Вы тут

Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні сувязей з Панафрыканскім парламентам


Сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі са старшынёй Панафрыканскага парламента Форчунам Чарумбірай прайшла 4 лістапада, паведамляе БелТА.


Фота Палаты прадстаўнікоў

Падчас сустрэчы бакі адзначылі, што мэты Беларусі і краін Афрыкі шмат у чым супадаюць. Гэта мір, эканамічнае развіццё, паляпшэнне дабрабыту грамадзян і ў канчатковым выніку — рэалізацыя Мэт устойлівага развіцця.

«Мы – першачарговы голас народаў Афрыкі. Хачу пахваліць Беларусь як краіну. Мы ведаем, як шмат добрага вы зрабілі і эканамічна, і сацыяльна. Вы – вялікая краіна», — сказаў Форчун Чарумбіра.

«Беларусь праводзіць міралюбную знешнюю палітыку, паслядоўна выступае з аб’яднальнымі ініцыятывамі, накіраванымі на ўмацаванне даверу і плённага супрацоўніцтва», — адзначыў Ігар Сергяенка. Спікер падкрэсліў, што найважнейшая ініцыятыва аб глабальным дыялогу ў мэтах фарміравання новай і ўсёабдымнай сістэмы калектыўнай бяспекі належыць Прэзідэнту нашай краіны, і выказаў надзею на яе падтрымку дзяржавамі Афрыкі.

Сёння плануецца падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Панафрыканскім парламентам, у адпаведнасці з якім парламенту Беларусі будзе прадастаўлены статус назіральніка пры гэтай арганізацыі. Як адзначана ў час сустрэчы, гэта важны крок ва ўмацаванні сувязей, абмене візітамі, правядзенні кансультацый па любых пытаннях, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць.

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што старшыня Панафрыканскага парламента ў любы зручны для яго час можа наведаць з візітам Беларусь. У беларускім парламенце будзе сфарміравана дэлегацыя па ўзаемадзеянні з Панафрыканскім парламентам. У яе склад увойдуць кіраўнікі груп дружбы па супрацоўніцтве з парламентамі краін Афрыкі. Спікер растлумачыў, што ў Нацыянальным Сходзе ўжо дзейнічаюць асобныя групы па супрацоўніцтве з парламентамі Зімбабвэ, Алжыра, Егіпта, Экватарыяльнай Гвінеі, Кеніі, ПАР і адна група дружбы з парламентамі Анголы, Лівіі, Марока, Руанды, Туніса, Судана і Уганды.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў заявіў, што ўзаемадзеянне з Панафрыканскім парламентам як адным з важных органаў Афрыканскага саюза дазволіць прыцягнуць беларускія кампаніі да ўдзелу ў праграмах развіцця Афрыкі, прадугледжаных парадкам дня Афрыканскага саюза на перыяд да 2063 года. Ён таксама выказаў упэўненасць, што развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва будзе садзейнічаць пашырэнне ўзаемадзеяння беларускіх і афрыканскіх парламентарыяў у міжнародных парламенцкіх арганізацыях, перш за ўсё ў Міжпарламенцкім саюзе.

Вялікая ўвага на сустрэчы была ўдзелена пытанням развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Сукупны ВУП Афрыкі складае амаль $3 трлн, што адкрывае вялікія магчымасці ў нарошчванні ўзаемавыгадных эканамічных адносін. Беларускі экспарт у краіны Афрыкі сёлета вырас амаль у чатыры разы. За восем месяцаў ён склаў амаль $1,5 млрд і перавысіў гадавыя паказчыкі папярэдніх гадоў.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва з шэрагам афрыканскіх дзяржаў, у ліку якіх Зімбабвэ, дзе з 2020 года ў партнёрстве з Беларуссю рэалізуецца праграма механізацыі сельскай гаспадаркі. У краіну пастаўлена каля 2 тыс. беларускіх трактароў і камбайнаў. У 2022 годзе ўпершыню за апошнія 50 гадоў Зімбабвэ цалкам забяспечыла сябе збожжам. Сабраны самы вялікі ўраджай пшаніцы – 375 тыс. т. Бакі абмеркавалі магчымыя перспектывы ўдзелу нашай краіны ў сумесных праектах па здабычы карысных выкапняў, развіцці інфраструктуры, механізацыі сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыканскага кантынента.

Бакі таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне ў сферы адукацыйных паслуг. У мінулым навучальным годзе ў Беларусі навучаліся грамадзяне з 33 афрыканскіх дзяржаў, і мы гатовыя нарошчваць супрацоўніцтва па гэтым напрамку, а таксама паглыбляць навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне і акадэмічнае супрацоўніцтва з Панафрыканскім парламентам, установамі адукацыі і арганізацыямі Афрыкі.

«Мы арыентаваны на прадметнае супрацоўніцтва, якое будзе насіць практычны характар. У сваім імкненні да пабудовы мірнай квітнеючай Афрыкі вы заўсёды можаце разлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеянне з беларускімі калегамі. У нашай асобе вы будзеце мець надзейнага партнёра», — канстатаваў Ігар Сергяенка.

Як паведамлялася, дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам па запрашэнні старшыні Панафрыканскага парламента Форчуна Чарумбіры наведвае г. Мідранд (ПАР) для ўдзелу ў чацвёртым пленарным пасяджэнні Панафрыканскага парламента шостага склікання. Беларускаму парламенту ўпершыню ў гісторыі прадастаўлена магчымасць выступіць на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця сесіі ПАП. Праграмай візіту таксама запланаваны сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі з кіраўніцтвам ПАП, Нацыянальнай асамблеі ПАР, кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый краін Афрыкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».