Вы тут

Стартаваў новы сезон «100 ідэй для Беларусі»


4 лістапада стартаваў 14-ы сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Падчас мерапрыемства першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што ў Год якасці важна, каб узрасла якасць праектаў, якія рэалізоўваюцца канкурсантамі.

— Менавіта таму аргкамітэт прыняў рашэнне арганізаваць асобную намінацыю за якасць прапрацоўкі і ўкаранення ідэі ў рэальны сектар эканомікі. Хочацца, каб нашы канкурсанты, а гэта не толькі школьнікі і студэнцкая моладзь, але і маладыя спецыялісты, якія працуюць, праявілі свае веды ў інтэграцыі з установамі адукацыі і навукі, — падкрэсліў ён.

Удзельнікаў мерапрыемства, сярод якіх маладыя вучоныя, прадстаўнікі найбуйнейшых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, чакала цікавая праграма. Так, яны з задавальненнем азнаёміліся з пастаянна дзейнай выставай «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці», дзе прадстаўлены апошнія распрацоўкі беларускіх вучоных, наведалі Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прынялі ўдзел у фарсайт-дыскусіі «Моладзь Беларусі: навука і інавацыі».

Паводле слоў старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова, у Акадэміі навук створаны маладыя акадэміі, у якіх вопытныя вучоныя працуюць з дзецьмі, прычым нават малодшага ўзросту.

— Маладыя акадэмікі пакрокава далучаюць падрастаючае пакаленне да навукі. Дзецям гэта вельмі цікава. У гэтым можна было ўпэўніцца на фестывалі навукі, які праходзіў у Цэнтральным батанічным садзе. Дзяцей не адцягнуць ад доследаў, яны гараць жаданнем эксперыментаваць, і мы павінны падсілкоўваць іх цікавасць, — адзначыў ён.

Таксама Уладзімір Гусакоў дадаў, што добрым стартам для маладых даследчыкаў стане конкурс «100 ідэй для Беларусі».

— Гэта выдатная пляцоўка для далучэння моладзі да навуковых даследаванняў і распрацовак. Арыентуючыся на актуальныя напрамкі, маладое пакаленне зможа прапанаваць для эканомікі нашай краіны, яе развіцця свае ідэі ў розных галінах: ад мікраэлектронікі і прыборабудавання да медыцыны і аграпрамысловага сектара. У іх для гэтага ёсць вялікі патэнцыял, — заключыў ён.

У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў падкрэсліў, што конкурс «100 ідэй для Беларусі» служыць першым узроўнем адбору інавацыйных ідэй.

— Другі ўзровень — рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў, які праводзіцца ДКНТ, на які сёлета з больш як 200 заявак 63 заяўкі пададзены пераможцамі конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Для трынаццаці з іх мы на бязвыплатнай аснове распрацавалі бізнес-план. Гэта сведчыць аб тым, што выбудаваная ў краіне сістэма работы з маладзёжнымі навуковымі ініцыятывамі працуе, — падзяліўся ён.

Традыцыйна старт новага сезона і пачатак прыёму заявак быў дадзены націскам на кнопку. Так, да 20 лістапада 2024 года на сайце 100ideas.by будзе адкрыты прыём заявак для патэнцыйных канкурсантаў.

У новым сезоне выдзелены тры ўзроставыя групы ўдзельнікаў, экспертны савет будзе выбіраць з ліку навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў, курсантаў, працуючай моладзі, маладых вучоных, прадстаўнікоў устаноў, арганізацый, падпарадкаваных НАН Беларусі па тры пераможцы ў кожнай з дзесяці намінацый.

Конкурс плануецца рэалізаваць у чатыры туры: першы — інфармацыйны, другі — адборачны, трэці — прадугледжвае арганізацыю абласных, Мінскай гарадской выставак-прэзентацый, а таксама НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі Беларусі і нарэшце чацвёрты — рэспубліканскі фінал, які будзе праведзены да 30 красавіка 2025 года. 

Упершыню БРСМ аб’явіў аб старце конкурсу ў верасні 2011 года. За гэтыя гады праект не толькі набыў надзейных партнёраў, але і стаў брэндам Саюза моладзі, які папулярызуе навуку, фарміруе імідж вучонага як паспяховага чалавека. Сёлета арганізатарамі праекта выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства адукацыі Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Лізавета ГОЛАД
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.