Вы тут

Бацькава спадчына


Падчас адкрыцця XXXVІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Каласавіны», якая традыцыйна праводзіцца да дня нараджэння класіка, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс падзякавала даследчыкам за тое, што кожны год яны шукаюць новыя падыходы да творчасці Коласа, знаходзяць дакументы, звязаныя з яго жыццём. А яшчэ яна падзялілася, што развіваюцца міжнародныя стасункі. Напрыклад, летась Коласаўскі музей заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з музеем-запаведнікам М. А. Шолахава ў Растове-на-Доне. Дзякуючы супрацоўніцтву з Цяньцзінскім універсітэтам замежных моў сёлета пабачыла свет кніга з перакладамі на кітайскую мову апавяданняў з цыкла «Казкі жыцця» Якуба Коласа…


Таму і першыя даклады, якія прагучалі на пленарным пасяджэнні, былі прысвечаны менавіта развіццю маўлення кітайскіх студэнтаў на аснове твораў Якуба Коласа і складанасцям, з якімі сутыкнуліся маладыя перакладчыкі, дзякуючы працы якіх «Казкі жыцця» загучалі на кітайскай мове. Шмат для развіцця міжнародных кантактаў у галіне літаратурных сувязяў робіць Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, Якуб Колас быў адным з заснавальнікаў аб’яднання пісьменнікаў БССР. «Сёння творы класіка гучаць на мангольскай, уйгурскай, казахскай, узбекскай, калмыцкай, азербайджанскай і іншых мовах. Новыя пераклады твораў Коласа ажыццявіў кітайскі перакладчык, прафесар Гу Юй», — заўважыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.

Пісьменнікі сведчаць

Сёлета Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каласавіны» была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 65-годдзю Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Вядома, ж заяўленыя тэмы паўплывалі на выступленні дакладчыкаў. Так, вучоны сакратар Дзяржаўнага музея-запаведніка М. А. Шолахава «Ціхі Дон» Лідзія Слюсарэнка расказала пра культурна-асветніцкія праекты, звязаныя з захаваннем памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Яна адзначыла адну з найбольш важных задач для ўстаноў культуры: сёння, калі перапісваецца гісторыя, робяцца спробы фальсіфікацыі сэнсаў важнейшых гістарычных падзей, «музеі выступаюць гарантамі гістарычнай праўды».

Дацэнт кафедры менеджменту і камунікацыі Інстытута сучасных ведаў Алена Гурская заўважыла, што Колас стаў адным з першых аўтараў, які ўзняў тэму трагедыі беларускага народа. 80 гадоў таму пісьменнік разам з членамі Надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі, наведаў Азарычы, пагутарыў з людзьмі, якіх толькі што вызваліла Чырвоная Армія. На аснове пачутага ён напісаў нарыс, які быў надрукаваны ў газеце «Известия». 

Арыгінальная назва ў Коласа была «Крыжовы шлях», менавіта такія параўнанні сустракаюцца і ў тэксце, дзе аўтар апісвае, як людзей гналі ў лагер на балоце. У рэдакцыі назва нарыса была зменена на «Лагер смерці».

Эпісталярная спадчына пісьменніка налічвае каля 800 лістоў, чвэрць з іх напісана ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і пераважная большасць — у Ташкенце, дзе Колас знаходзіўся ў эвакуацыі на працягу двух гадоў. 

Лісты — выдатная крыніца даведацца пра пісьмовую ацэнку падзей Вялікай Айчыннай вайны, турботы класіка пра сваіх родных і сяброў, абмен думкамі з сябрамі. Увесь час пісьменніка не пакідала туга па радзіме, хваляванне за яе лёс. «Можа ў гэтым годзе жыве ў мяне нейкая такая ўпэўненасць, і ўсе мы падамося на сваю зямлю на Дзвіну, на Бярозу, на Дняпро, Свіслач і Нёман. Божа мой, як бы я хацеў пахадзіць па лесе, па свіслацкіх грудах. Калі б знайшоў першага баравіка, дык стаў бы перад ім на калені, пацалаваў бы яго як брата і прачытаў бы яму верш, спецыяльна зложаны для яго», — пісаў Колас Кандрату Крапіве.

Сакрэты перапіскі

Вывучаючы лісты Коласа, дароўныя надпісы, якія ён рабіў у кнігах, даследчыкі атрымліваюць новыя факты з жыцця Песняра. Літаратурна-мемарыяльны музей вядзе актыўныя пошукі матэрыялаў, звязаных з класікам. Толькі за апошнія гады выяўлены 21 інскрыпт Коласа на кнігах з розных музеяў, архіваў, прыватных калекцый. Так, былі знойдзены матэрыялы ў фондах Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра. Нядаўна ўсплыла яшчэ адно раней невядомае ліставанне — у фондах Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага ў Маскве. У 1953 годзе Колас пісаў дырэктару выдавецтва «Савецкі пісьменнік» Пятру Чагіну з просьбай аб выданні кнігі пісьменніка Гарадзецкага, прымеркаванай да 70-гадовага юбілею аўтара. Кніга, за выданне якой хваляваўся Колас, свет усё ж пабачыла, праўда, толькі праз тры гады і ў другім выдавецтве.

Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі НАН Беларусі Мікалай Трус звярнуў увагу на асобу Аляксандры Рамановіч (у дзявоцтве Зотавай) пасля таго, як трапіў на ўспаміны жанчыны 1961–1962 гадоў пра Коласа. Імя жанчыны добра вядомае даследчыкам. Колас дасылаў даволі аб’ёмістыя лісты дзяўчыне, калі сядзеў у астрозе, адны з першых інскрыптаў таксама звязаны з Аляксандрай. Вядома, што яна пазнаёмілася з Коласам у 1907 годзе ў рэдакцыі газеты «Наша ніва». У снежні 1936 года ў часопісе «Беларускі летапіс» у Вільні былі надрукаваны яе ўспаміны пра Коласа. На жаль, не ўсё з перапіскі Аляксандры Рамановіч і Якуба Коласа захавалася, і віной таму не толькі складаны ваенны час, але і тое, што муж Аляксандры з рэўнасці мог спаліць некаторыя паперы.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Анатоль Трафімчык звярнуў увагу на першы надрукаваны верш Якуба Коласа. У 1902 годзе Фядот Кудрынскі — выкладчык семінарыі, дзе вучыўся будучы настаўнік і пісьменнік, надрукаваў вялікі матэрыял са сваёй педагагічнай практыкі, у адной частцы прыводзіў вытрымкі з сачыненняў і вершаваных твораў сваіх вучняў. Устаноўлена, што адзін з такіх твораў, які цалкам змешчаны ў гэтым артыкуле, быў напісаны Коласам, хоць ніякіх подпісаў да яго няма. Вядома, той верш нельга назваць паўнавартаснай публікацыяй, таму афіцыйна першым творам лічыцца твор «Наш родны край». І хоць даследчыкам ужо даўно вядомы гэты факт, верш, выкарыстаны ў артыкуле Кудрынскага, не ўведзены ў зварот, але ў гістарычным плане і ў параўнанні з тым, якія творы з’явіліся ў Коласа пазней, ён вельмі важны для таго, каб зразумець, які рывок у творчасці пісьменнік зрабіў у наступныя гады. Таксама Анатоль Трафімчык заў-
важыў, што псеўданім, які абраў Колас, дзівосным чынам паўплываў на яго лёс. Якуб — гэта, магчыма, біблейскі Якаў (а Святое пісанне пісьменнік ведаў). Паводле біблейскага сюжэта, Якаў нарадзіўся другім, але змог перакупіць сваё першынство ў брата. Гэта пераклікаецца з негалосным «канкурыраваннем» Коласа і Купалы. Апошні ў іранічнай форме нагадваў калегу, што нарадзіўся раней. З цягам часу менавіта твор Коласа «Новая зямля» становіцца візітоўкай беларускай літаратуры. А яшчэ біблейскаму Якаву было сказана, што ён заўсёды будзе вяртацца на сваю зямлю. Такім і быў лёс Коласа. А ўзгадайце, дзе памерлі Купала, Багдановіч, Гарун...

Захавальнік

Вядома, гэты год быў багаты і на іншыя юбілеі. Напрыклад, музей разам з супрацоўнікамі Вялікага тэатра адзначыў 85-годдзе оперы Анатоля Багатырова «У Пушчах Палесся», створанай па аповесці Коласа «Дрыгва». Дарэчы, кампазітар увесь час работы над операй меў шчыльны кантакт з Якубам Коласам. Пісьменнік нярэдка прысутнічаў на рэпетыцыях, сустракаўся з акцёрамі, а на адну з рэпетыцый прывёз і дзеда Талаша. Стары не мог зразумець, як, калі ён у жыцці амаль не спявае, на сцэне кожнае яго слова будуць спяваць.

Таксама сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча, які стаяў ля вытокаў стварэння літаратурнага мемарыяльнага музея і філіялаў. Цяпер ў музеі працуе часовая экспазіцыя «Заступнік бацькавай спадчыны», якраз прысвечаная першаму дырэктару. Экскурсію па ёй падчас «Каласавін» правяла Вера Міцкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі традыцыйнай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, унучка Песняра. Жыццё Данілы Канстанцінавіча развярнулася на 180 градусаў, калі ён, прафесійны хімік, вучоны, у 1956 годзе, калі не стала Коласа, атрымаў просьбу ад Цэнтральнага камітэта кампартыі і Савета Міністраў заняцца спадчынай бацькі. Экспазіцыя, прысвечаная першаму дырэктару музея, размешчана ў тым памяшканні, дзе раней быў яго кабінет. На выстаўцы прадстаўлены пасведчанні, узнагароды (у тым ліку медаль Францыска Скарыны — Даніла Міцкевіч быў чацвёртым, хто яго атрымаў). Тут можна пабачыць і кнігі з дароўнымі надпісамі, фатаграфіі з сямейных архіваў нашчадкаў Коласа і з сустрэч з ганаровымі гасцямі музея. Напрыклад, тут быў Пётр Клімук, у космас з сабой ён браў кнігу Коласа, якую пасля перадаў у музей. У экспазіцыі змешчана і арыгінальная шафа, якой карысталіся Міцкевічы, у ёй можна пабачыць тамы Вялікай Савецкай энцыклапедыі. У адным з тамоў, прысвечаным Смаленскай вобласці, на карце Смаленска алоўкам нанесены лініі — так Даніла Канстанцінавіч пазначыў маршрут, па якім выязджала сям’я падчас эвакуацыі. Відаць, гэта было зроблена, калі ён пісаў артыкул па гэтай тэме.

Таксама Вера Міцкевіч падрыхтавала даклад, прысвечаны мемарыяльнай сядзібе Ласток — аднаму з філіялаў музея Якуба Коласа. Тут малы будучы пісьменнік пражыў каля пяці гадоў. Гэта найбольш аддаленая сядзіба на Стаўбцоўшчыне і адзіная, дзе захаваліся аўтэнтычныя пабудовы 1885 года — хата і гумно. У апошні час гэты куток становіцца больш запатрабаваным, а музейшчыкі шукаюць новыя формы работы з турыстамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.