Вы тут

На «Лістападзе» адбыўся паказ фільма Аляксея Фядорчанкі


Падчас асноўнага конкурсу гульнявога кіно ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у сталічным кінатэатры «Цэнтральны» быў паказаны, мабыць, самы складаны і дыскусійны фільм фестывалю — «Новы Берлін» расійскага рэжысёра Аляксея Фядорчанкі.


Безумоўна, падзея не з шараговых. Аляксей Фядорчанка — майстар сусветнага ўзроўню, які сапраўды ўвасабляе дух арт-хаўса. Ягоныя перамогі на міжнародных фестывалях немагчыма пералічыць. Што не адмяняе таго, што ягоныя працы, як кажуць, не для ўсіх. Як сумленна папярэдзілі гледачоў перад паказам — падрыхтуйцеся, як да ўзлёту. «Разбачыць» тое, што вы ўбачыце, вы ўжо ніколі не здолееце. 

Фядорчанка — майстар містыфікацыі. Ён віртуозна працуе ў жанры мок’юментары — стылізацыі пад дакументальнае кіно. Ну вось нібыта знайшлі нейкія старыя сакрэтныя кінаплёнкі, зманціравалі... Атрымліваецца настолькі пераканаўча, што ягоная стужка пра палёт савецкіх касманаўтаў на Месяц у 1937-м годзе была ўганараваная Гран-Пры на міжнародным фестывалі ў намінацыі... дакументальных фільмаў.

«Новы Берлін» — таксама мок’юментары. Гэта завяршальная частка трылогіі, у якую ўваходзяць згаданы фільм «Першыя на Месяцы» і «Вялікія змеі Улі-Кале», пра культуру народаў Каўказа. «Новы Берлін» ідзе дзве гадзіны і складаецца з двух частак, дужа адрозных, якія нібыта між сабой не звязаныя. Уважлівы глядач сам павінен здагадацца пра тыя сувязі.

Першая частка — «Таямніца пяцісот зніклых цнатлівак», стылізаваная пад хоўм-відэа. Мы бачым кінамайстэрню Марыны Разбежкінай, рэальнай рэжысёркі, якая сумленна папярэджвае, што паняцце праўды вельмі адноснае, «рэальнасць — гэта вы». Сярод вучняў Разбежкінай — бацька з дачкой, рэжысёр Віктар Шаўфлер і юная Берта. Яны адпраўляюцца ў Калумбію шукаць цётку Віктара Шаўфлера, Берту Шаўфлер, якая знікла ў 1956-м годзе разам з караблём «Глорыя», на якім везлі з Калумбіі 500 дзяўчат нямецкага паходжання ў Еўропу на працу. Гісторыя пошукаў мусіць стаць выдатнай глебай для фільма Віктара Шаўфлера. Гарэзная неўтаймоўная Берта і яе меланхалічна-трывожны бацька блукаюць па мітуслівых небяспечных вулках Калумбіі, сустракаюцца з нашчадкамі каманды карабля, са сваякамі зніклых дзяўчатаў. З хаатычных эпізодаў складаецца цьмяная дэтэктыўная карцінка... Мы пачынаем падазраваць: а ці не вывезлі гэтых паўтысячы цнатлівак дзеля нейкіх еўгенічных эксперыментаў, і ці не нацысты за гэтым хаваюцца? А тут і юная сучасная Берта, паглынутая раманам з калумбійскім гітарыстам, знікае. Бацька адпраўляецца на яе пошукі... Ну і, вы зразумелі, таксама знікае. Карацей, абедзьве Берты Шаўфлер таго... А фільм, які мы глядзім, зманціраваны вучнямі Разбежкінай з тых урыўкаў, якія Віктар Шаўфлер паспеў адаслаць у майстэрню.

Ну што, адпраўляемся ў другую частку пад назвай «Горад янотаў». Вы, дарэчы, любіце янотаў? Ну, у любым выпадку не так, як героі фільма. Пачынаецца з таго, што ў кадры сам Аляксей Фядорчанка ў прыватным музеі янотаў атрымлівае ад гаспадара старыя кінаплёнкі, купленыя тым у беларускай Гародні. Натуральна, нам пакажуць гэтыя плёнкі... Сюрэалістычны свет людзей, якія жывуць у бункеры ў Антарктыдзе, у маленькіх бетонных катушках... Гэта нямецкія нацысты, што ўцяклі, каб заснаваць Новы Берлін — сваю калонію...

Зразумела, для абраных інтэлектуалаў. Вось толькі нешта пайшло не так. Паколькі сонца каланісты не бачаць, а карыстаюцца ультрафіялетавымі лямпамі, яны ўсе ў звыродлівых плямах... Ды яшчэ і самі па сабе страшнаваценькія. Хацелі заапарк зладзіць — ды падлодка са звяр’ём, у адрозненне ад біблейскага каўчэга, патанула, адны яноты выжылі. Цяпер тыя яноты ператварыліся для каланістаў у святарных жывёл, іх выявы на сцягах, пра янотаў пішуць вершы, песні і оперы, людзі нават сябе размалёўваюць пад янотаў.

Духоўнае жыццё ў змрочных і вузкіх бетонных калідорах у прысутнасці строгай дысцыпліны руліць. Свая кінастудыя, свая газета, свой тэатр. Абсурдысцкія спектаклі разыгрываюцца акторамі (імі па чарзе робяцца насельнікі кожнага пакоя-катуха)... лежачы. Мы толькі пасля зразумеем, што з-за недахопу месца гледачы могуць бачыць спектакль толькі зверху, з бетонных ярусаў... Спектаклі тыя, дарэчы, дадатковая насалода культурніцкаму гурману — чысты абсурд у параджанаўскіх фарбах. І цётка Берта Шаўфлер з карабля «Глорыя» тут жа, нават збіраецца нараджаць... З чаго глядач можа ўпэўніцца — вось яны куды падзеліся, тыя пяцьсот цнатлівак! Дарэчы, і кінааператары Новага Берліну, бацька і дачка, падазрона падобныя да Віктара Шаўфлера і ягонай Берты (гэта знятае імі кіно мы глядзім)... Ну і што, быццам па часе не супадае — тут мо часавая анамалія. Антарктыда ж.

Карацей, аматары арт-хаўсу атрымліваюць задавальненне і падставу для роздуму і інтэлектуальных дыскусій. Выпадковы глядач — вывіх шаблону і ўсведамленне, што існуе ну зусім іншае кіно. Пасля прагляду нейкая такая цётачка, якая прыйшла выпадкова, па білеце, доўга ішла за намі і пыталася — а як гэта ўсё разумець? А чаму так, а дзе падзелася дзяўчынка? Ну што тут скажаш... Рэальнасць — гэта ж мы... А значыць, нават яноты ў кожнага свае. У кагосьці яны жывуць у Антарктыдзе.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.