Вы тут

Якую небяспеку тоіць тэфлон?


Сёння ў магазінах прадстаўлены шырокі асартымент посуду, выкананага з розных матэрыялаў. У апошнія гады асаблівай папулярнасцю ў хатніх гаспадынь карыстаюцца патэльні з антыпрыгарным пакрыццём — тэфлонам. Што яно з сябе ўяўляе і наколькі бяспечнае для здароўя? Чаму ў свой час такое пакрыццё выклікала скандал ва ўсім свеце? Пра гэта расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, член Беларускага саюза журналістаў Гумен Гарбанніджад.


— Гумен, раскажыце, як з’явіўся тэфлон.

— Трэба сказаць, што посуд адыгрывае ў нашым жыцці вялікую ролю і здаўна суправаджае чалавека. Калі падчас археалагічных раскопак знаходзяць гліняны посуд, гэта сведчыць пра тое, што там жылі людзі. Раней сапраўды асноўным матэрыялам для вырабу посуду была гліна, якая мела шэраг карысных уласцівасцяў. Напрыклад, у гарачых краінах гліняны посуд, у якім захоўвалі ваду, працаваў як міні-халадзільнік, бо гліна, дзякуючы сваім уласцівасцям, ахалоджвала вадкасць.

Састаў посуду мае вялікае значэнне для нашага здароўя і можа стаць прычынай хвароб. Нават першабытны гліняны посуд мог нашкодзіць, калі ў саставе ўтрымліваліся цяжкія металы, якія падчас гатавання і захоўвання ежы маглі ўступаць з ёй у рэакцыю і траплялі ў арганізм. У той час, вядома, не было лабараторый, каб ацаніць якасць гліны.

Гісторыя развіцця посуду дастаткова доўгая, выкарыстоўваўся і медны, і алюмініевы. Сёння адзін з найбольш зручных — з антыпрыгарным пакрыццём. Ён ёсць амаль на кожнай кухні і падабаецца гаспадыням за тое, што ежа да яго не прыліпае.

Гісторыя антыпрыгарнага пакрыцця пачалася ў 1802 годзе, калі амерыканскі хімік Рэне Дзюпонт адкрыў завод па вытворчасці пораху. У 1861 годзе, калі ў Амерыцы пачаліся грамадзянскія войны, ён быў адным з самых паспяховых вытворцаў, а амаль 1,5 мільёна ахвяр загінулі ад патронаў з порахам, вырабленым на заводзе Дзюпонта. Сям’я стала адной з самых багатых у Амерыцы. Пазней на заводзе пачалі вырабляць іншыя тавары ваеннага прызначэння, у тым ліку пластыкавыя.

У 1938 годзе адзін з хімікаў, які працаваў на гэтым заводзе, — Рой Планкет, вынайшаў пластык, які мае назву політэтрафторэтылен, больш вядомы як тэфлон. Спачатку ён выкарыстоўваўся ў ваенных мэтах. Бо патрабавалася пакрыццё, якое абараняе ваенную тэхніку ад глебы, якая наліпае, і бруду, што павялічваюць яе знос.

Заяўлялася, што тэфлон абсалютна бясшкодны і не мае таксічных уласцівасцяў. І хутка ён з’явіўся на кухнях. Пачалася рэклама, і продажы тэфлонавага посуду па ўсім свеце білі рэкорды, так што сам завод Дзюпонта быў не ў стане забяспечыць патрэбныя аб’ёмы вытворчасці. Падключылася яшчэ адна знакамітая кампанія — «3М».

Дзякуючы шырокаму выкарыстанню тэфлонавага пакрыцця ва ўсім свеце гэты бізнес стаў шматмільярдным. Ужо ў той час і кампанія Дзюпонта, і «ЗМ» ведалі, што ў саставе тэфлона ёсць ядавітыя рэчывы, якія нясуць шкоду, але працягвалі вытворчасць. Яны, наадварот, падкрэслівалі, што ён бясшкодны, але пры гэтым «ЗМ» інфармавала, што посуд з тэфлонавым пакрыццём нельга выкідваць у смецце, бо ён можа забруджваць навакольнае асяроддзе, і прасілі ўтылізаваць яго асобна.

— Няўжо не знайшлося лабараторыі, каб устанавіць, што ў састаў тэфлону ўваходзяць шкодныя для чалавека рэчывы?

— Калі размова ідзе пра мільярдны бізнес, спыніць яго дастаткова складана. І ў той час было шмат хімікаў і экспертаў, прычым не толькі ў ЗША, але і ў іншых краінах, якія заяўлялі, што ў саставе тэфлону канцэрагенныя рэчывы, якія выклікаюць рак. Але вытворцы тэфлону або моцна падаўлялі такія галасы, або куплялі іх грашыма. Такія эксперты — і ёсць «пятая калона», якая ў сваёй краіне шкодзіць суайчыннікам.

Калі ў 1961 годзе дырэктары розных участкаў вытворчасці тэфлону заявілі, што іх рабочыя хварэюць і паміраюць ад розных хранічных хвароб, кіраўніцтва скрывала гэту інфармацыю і сачыла, каб яна нідзе не распаўсюдзілася. І гэта працягвалася больш чым трыццаць гадоў — да 1995-га. У той час фермер у штаце Заходняя Вірджынія побач са сваім участкам, дзе праходзіла рака, убачыў двух памерлых аленяў, ніжэй па цячэнні — дзвюх сваіх памерлых кароў. За год колькасць памерлых кароў дасягнула 153. Ветэрынары, якія іх ускрывалі, бачылі, што ў жывёл пашкоджаны ўсе ўнутраныя органы.

Вышэй па цячэнні, за некалькі кіламетраў ад участка фермера, быў адзін з заводаў Дзюпонта. Звароты на прадпрыемства поспеху не прынеслі. Як і звароты да мэра і ў многія іншыя інстанцыі. У выніку фермер паехаў у іншы штат і звярнуўся да адваката Роберта Білата. Той запрасіў некалькі незалежных хімікаў, яны пабачылі, што ў раку з завода праз трубу паступае зялёная вадкасць, і ўзялі пробы. Адвакат напісаў скаргу на завод. Аднак адвакаты Дзюпонта пастараліся павярнуць справу так, што не завод вінаваты, а прычына ў тым, што фермер няправільна карміў сваіх кароў, і справу закрылі.

Тады адвакат накіраваў пробы вады ў ЕРА (Агенцтва па абароне навакольнага асяроддзя). Дзюпонт у рэшце рэшт вымушаны быў прызнаць віну, што ў кароткі час быў выкід шкодных рэчываў, і фермеру пакрылі страту. Інфармацыя трапіла ў СМІ і выклікала вялікі скандал. Пасля гэтага ЕРА выпісала штраф вытворчасці Дзюпонта на 16,5 мільёна долараў. Аднак для завода са шматмільярдным даходам гэта была дробязь.

Праўда, справа з дапамогай СМІ набывала ўсё большы абарот, і ў выніку завод спыніў вытворчасць тэфлону. Але паралельна адкрыў іншую, крыху змяніўшы формулу і перайменаваўшы тэфлон у Gеnех. У рэшце рэшт пасля шырокага абмеркавання ў 2008 годзе продаж тэфлону ў Еўропе быў забаронены, а ў ЗША — у 2013-м.

— Але посуд з антыпрыгарным пакрыццём ёсць усюды, і мы яго штодзень выкарыстоўваем. Наколькі сёння гэта бяспечна?

— Тэфлон дагэтуль прадаецца, вакол яго шмат абмеркаванняў, але на дадзены момант лічыцца, што пакуль пакрыццё не пашкоджана, не мае мікратрэшчын, канцэрагенныя рэчывы адтуль не выходзяць. Але калі на патэльні з’яўляецца першая драпіна, карыстацца такім посудам небяспечна. Таму патрэбныя спецыяльныя прыстасаванні для такога пакрыцця — адмысловыя лапаткі і інш. Нават губка для мыцця мае два бакі: жорсткі — для звычайнага посуду, мяккі — для тэфлону.

Такім чынам, калі размова ідзе пра шматмільярдны бізнес, у новым сусветным парадку ні перад чым не спыняюцца, у тым ліку не шкадуюць здароўя людзей. Самае галоўнае, каб эканоміка рухалася наперад, прыносячы прыбытак.

— Адзін прыклад можна лічыць выпадковасцю…

— Насамрэч такіх прыкладаў шмат. З 1911 года Уільям Проктэр вырабляў баваўняны алей для масляных лямп, якія тады шырока выкарыстоўваліся. Пасля распаўсюджання электрычнай лямпачкі баваўняны алей стаў незапатрабаваны. Яго пачалі вырабляць у цвёрдым выглядзе, і, калі спадар Проктэр убачыў, што яно падобна на сметанковае масла, было прыдумана масла Сrіskо, больш вядомае ў нас як маргарын. Яго сталі шырока рэкламаваць як альтэрнатыву сметанковаму маслу. Тэмпература таплення маргарыну адрознівалася ад сметанкавага масла, ён быў зручны для кулінарыі пры вырабе печыва, тортаў, крэмаў.

У 1960 годзе гэты бізнес каштаваў 100 мільярдаў долараў. Аднак урачы пачалі біць трывогу і казалі, што прычынай шматлікіх інфарктаў міякарда, колькасць якіх імкліва павялічвалася, з’яўляецца маргарын. У прыватнасці, транстлушчы, што знаходзяцца ў яго саставе. Аднак кампанія Рrосtеr&Gаmblе ахвяравала 1,5 мільёна долараў на развіццё Асацыяцыі кардыёлагаў ЗША. І яна ператварылася ў нацыянальную арганізацыю. Не дзіўна, што пасля гэтага Нацыянальная асацыяцыя кардыёлагаў заявіла, што маргарын лепшы і больш карысны, чым масла жывёльнага паходжання.

У цяперашні час у такіх краінах, як, напрыклад, Канада, Данія, Швейцарыя, транстлушчы прадаваць забаронена, бо яны нясуць вялікую шкоду сардэчна-сасудзістай сістэме: забруджваюць сасуды, ад чаго людзі атрымліваюць інфаркты міякарда. Штогод ад выкарыстання маргарыну і транстлушчаў гіне 280 тысяч чалавек.

— Чаму становяцца магчымымі махінацыі ў такім маштабе?

— На згаданым з тэфлонам прыкладзе мы бачым, як у межах аднаго горада чалавек імкнецца дабіцца сваёй праваты, але нічога не атрымліваецца, і яму трэба звяртацца ў іншы штат і там шукаць адваката. Пры гэтым размова ідзе аб атручванні вялікай колькасці людзей.

Насамрэч уладальнікі шматмільярдных бізнесаў з’яўляюцца стваральнікамі новага сусветнага парадку. І калі свет не будзе шматпалярным, калі адна група людзей ці краіна будзе ўсім кіраваць, такія сітуацыі могуць паўтарацца. У шматпалярным свеце больш шанцаў іх пазбегнуць.

Сучасная эканоміка будуецца на спажыванні. Чым больш мы набываем, тым больш працуе эканоміка, тым больш сродкаў можна зарабіць. Але гэта тупіковы шлях, бо рэсурсы на нашай планеце небясконцыя. Каб паглядзець, як гэта працуе, давайце ўявім, што будзе, калі ў адным умоўным горадзе перасадзіць людзей з машын на веласіпеды. Яны не набываюць аўтамабілі, значыць, не бяруць крэдыты. Акрамя таго, не страхуюць машыны, не набываюць бензін, запчасткі, не плацяць за стаянкі і нават менш звяртаюцца да дактароў і ў аптэкі, бо не маюць лішняй вагі. Вось які ўрон можа прынесці эканамічнай сістэме аднаго горада толькі адно дзеянне па адмове ад палітыкі спажывання.

Пры гэтым заўважце, што людзі, якія з’яўляюцца прычынай многіх смерцяў на планеце, ніяк не пакараны. У новым сусветным парадку ўсе міжнародныя судовыя структуры з’яўляюцца рычагом кіравання. Той, хто прыносіць выгаду і шмат грошай, ніколі туды не трапіць. А калі выгады няма, кожнае дзеянне — гэта суд і трыбунал, і вінаватыя будуць знойдзены. Многія называюць гэта двайнымі стандартамі. Насамрэч двайных стандартаў няма, ёсць тое, што камусьці выгадна.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Чэрці на патэльні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.