У Беларусі трэба мінімум удвая нарасціць аб’ёмы вытворчасці рапсу. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання аграрыяў падчас фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024» у Мастах, перадае БелТА.
Гаворачы аб поспехах Гродзенскай вобласці ў галіне сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт асобную ўвагу ўдзяліў ураджаю рапсу. У бягучым годзе ў рэгіёне ён рэкордны. Валавы збор склаў 287 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 40 ц/га. «А пачыналі мы 30 гадоў таму ўсяго толькі з шасці — шэсць з паловай цэнтнераў была ўраджайнасць!» — заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што тады ў рапс ніхто не верыў і ён асабіста літаральна прымушаў яго сеяць тых, хто не хацеў думаць стратэгічна. Вучоных кіраўнік дзяржавы заклікаў вывесці айчынныя азімыя сарты. «І мы гэта зрабілі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь сёння асацыіруецца з бязмежнымі жоўтымі палямі. Едзеш — краіна пахне мёдам. Рапс стаў другім золатам».
Таму, паводле слоў Прэзідэнта, напоўнены рапсавым алеем гродзенскі хрустальны зубр заслужана ўпрыгожвае экспазіцыю Палаца Незалежнасці.
«Гэта сапраўды культура сучаснага і будучага. Паколькі рапс — не толькі прадукт харчавання, але і камбікорм, біядызель, сыравіна для кандытарскай і касметычнай галін», — падкрэсліў беларускі лідар.
Беларусь цяпер уваходзіць у топ-10 сусветных экспарцёраў рапсавага алею. Вырабляе каля 1 млн т, прадае больш як на паўмільярда долараў у год. І нават экспартуе насенне ўласнай селекцыі, якога чвэрць стагоддзя таму амаль не было.
«Але давайце гаварыць сумленна: магутнасці нашых прадпрыемстваў па вытворчасці гэтага ўнікальнага прадукту, які супастаўны, а тое і перасягае для нас па сваіх якасцях аліўкавы алей, даюць магчымасць вырабляць у два разы больш. Проста мы дрэнна, мабыць, рэкламіруем гэты прадукт. Не аліўкавы алей трэба ужываць у ежу беларусам, а рапсавы. Я гэта зрабіў, заклікаю і вас. Аграрыі ўсёй Беларусі павінны нарасціць аб’ёмы гэтай культуры як мінімум удвая, — арыентаваў кіраўнік дзяржавы. — Рапс — наш экспартны патэнцыял. Пакуль на рынку ёсць попыт на нейкую прадукцыю, яе трэба вырабляць і прадаваць».
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!