Вы тут

Наш трыццаты «Лістапад»


Урачыстая цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. Зоркі кінаіндустрыі, настальгія па старых добрых фільмах, гарачыя выступленні і шмат яркіх эмоцый... Але пра ўсё па парадку.


У гэтым годзе форум праходзіць з 1 па 8 лістапада пад лозунгам «Кіно са знакам якасці». Сама цырымонія адкрыцця ўражвала тэатралізаванымі пляцоўкамі, на якіх ажывалі сцэны з класікі «Беларусьфільма». Вось Бураціна абдымае чарапаху Тарцілу і радасна выбягае з залатым ключыкам, а вось Надзея Яноўская з «Дзікага палявання караля Стаха» кружыцца ў танцы. Вядома, з усімі героямі можна было зрабіць фота. 

Асабліва выклікала цікавасць у гасцей пляцоўка фільма «Чырвонае лісце», на якой былі прадстаўлены сімвалічныя атрыбуты гэтага кіно.

Падчас цырымоніі адкрыцця намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка зачытаў віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ім адзначана: «За тры дзесяцігоддзі кінафорум стаў знакавай падзеяй у культурным жыцці не толькі Беларусі, але і многіх краін блізкага і далёкага замежжа. Пашыраючы геаграфію ўдзельнікаў і адкрываючы новыя творчыя гарызонты, „Лістапад“ з гонарам выконвае сваю гуманітарную місію, збліжае людзей і кантыненты, сцвярджае ідэалы міру і дабра».

У сваю чаргу Ігар Петрышэнка перад цырымоніяй адкрыцця заявіў, што кінафестываль «Лістапад» дапамагае развіваць мастацтва кінематографа, захоўваючы яго магутны духоўны складнік.

— У фестывалю вялікая гісторыя. Так, 30 гадоў таму група энтузіястаў на чале з Расціславам Янкоўскім прапанавала зрабіць свой брэндавы фестываль і распрацавала адпаведную канцэпцыю. Па падтрымку звярнуліся да Прэзідэнта, які, ухваліўшы гэту ідэю, настаяў, каб фестываль не толькі захоўваў існуючыя традыцыі, але і быў накіраваны ў будучыню, дапамагаў нашай краіне наладжваць і ўзбагачаць культурныя сувязі, — адзначыў ён.

Таксама Ігар Петрышэнка сакцэнтаваў увагу на тым, што ў першым фестывалі «Лістапад» удзельнічала ўсяго 12 фільмаў з постсавецкіх краін, а сёлета было пададзена ажно 3405 заявак са 124 краін!

— Мы не стаім на месцы. У нас вялікая колькасць сяброў. Сюды прыехала больш чым 60 знакавых персон. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з Кітаем, Індыяй і ўвогуле з усім светам, — заявіў ён. — У нашай краіне кіно любяць, падтрымліваюць і развіваюць, таму фестываль чакае дастойная будучыня.

Кіно на экспарт

Адзін з важных вектараў развіцця беларускага кінематографа — выхад на знешнія рынкі. Менавіта гэту думку выказаў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч.

— Важныя вектары развіцця беларускага кінематографа — гэта сумесная праца з іншымі краінамі і выхад на знешнія рынкі, каб паказваць нашу краіну, нашы традыцыйныя каштоўнасці, — падзяліўся ён. — Вялікую цікавасць у прафесіяналаў з розных краін выклікаюць не толькі сумесныя праекты, але і навучанне студэнтаў, што пацвярджаецца колькасцю майстар-класаў, якія пройдуць на гэтым тыдні ў БДАМ і БДУКіМ.

Паводле яго слоў, калегі з іншых краін ступілі наперад у кірунку дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Таму ёсць што абмяркоўваць, чым падзяліцца. Я лічу, што апошнім часам наша легендарная кінастудыя зрабіла добры крок наперад ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, але самае галоўнае — на «Беларусьфільм» прыйшлі маладыя цікавыя спецыялісты, тыя, хто зусім нядаўна скончыў Акадэмію мастацтваў. Упэўнены, што сплаў маладосці і вопыту ўжо дае добры вынік, але наперадзе вельмі шмат планаў, — заключыў міністр культуры.

Падобную думку выказаў таксама адзін з удзельнікаў фестывалю, беларускі акцёр і рэжысёр Іван Паўлаў:

— Хацелася б, каб падрасло шмат добрых рэжысёраў, каб шмат моладзі прыйшло ў кіно, бо мы думаем не так, як, напрыклад, Кірыл Халецкі. Мы бліжэй да Турава, да класікі. А ў моладзі нейкі жывы погляд, яны апярэджваюць. І мне гэта падабаецца: з іх дапамогай будзем наперад глядзець.

Паводле слоў Івана Паўлава, калі фестываль толькі зараджаўся, аб такім маштабе, як цяпер, можна было толькі марыць.

— Я ведаю дакладна, што замежныя фільмы сюды імкнуцца. Яны хочуць адзнакі беларускага гледача, бо нашы гледачы вельмі культурныя і адукаваныя, — лічыць ён.

Сапраўды, шмат замежных гасцей наведвае фестываль. У тым ліку і вельмі высокапастаўленых. Так, сёлета старшынёй журы асноўнага конкурсу ігравога кіно стаў кітайскі акцёр і прадзюсар Лэй Хань, які выступіць рэжысёрам першага беларуска-кітайскага фільма «На вякі вечныя».

— Кажуць, у цяперашні час фільмы — не толькі мастацтва, але і тэхналагічны прадукт. З дапамогай сучасных тэхналогій можна палепшыць усе бакі фільма, у тым ліку гук і выяву. Але ўсё роўна, наколькі высока будуць развівацца тэхналогіі, галоўнае ў фільме — гэта па-ранейшаму чалавек, акцёр. Так што можна сказаць, што фільм — гэта прадукт мастацтва, а не тэхналогій, — заключыў ён.

Таксама сярод журы асноўнага конкурсу ігравых фільмаў — сербская актрыса, рэжысёр дакументальных фільмаў Івана Жыган. Паводле яе слоў, «Лістапад» — асаблівы фестываль у плане пошуку новых шляхоў захавання чалавечай душы.

— Абарона каштоўнасцяў старых цывілізацый — гэта і ёсць тая глеба, на якой мы ратуем будучыню чалавека, — адзначыла яна. — Само ж мастацтва для мяне — гэта той стан, калі чалавек ззяе, знаходзячы выхад з цяжкай сітуацыі.

Спецыяльны прыз Прэзідэнта

Галоўная інтрыга першага фестывальнага дня — гэта тое, хто ж стаў уладальнікам спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Гэта ўзнагарода была прысуджана народнаму артысту Расійскай Федэрацыі, народнаму артысту Чачэнскай Рэспублікі Дзмітрыю Харацьяну.

— Дзякуй за такі прыз. Для мяне гэта, вядома ж, вялікі гонар. Дзякуй вашаму выдатнаму кінарэжысёру, народнаму артысту СССР Віктару Тураву, які некалі падарыў мне ролю Сцяпана Глушака ў трылогіі Івана Мележа. З гэтага пачалося і працягваецца маё сяброўства і любоў да беларускага кінематографа, — падзяліўся Дзмітрый Харацьян.

Пасля таго як талерка была разбітая і фестываль афіцыйна адкрыўся, гледачы змаглі атрымаць асалоду ад прэм’еры «Чорнага замка» паводле твора Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, гэты фільм у будучыні плануюць прадставіць і на іншых буйных міжнародных кінафестывалях. А наперадзе яшчэ цэлы тыдзень разнастайнага кіно, вядома, са знакам якасці.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.