Вы тут

Ад Гродзенскай вобласці чакаюць дадатковых рэзультатаў па новых напрамках


Гродзенская вобласць — у ліку лідараў аграпрамысловага комплексу, але ад яе чакаюць дадатковых вынікаў па новых напрамках. Пра гэта на свяце працаўнікоў вёскі ў Мастах заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, перадае БелТА.


Фота БелТА

«Гродзенская вобласць — адзін з лідараў аграпрамысловага комплексу. Няма такога комплекснага паказчыка, які б ацэньваў і раслінаводства, і жывёлагадоўлю, і меліярацыю, і астатнія напрамкі, якія ёсць у нашага аграпрамысловага комплексу. Але па многіх параметрах шмат гадоў Гродзенская вобласць займае першае месца. Асноўныя ключавыя лічбы сёння Прэзідэнт у сваім дакладзе назваў, і па зборы збожжа, і па ўраджайнасці», — сказаў Дзмітрый Крутой.

Ён звярнуў увагу, што асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на рапсе. «Сапраўды, Гродзеншчына, калісьці пачаўшы эксперымент з гэтай культурай, сёння дабілася самых высокіх паказчыкаў у маштабах рэспублікі ў плане ўраджайнасці, выкарыстання новых тэхналогій і перапрацоўкі. І калі Прэзідэнт казаў пра тое, што нашы магутнасці па рапсе недазагружаныя, ён менавіта казаў пра гродзенскія прадпрыемствы, якія часткова сыравіну нават вымушаныя імпартаваць, але пры гэтым атрымліваць экспартна арыентаваны прадукт і зарабляць для краіны дадатковую валюту», — сказаў Дзмітрый Крутой.

«Вядома, Прэзідэнт ад Гродзенскай вобласці цяпер акрамя гэтай устойлівай класічнай, скажам так, базы сельскай гаспадаркі чакае дадатковых вынікаў па новых напрамках і па новых культурах. Нездарма сёння гучаў белы люпін. Рэгіён займаецца і сояй. Ад вобласці мы чакаем больш сур’ёзнага развіцця праграмы па садоўніцтву. Выдатныя прыклады сёння на падворках мы бачылі, асобныя раёны вельмі добра займаюцца садавінай, яблыкамі ў прыватнасці. І кормяць Беларусь, і пастаўляюць на экспарт. Але гэта павінна быць больш маштабна», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён звярнуў увагу, што Прэзідэнт цікавіўся і работай фермераў, тым, якая падтрымка ім патрабуецца ў рамках наступнай пяцігодкі.

«Вядома, калі казаць у цэлым, то тая невялікая крытыка, якая гучала з вуснаў Прэзідэнта, дазволіць Гродзенскай вобласці дадаць у наступныя гады новыя напрамкі, новыя прадукты. Але па вялікім рахунку сёння большасць прадпрыемстваў знаходзяцца на сярэднееўрапейскім і нават сусветным узроўні, таму толькі рухацца наперад», — даў наказ Дзмітрый Крутой.

Гаворачы аб сакрэце поспеху гродзенскіх аграрыяў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ён заключаецца ў захаванні тэхналогій: «Усё вельмі проста. Прэзідэнт, наведваючы многія гаспадаркі, многія палі, вельмі падрабязна цікавіўся тэхналогіяй (вырошчвання. — Заўвага БелТА) рапсу. Вы ведаеце, ад 11 да 13 агратэхнічных прыёмаў трэба, каб вырасціць паўнавартаснае збожжа з добрай маржынальнасцю. Таму калі ты нейкае адно мерапрыемства прапускаеш, парушаеш, не выконваеш тэрміны, то ўраджайнасць падае крытычна. Рапс — вельмі капрызная ў гэтым плане культура. Гаспадарка, на старце думаючы і ўкладваючы, беручы крэдыты і разлічваючы свой сабекошт, баіцца маштабна займацца, дапусцім, гэтай культурай, але ў выніку атрымлівае вялікі прыбытак. І на наступны год нікога ўгаворваць не трэба. І калі на ўзроўні раёна вызначаюцца пасяўныя плошчы, усе просяць дадаць менавіта рапс».

«Таму Гродзеншчына тут лідар, раней пачалі займацца і раней пачалі выконваць усе тэхналогіі і выкарыстоўваць нашу навуку. Нездарма столькі і Герояў Беларусі, і Герояў сацыялістычнай працы, столькі ўзнагароджаных. Яны і падтрымліваюць высокі ўзровень і не баяцца ўкараняць і выкарыстоўваць навуковыя дасягненні», — сказаў на заканчэнне Дзмітрый Крутой.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.