчаслівы досвед асабістага жыцця. Экзатычнае прозвішча Пола дасталося Веры ад першага мужа, опернага спевака — ён быў па паходжанні, здаецца, часткова іспанец. А Барыс Малкін рана застаўся ўдаўцом, выхоўваў маленькую дачку Лідзію — Вера Пола стала для яе адданай маці.

У архіве захоўваецца дыпломная работа студэнта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута К. Гусева пад назвай «Щедрые россыпи таланта». Тэма — творчасць народнай артысткі БССР Веры Пола. На першай старонцы — надпіс: «Дорогая Вера Михайловна! Спасибо за ваш бесценный творческий труд. К. Гусев. 24.06.1967 г.». Мяркуючы па ўсім, будучы тэатразнаўца збіраў звесткі непасрэдна ў Веры Пола, таму напісанаму ім варта верыць. Вось што там гаворыцца пра пачатак шляху актрысы на сцэну БДТ-1:

«Шла репетиция спектакля „Ученик дьявола“ („Апостол сатаны“) Б. Шоу. Е. А. Мирович что-то объяснял актерам, кого-то распекал... В этот момент в сопровождении директора театра М. Гурского вошла молодая женщина, стройная, с красивым нежным овалом лица и гордой посадкой головы. Ее большие выразительные глаза приковывали внимание. Присутствующие поддались ее очарованию. Была прервана репетиция, что редко случалось по вине посторонних. Режиссер подошел к ней, ласково поздоровался. У гостьи оказался звучный, бархатистый голос. Подумалось, что наконец-то пришла долгожданная героиня, актриса на драматические роли, в которой нуждался театр. Но тотчас же выяснилась ошибка. Гостья оказалась не актрисой, а певицей, зачисленной в хор театра. Это была Вера Николаевна Полло, которая в 1922 году впервые пришла в театр по объявлению о наборе певцов в театральный хор. Вряд ли она тогда серьезно думала о профессии актрисы. Ее желанием было развивать свои вокальные способности. Но, видимо, по-иному решил Е. А. Мирович. Раз увидав ее, он уже не выпускал ее из поля своего зрения».

У хуткім часе Міровіч прапанаваў Веры Пола ролю ў спектаклі... І пачаўся шлях новай беларускай тэатральнай зоркі. Пола выступала і як спявачка, яна выдатна выконвала беларускія народныя песні. У спектаклі па п’есе Міхася Чарота «На Купалле» была адной з русалак, у спектаклі Міровіча «Машэка» спевы Веры Пола сталі фонам кахання галоўных герояў... Але найяскравей развінуўся талент актрысы ў камедыях. Дасюль глядач успамінае Агату ў «Паўлінцы», з гэтым яе «тудэма-сюдэма»... У артыкуле вядомай тэатразнаўцы Людмілы Саянковай цытуюцца словы Веры Пола: «Перад спектаклем з народнага жыцця я збірала ў вясковых сваякоў лапці, фартухі, кашулі. Агату і дагэтуль іграю ў кашулі, вытканай маёй бабкай, з аздобай на рукавах. Ад маці вучылася і жывой народнай гаворцы, інтанацыі голасу».

«Лодка, у якой я „памірала“, павольна напаўнялася ледзяной вадой»

Былі і ролі ў кіно — іх да крыўднага мала, але ўсе знакавыя: у стужках «Паўлінка», «Несцерка», «Пяюць жаўранкі»... У БДАМЛІМ захоўваецца рукапіс успамінаў Веры Пола пра яе першую ролю ў кінафільме Малчанава «Хвоі гамоняць»:

«Гэта было ў 1929-м годзе. Тады я была маладой артысткай першага беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер тэатр імя Янкі Купалы). Група таленавітых беларускіх пісьменнікаў-маладнякоўцаў — Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі і Анатоль Вольны працавалі над стварэннем сцэнарыяў першых беларускіх кінастужак. Рэжысёр Малчанаў запрасіў мяне на ролю гераіні ў адным з самых першых беларускіх фільмаў «Хвоі гамоняць». У аснову сцэнарыя лягла вядомая тады аповесць Вольнага «Два». Можаце сабе ўявіць, якое хваляванне ахапіла мяне: гэта ж была мая першая роля ў кіно! І такая адказная! Я павінна была іграць вясковую дзяўчыну Алеську, бліжэйшую паплечніцу партызанскага важака, атамана Асы. Ролю якога выконваў вопытны ўжо тады кінаакцёр Капралаў. Нават і цяпер, маючы такі вялікі вопыт работы і ў тэатры, і ў кіно, я б хвалявалася не менш, бо роля партызанкі Алесі, адданай дачкі беларускага народа, вымагала гранічнай шчырасці і праўды пачуццяў ад выканаўцы... Я лічу, што мне дужа пашанцавала: мае першыя крокі ў кіно былі зроблены пад кіраўніцтвам сапраўдных майстроў кінамастацтва. Даволі сказаць, што кінааператарам, які здымаў наш фільм, быў вядомы Казлоўскі, Мікалай Феафанавіч Казлоўскі — па сутнасці, заснавальнік аператарскага майстэрства. Ён яшчэ здымаў некалі першых рускіх кіназорак — Веру Халодную, Максімава, Худалеева, Палонскага... Сярод выканаўцаў фільма беларускіх прафесіянальных акцёраў, апроч мяне, амаль нікога не было. У ролі панны Ямбржыцкай здымалася жонка беларускага паэта Міхася Чарота Аня Кудзелька... Здымалі мы нашу карціну ў маляўнічых мясцінах Беларусі: у Гомелі, у палацы і парку Паскевіча і ў Навабеліцы, дзе былі зроблены ўсе натурныя здымкі. Тут здымаўся цудоўны лес: здавалася, хвоі сапраўды гаманілі з намі.

Хоць, калі праўду казаць, здымацца было не заўсёды лёгка. Мая гераіня гінула ад варожай кулі, лежачы ў лодцы. І калі лодка, у якой я «памірала», павольна напаўнялася ледзяной вадой — гэты эпізод здымаўся ў кастрычніку, — можаце ўявіць сабе маё адчуванне…

Праўда, пасля мяне напаілі каньяком, расцерлі спіртам, закруцілі ў вялікі дыван. І ў такім выглядзе адправілі дадому…

Не ведаю, ці згадзілася б я сёння на такое выпрабаванне…

А можа, і згадзілася, хто яго ведае... Не так ужо часта дастаюцца нам, беларускім акцёрам, ролі ў беларускіх фільмах…

Выдам адну «таямніцу»: калі ў акцёраў паваліла клубамі пара з роту, працягваць здымкі на радзіме стала немагчыма. І мы знайшлі нашу беларускую рэчку... у ваколіцах Тбілісі».

«Штоб вам заўсёды было, што даваць»

У Барыса Малкіна мелася свая прыказка па жыцці: «Што б вам заўсёды было, што даваць». Дачка Лідзія сведчыць: «Мои родители всегда совершали гражданские поступки, потому что им было стыдно их не совершать: их спасало всегда чувство гадливости к подлости. Не из чьих рук они никогда не ели, не завидовали деньгам. Они стремились жить интересно, и это было важнее, чем жить хорошо».

Барыс Малкін удзельнічае ў дзясятках выстаў, афармляе кнігі, працуе над спектаклямі. Вера Пола заваёўвае любоў гледачоў, атрымлівае званне заслужанай артысткі БССР і ордэн Знак Пашаны…

Пачалася вайна.

Барыс Малкін пайшоў на фронт адразу ж, у першы дзень. Як капітан танкавых войскаў удзельнічаў у баях пад Смаленскам і Масквой. Быў паранены... Пасля чаго вярнуўся да працы мастака. У архіве захоўваецца пасведчанне асобы Малкіна Барыса Яўсеевіча, які знаходзіцца на дзейнай ваеннай службе ў Палітупраўленні Заходняга фронта. Пасада — мастак часопіса «Франтавы гумар». Ёсць у архіве і некалькі ўзораў яго твораў таго часу — майстэрскія малюнкі, з’едлівыя да ворага. У 1943 годзе Барыс Малкін ізноў працуе ў эвакуіраваным родным тэатры, дзе і Вера Пола, якая далучаецца да франтавых брыгад.

Вось водгук ад 18 ліпеня 1943 года за № 241 палітаддзела арміі аб працы брыгады артыстаў Першага беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга драматычнага тэатра, у складзе якой і Вера Пола. Акцёры далі ў часцях арміі 65 спектакляў і 71 канцэрт.

«Все спектакли и концерты проходили с большим успехом. Артисты работали с неослабевающей энергией и обеспечивали высокий художественный уровень постановок. Артисты мужественно переносили опасности, связанные с работой бригады в частях переднего края, в непосредственной близости к противнику, а также трудности переездов по фронтовым дорогам».

Купалаўскі тэатр працуе ў Томску. Вера Пола ўспамінае: «Памятаю нараджэнне „Паўлінкі“. 1943 год. Сібір. Беларусь змагаецца супраць фашысцкіх акупантаў. Жыццесцвярджальны пафас купалаўскага твора адпавядаў тады нашым запаветным марам. Гэта і спрыяла таму, што атрымаўся яркі, самабытны, усхваляваны спектакль. Пастаноўку яго ў дэкарацыях Барыса Малкіна ажыццявіў выдатны рэжысёр Леў Літвінаў».

Самае цяжкае ў тым, што ні Барыс Малкін, ні Вера Пола не ведалі пра лёс дачкі Лідзіі, якая засталася ў Беларусі. Знайшлі яе толькі пасля вызвалення, у вёсцы пад Мінскам.

«Отец не боялся ничего»

Жыццё нібыта наладжваецца... У 1952 годзе Вера Пола становіцца народнай артысткай БССР. Барыс Малкін — адзін з самых вядомых графікаў рэспублікі. Сакрэт яго манатыпій, асаблівага віду графікі, дагэтуль не разгаданы — мастак карыстаўся лакамі ўласнай вытворчасці. Пасля вайны ён узначальвае аддзел мастацкага афармлення Дзяржаўнага выдавецтва БССР, афармляе часопіс «Чырвоная Беларусь» і шматлікія знакавыя кнігі — «Над ракой Арэсай» Купалы, зборнік Цёткі, паэму Пушкіна «Яўген Анегін». Працягвае афармляць спектаклі. Узначальвае Беларускі мастацкі фонд. Яго працы, між іншым, трывала ўвайшлі і ў наша паўсядзённае жыццё: этыкетка гарэлкі «Крышталь», эмблемы Мінскага трактарнага завода і велазавода, інтэр’ер салона-магазіна «Паўлінка».

Вось урывак з успамінаў Лідзіі Малкінай: «Отец не боялся ничего. Помню, как в тревожном 1947 году он встретился лицом к лицу с вооруженными бандитами (их было восемь человек), спас меня и какую-то женщину, которую они успели раздеть и собирались изнасиловать. Они зверски избили отца, но он запомнил их лица и, не боясь отмщения и угроз военного командования Белоруссии, боявшегося запятнать честь армии, нашел их в строю».

Так, у мірным жыцці не ўсё было гладка. Вучнёўскі сшытак у лінейку ўвесь спісаны няроўным, нервовым почыркам: чарнавік скаргі Веры Пола, датаваны 1955 годам. «В моей жизни произошли события, которые лишили меня, скажу прямо, здоровья: как вам всем известно, я должна была в Польше играть в двух спектаклях „Жаворонки“ и „Ромео“ (гаворка пра ролі ў спектаклях „Пяюць жаўранкі“ і „Рамэо і Джульета“ — Л. Р.). Перед самой поездкой в Польшу репетировали куски с Ивановым вместо Кравцова и почему-то всегда назначалась С. Так как я всегда была основной исполнительницей кормилицы, я подошла к Г. и спросила, почему это так. Он ответил, что у кормилицы там пара фраз, и сказал меня не беспокоить».

Карацей, увесь сшытак — крык душы актрысы, якой не даюць новых роляў, а яе ролі адбіраюць і даюць іншым, а час ідзе, дабаўляецца ўзрост... Кіраўніцтва адмахваецца, высмейвае жаданне актрысы зрабіць пластычную аперацыю... «Разве физическая молодость актера есть уже лицензия на талант, разве чувства молодого, нового принадлежат только молодым? — у адчаі пытаецца аўтарка скаргі. — За 15 лет, поймите, я была занята только в двух (спектаклях)... Почему я выброшена за борт, как балласт?.. Я не возражаю, давайте другого плана, это интересно, но не ищите поводов, чтобы лишить актера возможности показать себя, поселить творческую неуверенность, во что бы то ни стало снивелировать по всем статьям...»

Сумна чытаць такія дакументы... Але сцэнічнае жыццё Веры Пола не перарвалася, з’явілася яшчэ шмат цікавых роляў... А Барыс Малкін стаў ахвярай барацьбы з касмапалітызмам. Пераследвалі яго зацята, нават знялі фота з дошкі мастакоў-франтавікоў. Працаваў у стол — але ствараў, ствараў свае цудоўныя манатыпіі... Пра стары Мінск, які на яго малюнках ператвараецца ў казачнае, таямнічае месца, на тэму «Караля Ліра»... З жыцця сышоў у 1972 годзе. Вера Пола перажыла яго на сямнаццаць гадоў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».