Вы тут

У Кіраўскім раёне Савет Рэспублікі падвёў вынікі работы са зваротамі грамадзян


 Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Наталляй Качанавай было праведзена на базе ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Удзел у ім прынялі сенатары, прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, Маладзёжнага парламента, грамадскіх арганізацый.


Дзейнічаць сістэмна

Аналіз работы са зваротамі грамадзян праводзіўся на прыкладзе Магілёўскай вобласці. У кастрычніку Савет Рэспублікі правёў на тэрыторыі вобласці адзіны дзень прыёму грамадзян. Перад гэтым падобны прыём на Магілёўшчыне праводзіўся два гады таму.

Як адзначыў у сваім дакладзе загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко, колькасць зваротаў да сенатараў паступова зніжаецца, але назіраецца рост паўторных і калектыўных. На першым месцы — пытанні ЖКГ, землекарыстання, землеўпарадкавання.

— Работа са зваротамі грамадзян прыярытэтная ў нашай дзейнасці, — падкрэсліла, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Наталля Качанава. — Гэту форму мы выкарыстоўваем пастаянна, таму што законы, як кажа наш Прэзідэнт, павінны ісці ад зямлі. Людзі на прыём прыходзяць розныя. Да ўсіх трэба ставіцца з павагай і цярпеннем. Выслухаць, што іх хвалюе, і ўзяць на заметку. З пытанняў, якія да нас паступаюць, фарміруюцца ў тым ліку і прапановы па змяненні ў законы. Калі ёсць новыя выклікі ці праблемы, гэта трэба рабіць.

Кіраўніцтва вобласці пераканана, што работа са зваротамі грамадзян дазваляе аператыўна рэагаваць на патрэбы насельніцтва і працаваць з апераджэннем. Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Дзядкоў, па выніках разгляду зваротаў у 2022–2023 гадах станоўча вырашаны шэраг значных для жыхароў вобласці пытанняў у сферы жыллёва-камунальнага будаўніцтва і інжынерна-транспартнай структуры, прыняты меры па паляпшэнні якасці пасажырскіх перавозак, даступнасці аказання меддапамогі. Сёння ў прыярытэце тая ж тэматыка: жыллёва-камунальная гаспадарка, архітэктура і будаўніцтва, жыллёвы фонд, землеўпарадкаванне і землекарыстанне, гандаль і спажывецкі рынак, транспарт, занятасць насельніцтва, ахова працы, сацыяльнае і пенсійнае забеспячэнне.

— Работа з насельніцтвам — найважнейшая задача, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Мы сістэматызуем звароты грамадзян і аналізуем, па якіх кірунках больш за ўсё звяртаюцца нашы людзі. Робім гэта таму, што ёсць пытанні сістэмныя, а ёсць прыватныя. Гэта не значыць, што апошнія трэба пакідаць без увагі. Трэба толькі выбудаваць падыходы. Пры фарміраванні бюджэту наступнага года закладваем пэўныя сумы па вызначаных кірунках. Магіляўчан хваляваў стан дарог, шмат было выказванняў на гэты конт у інтэрнэце. Сёння мы практычна знялі гэта пытанне. Звароты прысутнічаюць, але ў цэлым вастрыню пытання атрымалася зняць. Астатняе трэба дапрацоўваць. Наступны кірунак, які хваляваў грамадзян, — дваровыя тэрыторыі. Мы заняліся гэтай тэматыкай. Летась прынялі рашэнне, што будзем заходзіць у двары комплексна. Робім дах, стыкавыя панэлі, праезды, плюс дзіцячая пляцоўка. Мы пабудавалі больш чым 100 дзіцячых пляцовак. Вядома, усё не ахапілі, за год усё не зробіш. Але бачым водгукі людзей і ведаем, што на правільным шляху. Таму ўмацоўваем гэты кірунак. Кожны наш раён ганарыцца гісторыяй, і гэты пасыл быў выкарыстаны. Рабілі пляцоўкі з патрыятычным ухілам, таму што гэта яшчэ і выхаванне.

Прыцягваем і насельніцтва да будаўніцтва пляцовак. Не таму, што не ў стане самі гэта зрабіць, а таму, што ламаць менш будуць. Тут галоўнае — выхаванне. Насельніцтва хвалюе і медыцынскае абслугоўванне. Мы пераарыентавалі частку бюджэтных сродкаў на гэтыя мэты. 

Сёлета вядзём рамонт, будаўніцтва васьмі бальніц і паліклінік раёна. Умацоўваем міжрэгіянальныя цэнтры, прыблізна на 15 мільёнаў долараў закупілі медабсталявання. Гэта ўсё дало нам станоўчы эфект. Спадзяёмся, што і медыкі будуць больш уважлівымі да пацыентаў. Матэрыяльны бок мы вырашылі, важна, каб і кадры спрацавалі адпаведна. У Магілёве пабудаваны арэндны жылы дом для медработнікаў.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што былі пытанні да сістэмы адукацыі. Сёлета на вырашэнне іх было выдзелена парадку 70 мільёнаў рублёў. Практычна ўсе школы адрамантаваныя, у тым ліку сельскія. Плюс дзеці пераведзены на новую форму харчавання.

— Усё ў комплексе дае пэўны эфект, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Нельга сказаць, што праблем няма. Яны ёсць. Праблема ў тым, што ёсць школы, дзе на невялікую колькасць вучняў 26 выкладчыкаў. Бюджэт не вытрымлівае дадзеную нагрузку. І пытанне трэба вырашаць, хаця яно балючае. Прасцей дзяцей падвозіць у буйныя школы. Дзякуючы праграме Прэзідэнта, з гэтым няма праблем. Ёсць пытанне па зносе грамадскага аўтатранспарту, трэба паскоранымі тэмпамі яго мяняць. І гэту праграму трэба ўмацоўваць абавязкова.

Што датычыцца работы па прыватных зваротах грамадзян, то, на думку Анатоля Ісачанкі, гэта часам недапрацоўка саміх чыноўнікаў.

— Шмат чаго можна вырашаць на месцы, — рэзюмуе ён. — Аблвыканкам выдзеліў кожнаму раёну па 6,5 тысячы рублёў для вырашэння дробных пытанняў. Дробязь, але хопіць той жа калодзеж падрамантаваць, зону адпачынку добраўпарадкаваць.

Працуем талакой

Разглядам зваротаў грамадзян займаюцца не толькі сенатары, прадстаўнікі выканаўчай улады і дэпутаты, на апярэджанне працуюць грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, прадстаўнікі мясцовага самакіравання.

Вопытам работы падзяліўся старшыня Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін.

— Для аператыўнага і аб’ектыўнага адказу грамадскасці на бягучы запыт насельніцтва і быў створаны пры Магілёўскім аблвыканкаме першы ў краіне каардынацыйны савет, які працуе ў практычнай плоскасці, а не на словах, — паведаміў ён. — Дзейсным інструментам работы з насельніцтвам сталі грамадскія прыёмныя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Прыём грамадзян вядуць не толькі актывісты грамадскай арганізацыі, але і іншых структур, напрыклад, дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Прафсаюзы заканадаўча маюць права кантраляваць працэс захавання правоў працоўных. Сёлета гэтыя арганізацыі ў рамках разгляду зваротаў работнікаў наконт незаконна ўтрыманых або недаплачаных ім грашовых сродкаў вярнулі больш чым мільён рублёў.

Па словах выступоўцы, насельніцтва звяртаецца ў грамадскія структуры не толькі па падтрымку сваіх правоў, але і па дадатковую дапамогу, у тым ліку матэрыяльную. Летась, напрыклад, грамадскімі арганізацыямі для забеспячэння пытанняў сацыяльнай палітыкі было прыцягнута болей чым два мільёны долараў. Актыўна выкарыстоўваюцца і ўласныя сродкі грамадскіх арганізацый, у тым ліку і для гуманітарнай дзейнасці ў адносінах да бежанцаў і мігрантаў. Абласныя структуры «Чырвонага Крыжа», Фонду міру, Дзіцячага фонду на працягу двух апошніх гадоў аказалі дапамогу болей чым 35 тысячам чалавек. У тым ліку ў матэрыяльным выяўленні на суму больш чым два мільёны рублёў. Грамадскія аб’яднанні ўдзельнічаюць у зборы сродкаў на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў. Цяпер у вобласці вядзецца збор сродкаў на будаўніцтва музея Славы Магілёўшчыны.

Пра дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на прыкладзе Крычаўскага раёна расказала старшыня Крычаўскага райсавета Ірына Пруднікава.

— Старасты, старшыя дамоў, старшыя камітэтаў — гэта першыя памочнікі ў нашай дзейнасці, — адзначыла дэпутат. — Райцэнтр падзелены на восем мікразон, у кожнай абраны старшыня. Яны і дапамагаюць нам, дэпутатам, знаходзіць актыўных людзей, якія замацоўваюцца за дамамі і вуліцамі. Такіх у нас задзейнічана 218 чалавек. Гэта людзі розных узростаў, прафесій, якія выбіраюцца насельніцтвам шляхам галасавання на агульных сходах. У сельскай мясцовасці нашы памочнікі — старасты. У інтэрнэце створаны групы, праз якія насельніцтва можа задаць любое пытанне. Гэта аператыўна і эфектыўна. Пытанне здымаецца ў кароткія тэрміны. Добрая практыка.

Старшыня Савета Рэспубліка ў хваліла крычаўскі вопыт і пажадала, каб гэта практыка была распаўсюджана на іншыя рэгіёны. Бо форма працуе на папярэджанне скаргаў і спрыяе стварэнню згоды ў грамадстве.

Пра работу з насельніцтвам на прыкладзе Ходасаўскага сельсавета расказаў яго старшыня Анатоль Пруднікаў

У Мсціслаўскім раёне гэта адзін з самых буйных сельсаветаў.

— У зоне асаблівай увагі — пытанні жыццезабеспячэння грамадзян, — паведаміў старшыня сельсавета. — У цесным узаемадзеянні з органамі выканаўчай улады вырашаюцца надзённыя пытанні сацыяльнай накіраванасці. Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца дні дэпутата, святы вёсак, а таксама рэалізацыя сумесных ініцыятыў. Прыярытэтным кірункам дэпутацкага корпуса з’яўляецца работа народных выбраннікаў на месцах. Асноўная частка пытанняў вырашаецца аператыўна або тлумачыцца на момант паступлення. Тыя пытанні, якія патрабуюць дадатковага рашэння, вывучаюцца і вырашаюцца ва ўзаемадзеянні з упраўленнямі і аддзеламі райвыканкама, а таксама арганізацый. У рамках дзён дэпутата працуюць адначасова дэпутаты абласнога, раённага і сельскага ўзроўню. І гэта карысны вопыт.

Наша мэта — мір і стабільнасць

Наталля Качанава падкрэсліла, што ў краіне выразна выбудавана работа са зваротамі грамадзян. І эфект значны. Але жыццё ідзе, і ўзнікаюць новыя пытанні. І ў іх трэба вельмі ўважліва разбірацца.

— У краіне шмат чаго робіцца для таго, каб жыццё было камфортным і спакойным, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Сёлета наша эканоміка вельмі добра спрацавала. Гэта відаць па тым, як працуюць сацыяльныя праграмы. Двойчы павышаліся пенсіі, падоўжаны тэрмін дзеяння сямейнага капіталу, пашыраны магчымасці яго прымянення. Укладаюцца вялікія сродкі ў будаўніцтва дарог, жылля. Пра гэта таксама павінна ведаць насельніцтва. Бо ўсё, што робіцца, накіравана выключна на росквіт нашай краіны і рост дабрабыту людзей. Пра гэта вельмі важна помніць у такі неспакойны час, калі вакол краіны ідзе нагнятанне абстаноўкі, вядуцца спробы ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Трэба ўсяму гэтаму супрацьстаяць. 

Мы павінны захаваць мір і стабільнасць у краіне.

Старшыня Магілёўскага аблсавета, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Гарошкін назваў работу выязнога пасяджэння вельмі карыснай і эфектыўнай.

— Мы дзелімся вопытам, глядзім, што робяць на месцах, чым займаюцца сельсаветы, раённыя, гарадскія і абласныя Саветы дэпутатаў. І як вынік гэтай работы здымаецца напружанне ў грамадстве, — аргументаваў ён. — У ходзе выязнога пасяджэння неаднойчы гучала думка, пра якую пастаянна гаворыць кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, спасылаючыся на Канстытуцыю, што Беларусь — гэта дзяржава для народа. У нас робіцца ўсё для таго, каб чалавек, які жыве на зямлі, адчуваў сябе камфортна. Мы павінны ведаць, чым жывуць людзі, якія праблемы ў іх існуюць і выпрацоўваць шляхі іх вырашэння. У ходзе такіх пасяджэнняў выяўляюцца менавіта метады вырашэння гэтых задач. Мы бачым, што запыты сёння розныя. Па сутнасці, яны павінны вырашацца нават не на ўзроўні вобласці ці краіны, а на ўзроўні сельсаветаў і раёнаў. Але ёсць пытанні, якія павінны вырашыцца на заканадаўчым узроўні. Мы павінны іх выяўляць і своечасова даносіць да Савета Рэспублікі, а гэта і задача сенатараў у тым ліку.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Аляксандр Багель падкрэслівае, што работа з насельніцтвам дапамагае адчуваць настрой грамадства.

— Трэба быць уважлівым да прапаноў людзей, калектываў, без гэтага нельга, — заўважае ён. — Асабліва сёння, напярэдадні такой значнай падзеі, як выбары Прэзідэнта. Ад нашага выбару залежыць, што будзе з нашай краінай.

— Вырашэнне пытанняў жыхароў — галоўная задача, якая стаіць перад дэпутацкім корпусам, — адзначыла старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Нам трэба разумець, што хвалюе нашых людзей. Пра гэта мы даведваемся на нашых з імі сустрэчах. А ўдзел у такіх пасяджэннях з удзелам Прэзідыума Савета Рэспублікі — добрая школа, вопыт, абмен меркаваннямі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Кіраўск

Загаловак у газеце: «Да ўсіх трэба ставіцца з павагай і цярпеннем»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.