Вы тут

«Беражлівасць — пытанне нумар адзін у адносінах да кадраў»


Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытаннях кадравага забеспячэння сістэмы Міністэрства замежных спраў. На мерапрыемстве, на якім таксама абмяркоўваліся і іншыя пытанні, непасрэдна звязаныя з дзейнасцю Міністэрства замежных спраў, прысутнічалі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Тэртэль і міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.​


Фота БелТА

«З не неба не ўпадуць нармальныя людзі»

Неабходнасць такой сустрэчы, як звярнуў на пачатку размовы Прэзідэнт, звязана з каардынацыяй работы знешнепалітычнага ведамства ў сувязі з прыходам новага міністра. «Я ўпэўнены, што будуць пэўныя карэкціроўкі, перастаноўкі ў самім міністэрстве, таму вельмі важна нам у гэтым плане вызначыцца, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Але адразу хачу сказаць, што, як у ніякім іншым міністэрстве, у Міністэрстве замежных спраў павінны быць беражлівыя адносіны да кадраў. Увогуле ў краіне так павінна быць. Але гэтае міністэрства — гэта асаблівы орган, і беражлівасць — пытанне нумар адзін у адносінах да кадраў».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова і прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі на тым, што пры прызначэнні людзей ні ў якім разе нельга зыходзіць з пазіцыі «прызначаць пад сябе». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён часта пазбягае такога тэрміна, як «каманда». 

Найперш у кадравым пытанні, па словах беларускага лідара, трэба зыходзіць з прафесіяналізму і надзейнасці чалавека. «Мяне ў гэтым не папракнеш, — удакладніў ён. — Калі я стаў Прэзідэнтам, я не зыходзіў з таго, што павінен прызначыць усюды сваіх. Нават тыя, хто быў у штабе альтэрнатыўных кандыдатаў (супраць мяне змагаўся, як мог), засталіся працаваць і вялікія пасады займалі і нармальна працавалі на дзяржаву. Я ўсім даў шанец: працуйце, калі хочаце і можаце. Не — праз год-паўтара нехта сам збег у той складанай сітуацыі, ад кагосьці я адмовіўся».

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — трэба вельмі акуратна будаваць свае адносіны з калектывамі. «Трэба разумець, што з не неба не ўпадуць нармальныя людзі», — патлумачыў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фільтрам у падборы кадраў павінна быць Адміністрацыя Прэзідэнта. 
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прапанавалі разгледзець шэраг прызначэнняў на прасторы СНД, а таксама на далёкую дугу. «Мы дамовіліся, калі еўрапейцы або амерыканцы не хочуць з намі супрацоўнічаць, ну чаго мы рвёмся туды, што мы назначаем туды людзей? — паставіў пытанне Прэзідэнт. — Каб яны ахоўвалі будынак пасольства? Давайце пераарыентуемся. Пераарыентаваліся на галоўныя нашы гандлёвыя рынкі — СНД, далёкай дугі». Кажучы аб падборы кадраў у краіны СНД, кіраўнік дзяржавы прапанаваў выкарыстоўваць вопытных спецыялістаў, якія ўжо сябе добра зарэкамендавалі. Што датычыцца прызначэнцаў у краіны далёкай дугі, то яны, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, павінны валодаць замежнымі мовамі. «Па меншай меры, хаця б англійскую мову павінны ведаць, — удакладніў ён. — Але гэта не значыць, што «ведаю англійскую мову — гэта роўная дарога». У першую чаргу, па словах кіраўніка дзяржавы, дыпламат, які будзе прадстаўляць нашу краіну за мяжой, павінен быць прафесіяналам, чалавекам, адданым свайму народу і дзяржаве.

«Трэба варушыцца для таго, каб прадаць на тых рынках, дзе нас чакаюць»

Кажучы аб знешняй палітыцы, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што яна скарэкціравана з улікам тых шалёных фашысцкіх санкцый, якія ўведзены супраць нашай дзяржавы. «Як я вам калісьці казаў, забудзьцеся пра гэтыя санкцыі, іх няма, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ну а якія санкцыі? Мы пераарыентавалі сваю гандлёва-эканамічную дзейнасць, мы не гіганцкая дзяржава. Прадаём нямала ў адносінах да таго, што вырабляем ўнутры нашай краіны, але гэта не гіганцкія аб’ёмы».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь прадае вялікія аб’ёмы харчовай прадукцыі, попыт на якую ў свеце будзе толькі расце. «Трэба толькі своечасова прапанаваць там, дзе будзе расці гэты попыт, — падкрэсліў ён. — Ды і на традыцыйных рынках. Паглядзіце, у Расіі, Кітайскай Народнай Рэспубліцы попыт на прадукты харчавання прыстойны. Нават у Еўрапейскім саюзе. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што санкцыйны ціск вымусіў краіну пераарыентавацца і цяпер Беларусь паспяхова асвойвае і рынкі краін так званай далёкай дугі. У першую чаргу гэта датычыцца прадуктаў харчавання. «А каб атрымаць мяса, малако (гэта самае харчаванне) патрэбны мінеральныя ўгнаенні і тэхніка, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Навучыцеся, як гэта робяць расіяне, пакаваць у адзін пакет. Хочаце гэта купіць — калі ласка, мы вам прададзім, але купіце ў нас і гэты тавар. І гэта таксама адзін з кірункаў».

Такім падыходам, па словах Прэзідэнта, варта кіравацца і прадаючы сельскагаспадарчую тэхніку, мінеральныя ўгнаенні і іншыя тавары. 

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, рынак, які сёння развіваецца, неабсяжны, маючы на ўвазе ў тым ліку рынкі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыцы, дзе Беларусь паспяхова працуе. «З кім я ні сустракаўся з кіраўнікоў дзяржаў, яны вельмі хочуць з намі супрацоўнічаць, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што мы актыўна вельмі сябе паводзім і ў ШАС, і ў БРІКС». 

Прэзідэнт акрэсліў галоўную задачу, якая стаіць перад Міністэрствам замежных спраў, — гэта гандлёва-эканамічныя адносіны. «Гандаль, гандаль і яшчэ раз гандаль, — падкрэсліў ён. — Потым гэтыя белыя манжэты і каўнерыкі, прадстаўнічыя функцыі і іншыя. Потым — уся палітыка і дыпламатыя. Сутнасць яе ў нашай знешняй палітыцы і дыпламатыі павінна заключацца ў тым, што мы павінны займацца гандлем, гандлёва-эканамічнымі адносінамі». І ўсё гэта, па яго словах, сканцэнтравана ў МЗС.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на кіраўніка ўрада Рамана Галоўчанку, які меў дачыненне да гэтай сферы, ускладзены кантроль у пытаннях прасоўвання гандлёва-эканамічных адносін і кадравага забеспячэння. «Гэта задача, Раман Аляксандравіч, за вамі застаецца як найважнейшая ў кадравых адносінах, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Ды і сёння ў нас былы пасол — кіраўнік Адміністрацыі. Добра ведае, як эканаміст, вытворчасць і ведае, чым павінны займацца. Ну як ніколі міністру замежных спраў складаней у гэтым плане працаваць, бо вакол спецыялісты. Вакол людзі, якія працавалі ў сістэме Міністэрства замежных спраў. Гэта добра».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА.

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ, самы галоўны пасыл Прэзідэнта — не скалачваць ніякіх каманд «пад сябе». Па яго словах, чатыры месяцы на пасадзе кіраўніка знешнепалітычнага ведамства прывялі яго да высновы, што не трэба нешта кардынальна мяняць у кадравых адносінах у сістэме МЗС. «Але ратацыя заўсёды была адным з асноўных прынцыпаў работы дыпламатычнай службы,» — заўважыў Максім Рыжанкоў. 

Па словах міністра замежных спраў, падчас сустрэчы з кіраўніком дзяржавы абмяркоўваліся канкрэтныя кандыдатуры паслоў, пры гэтым кожная разглядалася з пункту гледжання прафесійных якасцяў. «Прэзідэнта цікавілі ўсе аспекты, бо яго адносіны да людзей вельмі трапяткія — нельга страціць за ўсімі гэтымі развагамі пісьменных спецыялістаў, стварыць у каго-небудзь нейкія комплексы», — удакладніў ён і заўважыў, што прапанаваныя кандыдатуры абмяркоўваліся таксама з пункту гледжання патрыятычных адносін. Па словах кіраўніка МЗС, на першае месца сёння выходзяць пытанні адданасці сваёй краіне, свайму народу. 

Як паведаміў Максім Рыжанкоў, размова на ўзроўні кіраўніка дзяржавы выйшла далёка за рамкі кадравага забеспячэння МЗС. У кабінеце Прэзідэнта таксама закраналіся пытанні міжнароднага парадку дня, арганізацыі будучых сустрэч і мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка дзяржавы, адносіны краіны з дзяржавамі СНД і далёкай дугі, развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пераарыентацыя экспартных патокаў, стварэнне ўмоў для прамысловай кааперацыі. 

Максім Рыжанкоў праанансаваў, што плануецца дастаткова вялікі кадравы дзень у сувязі з прызначэннямі ў дыпкорпусе за мяжой. І гэта абсалютна не экстраная сітуацыя і ніяк не звязана з выбарамі. «Некаторы час таму ратацыйны працэс быў упушчаны, і мы сёння вымушаны адразу значную колькасць людзей рыхтаваць да прызначэння», — патлумачыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. 

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб тым, што ратацыйнага прынцыпу ў дыпламатычнай практыцы прытрымліваюцца многія краіны. Найперш каб не дапусціць таго, каб дыпламат трапіў пад уплыў краіны знаходжання. «Кожны чалавек, які жыве ў нейкай краіне, падвяргаецца магутнаму інфармацыйнаму ўздзеянню, натуральна, пранікаецца нейкімі ідэямі, інтарэсамі, чаканнямі, — заўважыў Максім Рыжанкоў. — Вельмі важна, каб вока не замылілася, — гэта раз. І другое, каб яно не пачало глядзець на двухбаковыя адносіны вачыма таго боку, а не нашага. Нават з сяброўскімі краінамі гэта не вельмі добра».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.