Знаёмства школьнікаў з міліцэйскай вышэйшай навучальнай установай пачалося на пляцы, дзе свае экспазіцыі гасцям прадэманстравалі падраздзяленні міліцэйскага ведамства. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены тэхніка Дзяржаўтаінспекцыі. Не абышлося без паказальных выступленняў байцоў АМАПа, сваё майстэрства прадэманстравалі кінолагі з гадаванцамі Дэпартамента аховы. Паназіраць удалося і за рукапашным боем курсантаў акадэміі.
Свае выставы арганізавалі і іншыя ведамствы, для якіх акадэмія рыхтуе кадры. У Дні адкрытых дзвярэй паўдзельнічалі і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, і навучэнцы двух спецыялізаваных ліцэяў МУС. З самай раніцы гасцей сагравала палявая кухня.
У актавай зале гледачам паказалі фільмы пра факультэты. Госці паразмаўлялі з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі прыёмнай камісіі — іх цікавіў парадак паступлення ў ведамасныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, у полі зроку абітурыентаў — медыцынскія патрабаванні і адукацыйны працэс.
Начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ адзначыў, што на такіх мерапрыемствах, як гэтае, курсанты праводзяць экскурсіі па навучальным корпусе, паказваюць цір, спартыўныя залы, навучальныя аўдыторыі.
«Заўсёды імкнемся зрабіць гэты дзень максімальна яркім і карысным, не прапускаем магчымасці паказаць нашы навінкі, — паведаміў ён. — У кастрычніку мы заключылі дагавор з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры аб сеткавай форме ўзаемадзеяння, з гэтага навучальнага года пачынаем навучаць курсантаў асновам выкарыстання беспілотнікаў, працягваем рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў па кібербяспецы».
Дадаткова гасцей размясцілі ў дзвюх лекцыйных залах, у кожнай з іх прысутнічалі супрацоўнікі аддзела кадраў, каб разгорнута адказаць на пытанні абітурыентаў. Супрацоўнікі сталічнай міліцэйскай акадэміі падрабязна расказалі пра ўсе тонкасці ўступнай кампаніі і дапамаглі абітурыентам вызначыцца з выбарам прафесіі.
Дарэчы, у наступным годзе ўступная камісія таксама будзе аб’яднаная: у Акадэмію МУС і Магілёўскі інстытут МУС. Ужо 25 чалавек цвёрда вырашылі надзець пагоны і напісалі заявы адразу падчас мерапрыемства. Жадаем поспеху школьнікам, вучням спецыялізаваных ліцэяў, выхаванцам ваенна-патрыятычных клубаў і ўсім, у каго ёсць мара надзець пагоны, зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі!
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Акадэміі МУС
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.