Вы тут

Абласны Форум грамадзянскіх ініцыятыў прайшоў на Гомельшчыне


Падзяліцца напрацоўкамі, разабраць цяжкасці, якія ўзніклі ў рабоце, натхніць на новыя здзяйсненні... Першы ў сваім родзе абласны Форум грамадзянскіх ініцыятыў прайшоў на Гомельшчыне. Ён сабраў актыўных жыхароў населеных пунктаў, прадстаўнікоў ініцыятыўных груп, мясцовых органаў улады, дэпутатаў. Зацікавіліся маштабным мерапрыемствам па папулярызацыі грамадзянскай актыўнасці ў Гомельскай вобласці і госці з Расійскай Федэрацыі. Так, да Форуму «Ад ідэі — да выніку» далучылася і дэлегацыя з Браншчыны.


Першыя важныя крокі

На пачатку Форуму яго ўдзельнікаў прывітала член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. Сенатар адзначыла вялікую ролю, якую адыгрывае Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў у арганізацыі і ажыццяўленні праектаў грамадзянскіх ініцыятыў у рэгіёне.

— У нас значна актывізавалася праектная дзейнасць. У гэтым годзе Гомельскі абласны Савет дэпутатаў для правядзення конкурснага адбору накіраваў у асацыяцыю 111 заявак, 25 — сталі пераможцамі. І 20 з іх ужо рэалізавана, а яшчэ пяць — плануецца рэалізаваць да канца года, — зазначыла член Савета Рэспублікі.

Кацярына Зенкевіч звярнула ўвагу на тое, што на Гомельшчыне актыўнасць рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у конкурсе праектаў. На месцах, у сваіх населеных пунктах шмат важных і карысных ідэй увасабляюць у жыццё неабыякавыя мясцовыя жыхары. Між тым сёння матывуюць сваіх землякоў уключацца ў гэту работу, брацца за новыя праекты ў тым ліку ўдзельнікі навучальных семінараў.

Як нагадала член Савета Рэспублікі, з гэтага года Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў правяла шэраг навучальных трэнінгаў па праектнай дзейнасці. Так, сёння дэпутацкі корпус вобласці прапануе актыўным жыхарам рэгіёна вучыцца папулярызаваць вопыт грамадзянскіх ініцыятыў. У бягучым годзе Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў арганізавала практычнае навучанне па асновах праектнага менеджменту для супрацоўнікаў сельвыканкамаў, устаноў культуры, адукацыі, сацыяльнай службы, органаў і камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, актывістаў з розных раёнаў вобласці. Важным крокам у гэтым плане для Гомельскага рэгіёна стаў і спецыяльны адукацыйны курс «Школа рэгіянальнага развіцця». Прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, 20 актывістаў з розных раёнаў, якія якраз прайшлі навучанне па гэтым курсе, на Форуме прывітала старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.

— Упэўнена, што тыя, хто прайшоў гэты курс, працягнуць навучальную работу на месцах. Бо самае галоўнае ў любой справе — зрабіць першы крок, але мы яго ўжо зрабілі. Таму задача выпускнікоў «Школы рэгіянальнага развіцця» — натхніць сваіх землякоў на новыя цікавыя і значныя праекты, — заклікала Кацярына Зенкевіч. — Рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў стварае ўмовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага чалавека, а гэта, у сваю чаргу, садзейнічае ўстойліваму рэгіянальнаму развіццю, якаснаму росту ў будучыні, у наступнай пяцігодцы, — падкрэсліла сенатар.

Неацэнны вопыт

Падчас Форуму на прэзентацыйных пляцоўках можна было ацаніць рэальны вопыт работы па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Актывісты з розных раёнаў Гомельшчыны прадставілі праекты, прысвечаныя захаванню гістарычнай памяці і культурнай спадчыны, духоўна-маральных каштоўнасцяў, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, экалогіі, добраўпарадкавання, бяспекі і іншыя. Адну з цікавых грамадзянскіх ініцыятыў прэзентаваў Акцябрскі раён. Іх праект — «Экалагічны парк пад адкрытым небам». Як растлумачыла кіраўнік спраў райвыканкама, старшыня Акцябрскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Валянціна Шлапакова, праект — вынік сумеснай работы актывістаў грамадскіх аб’яднанняў, дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў і арганізацый, неабыякавых жыхароў раёна.

— Ініцыятыва нарадзілася ў вельмі рамантычнай лакацыі — на месцы былой танцпляцоўкі. У савецкі час яна выкарыстоўвалася як месца сустрэч, спатканняў, правядзення розных мерапрыемстваў. Пасля распаду Савецкага Саюза побач вырас гарадскі стадыён, — распавяла Валянціна Шлапакова. — Летась мясцовыя жыхары выйшлі да дэпутацкага корпуса з ініцыятывай пераўтварыць тэрыторыю былой танцпляцоўкі ў месца адзінства, сустрэч. Сёлета, у Год якасці, мы якасна падышлі да гэтага пытання. Быў распрацаваны праект. На былой танцпляцоўцы зрабілі пакрыццё з сучасных матэрыялаў, заніравалі прастору. Пасля конкурсу сярод прадпрыемстваў, арганізацый, дэпутацкага корпуса і грамадскіх аб’яднанняў новае месца сустрэч упрыгожылі крэатыўнымі лаўкамі. У Беларусі 118 раёнаў, і сёлета мы высадзілі 118 дрэў і кустоў, што былі вырашчаны ў дэндрарыях лясніцтва Акцябрскага раёна. Дапамогу аказвалі ў тым ліку маленькія лесаводы з дзіцячага садка № 1. Месца адпачынку і сустрэч адрадзілася. Ініцыятыва будзе жыць, развівацца і ўдасканальвацца, — падкрэсліла Валянціна Уладзіміраўна.

На Форуме прэзентавалі грамадзянскую ініцыятыву Кармянскага раёна. Праект рэалізуюць на базе Кароцькаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна імя П. П. Качуеўскага. Гэта ініцыятыва прапануе вывучыць сучасныя спосабы вырошчвання раслін, а таксама заклікае папулярызаваць прафесіі сельгаспрофілю і рыхтаваць будучыя маладыя кадры для аграрнай сферы. Як расказаў дырэктар ўстановы адукацыі Павел Уласаў, у школе даўно развіваюць экалагічны кірунак. Мясцовыя вучні вывучаюць прыёмы арганічнага земляробства, гідрапонікі, а засвоены матэрыял адпрацоўваюць на практычных занятках на вучэбна-доследным участку.

Праект грамадзянскіх ініцыятыў «Мае знакамітыя землякі: справа ўсяго жыцця», які стаў пераможцам адкрытага конкурснага адбору грамадзянскіх ініцыятыў, таксама прэзентавалі на Форуме. Ініцыятарам праекта выступіла ініцыятыўная група Махновіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна пры падтрымцы старшыні Махновіцкага сельвыканкама Васіля Канопліча і дэпутатаў Махновіцкага сельскага Савета дэпутатаў. У Мазырскім раёне менавіта гэты сельсавет — малая радзіма выдатных землякоў, прадстаўнікоў розных прафесій. Галоўная мэта праекта — праз знаёмства з гісторыямі жыцця землякоў, іх ролі для развіцця тэрыторыі малой радзімы выхаваць пачуццё павагі і любові да працаўнікоў вёскі ў падрастаючага пакалення. У музейнай экспазіцыі грамадзянскай ініцыятывы «Мае знакамітыя землякі: справа ўсяго жыцця» сабраны матэрыял пра гісторыю населенага пункта Махновічы, побыт вяскоўцаў, былы калгас «Прамень Кастрычніка», узнагароды за працоўныя заслугі землякоў.

— Гэты год нам паказаў, наколькі грамадзяне зацікаўлены ў паляпшэнні свайго населенага пункта і праяўленні сваёй грамадзянскай ініцыятывы. Як вядома, вельмі важна, што выдаткоўваюцца грашовыя сродкі, якія падтрымліваюць праекты грамадзянскіх ініцыятыў жыхароў нашага рэгіёна, — зазначыла дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія Шахлянкова.

Падзяліцца рэальным вопытам

У праграме Форуму грамадзянскіх ініцыятыў прадугледзілі работу трох прэзентацыйных зон. Абмеркаваць ролю грамадзянскіх ініцыятыў у развіцці малых тэрыторый праз стварэнне турыстычных прадуктаў можна было разам з дырэктарам прыватнай установы «Тэрыторыя развіцця — ХХІ стагоддзе» Ірынай Багданец. Менавіта Ірына Іванаўна непасрэдна працавала з ўдзельнікамі адукацыйнага курса «Школа рэгіянальнага развіцця».

На адной з прэзентацыйных пляцовак удзельнікаў Форуму прывітала старшыня праўлення Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. Дэпутат адзначыла, што Форум грамадзянскіх ініцыятыў, які ўпершыню ў такім фармаце арганізаваны на Гомельшчыне, у тым ліку дае магчымасць удзельнікам адукацыйнага курса «Школа рэгіянальнага развіцця» прадставіць свае праекты. Ініцыятары праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, якія былі рэалізаваны на тэрыторыі Гомельскай вобласці, змаглі дзяліцца рэальным вопытам работы, абмяркоўваць цяжкасці, якія ўзніклі пры рэалізацыі праектаў, а таксама спосабы іх вырашэння.

— У рамках мерапрыемстваў ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія прайшлі ў чэрвені 2024 года ў Полацку, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў і Асацыяцыяй «Савет муніцыпальных утварэнняў Бранскай вобласці», — нагадала Вікторыя Ладуцька. — Мы вельмі рады, што нашы госці з Бранскай вобласці знайшлі магчымасць наведаць Гомельшчыну, далучыліся да Форуму грамадзянскіх ініцыятыў, падзяліліся сваім досведам па станаўленні грамадзянскай супольнасці, развіцці мясцовых тэрыторый, заахвочванні дзелавой актыўнасці жыхароў, — падкрэсліла дэпутат.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай раённай газеты «Маяк»

Загаловак у газеце: Рабі сам — натхняй іншых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.