Духоўнае жыццё мястэчка Валожын c пачатку XIX стагоддзя вызначалася функцыянаваннем іешывы, якую заснаваў у 1803 годзе Хаім бен Іцхак (Хаім Валожынер). Іешыва (ешыбот) – гэта іудзейская вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова, прызначаная для вывучэння Торы і Талмуда, падрыхтоўкі вучоных да звання равінаў. На тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, у склад якога ўваходзіла і сучасная Беларусь, Валожынская, Мірская і Цяльшэўская (Літва) іешывы лічыліся цэнтрам талмудысцкай навукі. Першай з пералічаных з'явілася Валожынская. На днях Валожынскую іешыву зноў адкрылі пасля рэканструкцыі. Цяпер гэта месца стала музеем, кропкай прыцягнення турыстаў. У цырымоніі адкрыцця іешывы ўзяў удзел старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
Шэраг яўрэйскіх рэлігійных навучальных устаноў падобнага тыпу існуюць па гэты дзень у Ізраілі, Амерыцы і Расіі. Раві Хаім бен Іцхак Валожынскі (1749-1821) лічыўся лепшым вучнем Віленскага Гаона (духоўнага лідара) – Эліяху бен Шламо Залмана. Пасля смерці настаўніка ў 1797 годзе, раві Хаім стаў агульнапрызнаным духоўным лідарам літоўскага яўрэйства. Ён палічыў сваім абавязкам працягнуць справу вялікага настаўніка: дапамагчы маладым людзям вывучаць Тору.
У 1803 годзе Хаім абвясціў аб стварэнні іешывы ў Валожыне. Гэтую ідэю падтрымаў уладальнік мястэчка Валожын граф Юзэф Тышкевіч. Ён бясплатна выдзеліў месца пад будаўніцтва ешыбота і аказаў фінансавую дапамогу. Па сведчанні самога раві Хаіма, ён «стварыў сваю іешиву для сына Ицхака, каб вырасціць і выхаваць яго ў найбольш спрыяльнай атмасферы пазнання Торы». Дзеля сына раві Хаім і ўзяўся навучаць яшчэ некалькіх таленавітых юнакоў.
Першапачаткова будынак іешывы быў невялікім па памерах, і тут навучалася толькі дзесяць мясцовых яўрэйскіх юнакоў. Паступова колькасць вучняў іешывы стала павялічвацца. Маладыя людзі прыбывалі ў Валожын з усіх канцоў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. У 1806 годзе на ахвяраванні членаў яўрэйскіх абшчын быў пабудаваны новы будынак, у якім былі адведзены месцы пад сталовую і начнога адпачынку студэнтаў.
Кіраўнік Валожынскай іешывы лічыўся самым аўтарытэтным законавучыцелем яўрэйскага свету. Да яго звярталіся прадстаўнікі з многіх абшчын па парады па вырашэнні спрэчных пытанняў. Прыкладам глыбокага шанавання да раві Хаіма служыць наступны факт. У 1813 годзе з канцылярыі ваеннага губернатара яму была выдадзена ахоўная грамата аб тым, што ваенныя людзі ўсіх рангаў павінны ахоўваць школу Хаіма і яго студэнтаў.
Хаім Валожынер пастаянна падтрымліваў сувязь з Саветам яўрэйскіх прадстаўнікоў, створаным у Санкт-Пецярбургу па «найвышэйшаму загаду» імператара Аляксандра I. Ні адно сур'ёзнае рашэнне Савета не прымалася без удзелу Хаіма. У 1818 годзе раві Хаім прыехаў у Санкт-Пецярбург, каб праз яўрэйскіх прадстаўнікоў перашкодзіць планам урада па пытаннях прыгнёту яўрэйскага насельніцтва.
У апошнія гады свайго жыцця раві Хаім перадаў выкладанне ў іешыве свайму сыну раві Іцхаку. Колькасць вучняў у гэты час дасягнула больш за 100 чалавек. З 1821 года раві Іцхак стаў другім кіраўніком Валожынскай іешывы, а праз некаторы час агульнапрызнаным духоўным лідарам не толькі літоўскіх яўрэяў, але і ўсіх яўрэяў Расійскай імперыі.
У 1843 годзе раві Іцхак прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе выступіў супраць рашэння ўрада Расійскай імперыі аб рэфармаванні сістэмы яўрэйскай адукацыі. Яму ўдалося адстаяць існаванне сваёй установе без зменаў вучэбнага плана. За час яго кіравання колькасць студэнтаў павялічылася ў два разы і склала 200 чалавек.
У 1849 годзе іешыву ўзначаліў Эліэзер Іцхак Фрыд, а з 1852 года – раві Нафталі Берлін і раві Ёсеф Бэр Салавейчык. Аднак у іх былі рознагалоссі з нагоды метадаў выкладання Торы і Талмуда. Для ўрэгулявання супярэчнасцяў у Валожын прыбыла дэлегацыя бачных літоўскіх равінаў, якія прызначылі кіраўніком ешыбота Нафталі Берліна, а Раві Ёсефа яго намеснікам.
Раві Берлін кіраваў іешывай з 1854 па 1892 год. Дзякуючы яго мудрасці і прадпрымальнасці, аўтарытэт ешыбота значна ўзрос. У 1885 годзе гадавы бюджэт ешыбота склаў 16 675 рублёў срэбрам. У канцы 1870-х гадоў тут навучалася каля 300 студэнтаў, а ў канцы 1880-х гадоў – больш за 400. Высокая рэпутацыя іешывы прыцягвала маладых яўрэяў з іншых краін – Англіі, Германіі, Аўстрыі і Паўночнай Амерыкі.
У кнізе «Яўрэйская энцыклапедыя: збор ведаў пра яўрэйства і яго культуры ў мінулым і сучаснасці ў 16 тамах», выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1908-1913 гадах маецца падрабязнае апісанне распарадку дня студэнтаў іешывы, згодна з якім маладыя людзі павінны былі займацца больш за 14 гадзін у суткі. Але цяжкасці і бытавыя нязручнасці не палохалі вучняў.
Тут навучаліся студэнты, якія ў будучыні сталі вядомымі людзьмі з сусветным імем. Сярод іх: Шмуэль Магілевер – заснавальнік рэлігійнай плыні ў сіянісцкім руху; Элізер Бэн Йегуда – піянер адраджэння іўрыту, Шымон Гіманштэйн – ізраільскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч; Бенцыён Дзінур – вядомы гісторык, Вульф Высоцкі – вядомы прадпрымальнік і мецэнат Расійскай імперыі. 37 выпускнікоў Валожынскай іешывы атрымалі вышэйшую ступень равіна. Сярод іх – Іцхак бен Хаім Валожынер, Абрагам Іцхак Кук, Бар-Ілан Меір, Іосеф Беер Салавейчык, Мошэ Салавейчык, Хаім Берлін, Шмуэль Салант і іншыя.
У 1891 годзе рускі міністр народнай асветы зацвердзіў «Правілы аб Валожынскім ешыбоце». З гэтага часу студэнты павінны былі вывучаць не толькі Талмуд, але і рускую мову, арыфметыку ў аб'ёме курсу яўрэйскіх народных вучылішчаў. Кіраўнік іешывы Нафталі Берлін не пагадзіўся з гэтым. Таму, у 1892 годзе ўлады абвясцілі аб закрыцці іешывы. Раві Берлін і навучэнцы ешыбота былі высланы з Валожына.
У 1895 годзе ўрад дазволіў выкарыстоўваць будынак ешывы для малітвы, а праз некаторы час заняткі ў ешыбоце зноў аднавіліся. У 1899 годзе кіраўніком іешывы стаў раві Рафаэль Шапіра.
Падчас Першай сусветнай вайны ўстанова была закрыта і толькі ў 1921 годзе аднавіла сваю дзейнасць. Узначаліў ешыбот раві Якаў Шапіра. Апошнім кіраўніком установы стаў раві Хаім Валкін. Падчас фашысцкай акупацыі 64 студэнты і кіраўнік іешывы былі расстраляныя гітлераўцамі.
Падчас вайны будынак іешывы быў моцна пашкоджаны – ацалелі толькі яе сцены. З часам будынак быў адноўлены. У ім размяшчаліся сталовая, рэстаран, затым – кулінарыя і цэхі аб'яднання грамадскага харчавання. У 2000 годзе будынак быў перададзены Іўдзейскаму рэлігійнаму аб'яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння яго ўласнікам з'яўляецца Валожынскі райвыканкам. Будынак былой Валожынскай іешывы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Зараз іешыва ў Валожыне з'яўляецца аб'ектам рэлігійнага і пазнавальнага турызму ў Беларусі, Уваходзіць у экскурсійныя туры, туры выхаднога дня, а таксама з'яўляецца аб'ектам паломніцтва яўрэяў свету. «Валожын гэта Яўрэйскі Оксфард…» – сказаў старшыня Савета беларускіх яўрэйскіх абшчын Алег Рагатнікаў на міжнароднай анлайн-прэс-канферэнцыі «Валожынская іешыва ў сусветнай яўрэйскай адукацыі і сусветнай культуры» ў Валожыне ў чэрвені 2023 года.
Работы па рэканструкцыі працягваліся каля года: за гэты час аб'ект цалкам абнавілі, унутры зрабілі культурна-адукацыйны цэнтр. «Вядомыя яўрэі Валожынскага раёна» – менавіта з гэтай экспазіцыі навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Ніна Бобрык пачала знаёмства з цэнтрам. На вялікай вітрыне – фатаграфіі раві Хаіма Валожынера, заснавальніка іешывы; яго сына раві Іцхака; кіраўнікоў ешыбота раві Эліэзера Іцхака Фрыда, Нафталі Берліна, Іосефа Бер Салавейчыка.
«Зона «Нараджэнне і сталасць Валожынскай іешывы» прысвечана гісторыі стварэння першай вышэйшай духоўнай вучэльні на тэрыторыі Усходняй Еўропы па падрыхтоўцы равінаў», – распавяла Ніна Бобрык. Галоўныя экспанаты тут – творы Хаіма Валожынера, муляж Торы, «Талмуд Вавілонскі», «Яўрэйская энцыклапедыя», «Шулхан арух» і Тора (сучаснае выданне), перададзеная раві Аві з Іерусаліма. Больш падрабязна пра выкладчыкаў ешыбота і іх працах распавядае спецыяльная тач-панэль, а з дапамогай ачкоў віртуальнай рэальнасці можна здзейсніць падарожжа ў мінулае і ўбачыць гістарычны Валожын, пабываць у навучальных класах будынка іешывы мінулых гадоў.
У другой экспазіцыйнай зоне госці азнаёміліся з археалагічнымі экспанатамі, атрыманымі падчас раскопак у 2022 годзе: тут іх больш за 60 адзінак. «Трэцяя зала распавядае пра ўплыў Валожынскай іешывы на сусветную культуру і сусветны іўдаізм», – працягвае экскурсію навуковы супрацоўнік.
Пра гісторыю гэтага месца гавораць і музейныя прадметы, рэдкія друкаваныя выданні яўрэйскага паэта Хаіма Бяліка, усходазнаўцы і гебраіста Абрагама Гаркаві, і іншых з Нацыянальнай бібліятэкі, з фондаў Валожынскага краязнаўчага музея. Тут жа можна прагартаць аблічбаваныя працы выпускнікоў іешывы, пачытаць іх біяграфію.
На другім паверсе культурна-адукацыйнага цэнтра адкрыта выстава талітаў канца XIX – пачатку XX стагоддзя, прадстаўлены карціны і рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў.
Адно з самых святых месцаў Валожынскай іешывы — Арон а-Кадзеш, або каўчэг для скруткаў Торы. Дзякуючы старшыні Савета дырэктараў СЗАТ «Сервалюкс» Яўгену Баскіну яно не будзе пуставаць: у дар ешыботу бізнесмен перадаў унікальную Тору, якой больш за 100 гадоў. «Для мяне вялікі гонар вярнуць гэтую святую кнігу ў сцены калісьці рэлігійнай навучальнай установы. Гісторыя яўрэяў на працягу стагоддзяў звязана з гісторыяй нашай краіны, і тое, што мы сёння прысутнічаем на адкрыцці Валожынскай іешывы, стала магчымым дзякуючы ініцыятыве, энергіі Аляксандра Турчына, – сказаў Яўген Баскін. – Ён настолькі быў пагружаны ў гэтую справу і настолькі шчыра хацеў зрабіць усё добра. У яго гэта атрымалася: мы бачым фантастычны музей, роўных якому, на мой погляд, у краіне няма».
З нагоды вяртання Торы ў сцены акадэміі, равін Віцебскай рэлігійнай абшчыны Малкіэль Гаргадзэ правёў богаслужэнне, пасля чаго Яўген Баскін і Малкіэль Гаргадзэ памесілі Тору ў Арон а-Кадзеш.
«Я ведаў пра гэты праект, былі размовы з апаратам Аляксандра Генрыхавіча Турчына. І я сапраўды вельмі рады і ўдзячны, што ўлады ўзялі на сябе гэтую задачу і стварылі музей з фактычна разбуранага ў свой час аб'екта. Тым, што ў выніку атрымалася, я вельмі задаволены», – запэўніў часовы павераны ў справах дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін.
«Валожынская іешыва – частка гісторыі нашай краіны, – падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. – Яна была розная, але без мінулага не бывае будучыні. І адна з найважнейшых задач дзяржавы – захоўваць сваю гісторыю, што мы і робім».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
фота аўтара,
г. Валожын.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.