«Літаратура — як ручай, але калі бег апошняга яшчэ можна неяк прадбачыць — з горкі ў нізіну, — то вызначыць, як развіваецца літаратура, — немагчыма. Гэта толькі яна сама ведае. І дзівіць нас сваімі нечаканасцямі кожны дзень».
А між іншым, аўтар гэтага выказвання пра непрадказальнасць літаратуры лепей за многіх ведаў законы яе развіцця і мог прадбачыць бег згаданага ручая — бо ён быў адной са знакавых асоб беларускага літаратуразнаўства. І гэта адзнака сапраўднага творцы, што пры ўсім сваім вялізным навуковым досведзе акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гніламёдаў не страчваў здольнасці здзіўляцца нечаканасцям улюбёнай літаратуры... Гаворка пра яго ўжо ў мінулым часе, бо прыйшла сумная вестка: 3 лістапада Уладзіміра Гніламедава не стала. Ён не дажыў зусім крыху да свайго 87-годдзя.
«Палескі дзівасіл» — так называецца манаграфія пра Уладзіміра Гніламёдава, якая выйшла зусім нядаўна, і так, яе герой сапраўды з Палесся: нарадзіўся 26 снежня 1937 года ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна Брэстчыны. Ён — аўтар каля тысячы навуковых прац — трох дзясяткаў манаграфій, соцень літаратурна-крытычных артыкулаў, пад яго кіраўніцтвам здзяйсняліся фундаментальныя навуковыя праекты агульнарэспубліканскага значэння, такія, як «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах і 6 кнігах, «Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў» у 2 тамах, «Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова XVIII стагоддзя» ў 2 тамах ды іншыя, але гэта не ахоплівала ўсе яго творчыя магчымасці. Ведаючы літаратуру знутры, як крытык, даследчык, Уладзімір Васільевіч выявіўся і як пісьменнік, той, хто літаратуру стварае. Крытыкі сцвярджаюць: «яго раманы „Уліс з Прускі“ (2006), „Расія“ (2007), „Вяртанне“ (2008), „Валошкі на мяжы“ (2014), „Вайна“ (2014), „Пасля вайны“ (2021), „Праўда жыве пасярэдзіне“ (2022) заключаюць у сабе адзнакі вялікага нацыянальнага беларускага эпасу». Уладзімір Гніламёдаў апісваў тое, што добра ведаў — жыццё беларускіх сялян, лёсы свайго роду. Шэсць з напісаных ім раманаў утвараюць эпапейную сямейную хроніку, галоўны герой якой — беларускі селянін Лявон Кужаль. Прататып гэтага героя — дзед Уладзіміра Гніламёдава Лявонцій Міхайлавіч, які ў 1906-м годзе, як і многія беларусы, ездзіў у заробкі за акіян. Потым даследванне гісторыі роду прадоўжылася на тым адрэзку, калі ў час Першай сусветнай вайны продкі пісьменніка апынуліся ў бежанстве ў Самарскай губерні. Уладзімір Гніламёдаў ездзіў працаваць з дакументамі і збіраць матэрыялы ў Куйбышаў, Арэнбург... Потым фонам падзей эпапеі стала Вялікая Айчынная вайна, аднаўленне беларускай вёскі пасля Перамогі... «Некаторыя чытачы мне казалі: ты хочаш стварыць нацыянальна-культурны код Беларусі. Мне гэта не па сілах, аднак, думаецца, што асобныя тыповыя і паказальныя трэнды часу я ўлавіў» — прызнаваўся пісьменнік у адным з інтэрв’ю.
Дзяліўся Уладзімір Васільевіч з чытачом і досведам свайго ўласнага жыцця ў жанры нон-фікшн — вялікую цікавасць выклікаў яго раман-дзённік «Сем гадоў у ЦК» — дзённікавыя запісы таго часу, калі з 1969 па 1976 гады аўтар працаваў інструктарам ЦК КПБ па пытаннях літаратуры. У гэтым творы сустракаюцца ўнікальныя звесткі, паўстае літпрацэс эпохі.
На старонках газеты «Звязда» неаднойчы чытачы маглі сустракацца і з напісаным самім акадэмікам, і з матэрыяламі пра яго. «У будучыню нашай літаратуры трэба глядзець з аптымізмам. Для гэтага ёсць усе падставы» — сцвярджаў Уладзімір Гніламёдаў, які шмат зрабіў для таго, каб згаданыя ім падставы былі.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.