Вы тут

Як, калі і дзе сталіца і цэнтральны рэгіён узводзяць аб’екты сацыяльнай інфраструктуры


Штогод у беларускай сталіцы і Мінскай вобласці будуецца і рэканструюецца вялікая колькасць аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Гэта ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама спартыўна-аздараўленчыя і іншыя збудаванні. Такія аб’екты ўзводзяцца ў тых месцах, дзе ёсць неабходнасць. Карэспандэнт «Звязды» высветліў падрабязнасці будаўніцтва названых аб’ектаў.


Аб’екты цэнтральнага рэгіёна

«Сёлета інвестыцыйная праграма будаўніцтва ў Мінскай вобласці даволі вялікая. Аб’ём сродкаў, які закладзены ў яе, перавышае 200 мільёнаў рублёў, — распавёў першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей Быкаў. — Сярод аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры сёлета ўведзены будынак паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы ў Нясвіжы, на стадыі ўводу знаходзіцца і сучасная паліклініка ў Смалявічах. У наступным годзе будуць працягнуты будаўнічыя работы комплексу бальніцы і паліклінікі ў Заслаўі, станцыі пералівання крыві ў Барысаве. Таксама працягваецца будаўніцтва лячэбнага корпуса ў пасёлку Дружны і вялікага хірургічнага корпуса № 2 Мінскай абласной клінічнай бальніцы».

Вялікая ўвага — і будаўніцтву аб’ектаў фізічнай культуры і спорту. «Сёлета ўжо здалі два аб’екты. Гэта прыбудова будынка басейна з пешаходнай галерэяй у Мядзеле і фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзяржынску. Сёння працягваецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў у Крупках і ў вёсцы Лескаўка Мінскага раёна», — адзначыў першы намеснік старшыні.

Аляксей Быкаў расказаў і аб будаўніцтве ўстаноў адукацыі: «Узводзяцца дзіцячыя садкі ў Смілавічах і Лагойску. Плануецца таксама будаўніцтва двух дзіцячых садоў у Мінскім раёне: у Прылуках і Сеніцы. Акрамя таго, сёння ўзводзіцца пачатковая школа — дзіцячы сад у Слуцку, а яшчэ школа на 1020 месцаў у Фаніпалі. Завяршылі і ўвялі ў эксплуатацыю сярэднюю школу на 930 месцаў у Салігорску. Яна будавалася ў рамках праекта з буйнапанэльнага домабудавання, які мы будзем у далейшым прымяняць пры будаўніцтве школ на тэрыторыі Мінскай вобласці. Гэты праект выгадны па тэрмінах будаўніцтва і магчымасцях кампаноўкі пад канкрэтныя ўмовы, неабходныя ўстанове адукацыі. Таксама пачата будаўніцтва школы ў Жодзіне, праектуюцца аб’екты ў прысталічных Прылуках».

У Мінскай вобласці ўзводзяцца і аб’екты сацыяльнай абароны. Як адзначыў Аляксей Быкаў, у наступным годзе плануецца завяршэнне будаўніцтва сацыяльнага цэнтра ў Стоўбцах: «Таксама працягваецца ўзвядзенне будынка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў вёсцы Бараўляны. Яго ўвод у эксплуатацыю плануецца да канца гэтага або на пачатак наступнага года. У 2025 годзе пачнецца будаўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Смалявічах».

На гэтых аб’ектах Міншчына не спыняецца. Ужо складзены перспектыўныя планы на 2025 год. «Заўважу, што аб’ём інвестыцыйных сродкаў, якія ўкладаюцца ў будаўніцтва, у наступным годзе не паменшыцца, адпаведна, тэмпы работ па ўзвядзенні сацыяльных аб’ектаў будзе захаваны», — падсумаваў Аляксей Быкаў.

А што з’явіцца ў сталіцы?

На будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння Мінск выдзяляе немалыя сродкі. Сёлета на ўзвядзенне аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, фізічнай культуры і сацыяльнай абароны будзе выдаткавана каля 460 мільёнаў рублёў. Пра гэта распавяла загадчык сектара капітальных укладанняў камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарвыканкама Наталля Гаўрылава.

«Сёлета былі ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы садок у межах вуліц Скрыпнікава — Адзінцова, школа ў мікрараёне Лябяжы. Завершана будаўніцтва найстарэйшага сталічнага кінатэатра „Перамога“, увялі ў эксплуатацыю псіханеўралагічны інтэрнат „Расток“ для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, пажарнае дэпо ў жылым комплексе „Мінск-Свет“. Да канца года плануецца завяршыць узвядзенне інтэрната для студэнтаў БНТУ, рэканструкцыю стадыёна „Трактар“ і будаўніцтва дзіцячага садка ў Бараўлянах», — адзначыла Наталля Гаўрылава.

Па яе словах, у наступным годзе плануецца ўвод у эксплуатацыю адразу чатырох паліклінік: у пасёлку Усходні, Лошыцы і дзве ў жылым комплексе «Мінск-Свет»: «Акрамя таго, у наступным годзе плануем увесці ў эксплуатацыю аб’ект аховы здароўя на вуліцы Маякоўскага, 31, будаўніцтва якога ўжо працяглы час не можа завяршыць інвестар».

Актыўна забудоўваюцца і гарады-спадарожнікі, у першую чаргу Смалявічы. Будаўніцтва ў такіх населеных пунктах вядзецца сумеснымі намаганнямі Мінска і Мінскай вобласці. Як распавёў першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей Быкаў, будаўніцтва вядзецца за кошт трансфертаў, якія паступаюць у абласны бюджэт, а заказчыкам выступае Мінск. У рамках генеральных планаў прадугледжана ўзвядзенне дзіцячых садкоў, школ у новых мікрараёнах горада.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.