Не так даўно на «Дажынках» у Валожыне прагучаў яшчэ адзін пасыл да таго, што настаў час вяртацца ў вёску. Кіраўнік дзяржавы гаварыў аб неабходнасці ствараць такія ўмовы ў сельскай мясцовасці, каб людзі імкнуліся жыць і працаваць там, каб ехалі туды нават з Мінска і іншых вялікіх гарадоў, а не наадварот: «Трэба зрабіць так, каб нашы дзеці бегалі басанож па траве, дыхалі свежым паветрам, харчаваліся сваімі прадуктамі. І самае галоўнае, каб у выніку яны не адрываліся ад роднай зямлі, не шукалі сваё шчасце недзе далёка. Каб нашы дзеці хацелі і маглі працаваць на сваёй зямлі...»
Проста ў працяг гэтага на самым высокім узроўні прагучала тэма неабходнасці будаўніцтва добрых дарог ад райцэнтраў да аграгарадкоў. Цікава, што амаль тое ж самае, толькі простымі словамі, гаварыў аўтару гэтых радкоў былы калгасны трактарыст, ардэнаносец, 82-гадовы жыхар вёскі Немкавічы Пружанскага раёна Міхаіл Герасімчук. Наша з ім гутарка адбылася ў 2017 годзе. На жаль, шаноўнага ветэрана працы ўжо няма з намі. Захаваліся толькі запісы і тэкст газетнага артыкула. Дык вось, у нястомнага працаўніка калгаснай нівы былі свае рахункі да кіраўніцтва былой краіны перыяду 70-80-х гадоў. Ён лічыў, што няправільная палітыка праводзілася ў адносінах да сельскіх жыхароў. Не заахвочвалі маладых жыць у вёсцы, наадварот, рабілі ўсё, каб яны ўцякалі ў горад: «Якая перспектыва тут была ў майго старэйшага сына? Ні работы з прыстойнай аплатай, ні магчымасці атрымаць добраўпарадкаванае жыллё, ні нават ажаніцца. Бо дзяўчаты нашы, як толькі скончаць школу, бягом беглі — хто ў інстытут альбо тэхнікум, а большасць — на гарадскія прадпрыемствы. Потым ужо едуць у вёску з гарадскімі жаніхамі, тымі ж вяскоўцамі, нядаўна прыстроенымі ў горадзе... А ён, хоць і хіліўся душой да зямлі, паехаў са сваімі аднакласнікамі ў горад. Жыў у інтэрнаце... Каб хоць трошкі будавалі жыллё, можа, мой сын і яго таварышы аселі б тут, можа, не апусцелі б нашы вёскі ўшчэнт. Цяпер вось будуюць шмат, і многае робяць для вялікіх вёсак, цэнтраў калгасаў, а нашы так і засталіся паміраць, бо час упушчаны». Зразумела, чаму ў Міхаіла Юстынавіча балела душа, у сваіх Немкавічах ён заставаўся апошнім жыхаром. Суседзі паўміралі, а іх дзеці аселі ў гарадах.
У вёсцы ж могуць жыць людзі, якія не баяцца працы, у якіх працавітасць захавалася ад продкаў на генным узроўні. Гэтае разуменне прыходзіць, калі пазнаёмішся з цяперашнімі маладымі жыхарамі населеных пунктаў. Такімі, напрыклад, як шматдзетная сям’я Целяціцкіх. Іх гісторыя — якраз прыклад таго, аб чым гаварылі нядаўна ў Валожыне. Да нядаўняга часу Святлана і Аляксандр былі пінчанамі, жылі і працавалі ў сталіцы Палесся, выхоўвалі траіх дзяцей. Але, атрымаўшы ў Пінску трохпакаёвую кватэру на льготных умовах, прынялі рашэнне перабрацца ў вёску. У Коланску Івацэвіцкага раёна Святлану шмат гадоў чакаў дом яе любімай бабулі.
Сюды і перабралася сям’я прыкладна пяцігодку таму, тут ужо нарадзіліся малодшыя сыны. І цяпер у іх не толькі вялікая сям’я, але і вялікая гаспадарка. Дом таксама будзе вялікі, калі яго канчаткова давядуць да ладу, паводле новай планіроўкі закладзена шэсць пакояў, крыху пабольшае кухня, паменшаюць падсобныя памяшканні. Аляксандр — будаўнік па прафесіі, асноўнае робіць сваімі рукамі.
Цікава, што муж і жонка — абое гараджане, нарадзіліся і выраслі ў Пінску. Але Святлана школьніцай кожнае лета праводзіла ў бабулі, навучылася ўпраўляцца і з каровай, і са свіннёй, і з птаствам.
Адсюль любоў да хатняй жыўнасці, што цяпер гадуецца і ў яе хлявах.
У іх ёсць дзве каровы, бычок, свінкі рохкаюць, ёсць пару авечак ды козачак, хрумстаюць караняплоды ў клетках трусы. А на птушыным двары гогалем ходзіць чубаты певень з вывадкам, а таксама качкі, гусі. Гаспадыня перыядычна закладвае партыю яек у інкубатар, такім чынам выводзяцца кураняты. Наогул яна непапраўны эксперыментатар, аднойчы нават перапёлак вывела ў сваім інкубатары.
Так што сямейная харчовая праграма выконваецца на ўсе сто. Малочныя прадукты свае, мясныя таксама. Лішкі малака Целяціцкія здаюць на прыёмны пункт, мясам дзеляцца са сваякамі — гарадскім бацькам, братам, сёстрам гаспадароў экалагічна чыстага мяса па кавалку рэгулярна перападае.
Першапрычына вялікай гаспадаркі, несумненна, у тым, што Святлана жыўнасць любіць. Як пажартаваў муж: «Ёй каб даў волю, слана купіла б і паставіла тут». Але ж галоўную ролю адыгрывае іх працавітасць, бо пяцёра дзяцей, дом, вялікая гаспадарка прымушаюць гаспадароў шмат працаваць кожны дзень.
Вось гэтую формулу поспеху і дабрабыту сям’і ў вёсцы агучыла аднойчы шматдзетная маці з Кобрынскага раёна Ірына Шавялёва: «Мы не лянівыя», — сказала яна аўтару гэтых радкоў. А хто будзе спрачацца? Ірына ў 30 гадоў мае траіх дзяцей, уласны дом з агародам, год таму выйшла на работу з дэкрэтнага водпуску і ўсюды паспявае.
Не баяцца працы, часам цяжкай, фізічнай, — і ёсць першая ўмова смельчакоў, якія рашаюцца памяняць горад на вёску. А яшчэ трэба быць гатовым зрушыць з прывычнай каляіны і перамяніць жыццё. Напрыклад, мінчанка Іна Родак памяняла сталіцу на жыццё ў палескай глыбінцы. З ёй я пазнаёмілася летась у вёсцы Закляценне ў Драгічынскім раёне.
У яе свая гісторыя, свой лёс. Яна, мінчанка ў трэцім пакаленні, ніколі не чула пра тое Закляценне, ні сваякоў тут не было, ні знаёмых. Нарадзілася і вырасла ў Мінску, там вучылася і працавала. У яе быў свой невялікі бізнес, па яго справах нейкі час працавала ў Расіі. Але крызіс 2010 года паўплываў на стан спраў не лепшым чынам, а яшчэ дабавіліся асабістыя праблемы. Адным словам, крыху больш за дзесяць гадоў таму яна разышлася з мужам, засталася з даўгамі-крэдытамі, дачкой-студэнткай і дэфіцытам душэўнай раўнавагі. Казала, што яшчэ з пачатку 2000-х паявілася адчуванне, што мегаполіс не яе стыхія.
А тут быццам бы і нагода з’явілася нешта перамяніць. Адным словам, вырашыла з’язджаць з Мінска, заадно ратаваць рэшткі бізнесу ў Белаазёрску, раней там у яе было невялікае прадстаўніцтва. А там яе суседка Любоў Паўлаўна прапанавала хаціну ў якасці дачы, усяго за 25 кіламетраў ад Белаазёрска. Дом аддаваўся фактычна ў падарунак. Як высветлілася, хата ў Закляценні стаяла зачыненая ўжо чвэрць стагоддзя, а гаспадыня вельмі не хацела, каб дом яе дзяцінства знеслі. Ну і з’ездзіла Іна тады паглядзець не столькі з цікаўнасці, найбольш, мабыць, з ветлівасці. І ў тых зарасніках-джунглях літаральна застыла перад аграмадным, раскошным, векавым дубам. Ён быў як увасабленне нечага сапраўднага, непахіснага. Той дуб, мабыць, усё і вырашыў…
І цяпер у Іны новае жыццё, аграсядзіба пад рамантычнай назвай «Паветра». «Мне гэта цікава, я зразумела, што гэта маё, што ў гэтай справе таксама ёсць магчымасць самарэалізацыі», — гаворыць былая мінчанка. У сваёй сядзібе яна робіць акцэнт на гісторыі, традыцыях палескага краю. Купляе ручнікі і сурвэткі з бабуліных куфраў, упрыгожвае імі пакоі. Шмат займаецца кветкамі, садам, вырошчвае свае ягады, смачна гатуе. І мае ўжо сваіх пастаянных кліентаў-адпачывальнікаў, у асноўным са сталіцы.
А літаральна ў сераду мне давялося пазнаёміцца з маладымі людзьмі ў Пружанскім раёне, якія выраслі ў вёсцы і свядома выбралі вёску месцам жыхарства і работы. Хоць маглі б, вядома, як і многія іх равеснікі, будаваць свой лёс у гарадах.
Аляксандр Карунас некалькі месяцаў таму прызначаны галоўным інжынерам сельгаспрадпрыемства «Мурава». Нарадзіўся і вырас у Мураве. Машынны двор ведае з малодшых класаў, бо прыбягаў сюды да бацькі, начальніка мехатрада. Першую адукацыю атрымаў у Пружанскім аграрным каледжы і адразу прыйшоў на работу ў сваю гаспадарку. Потым вывучыўся на інжынера ў Горацкай сельгасакадэміі. Цяпер, дарэчы, без адрыву ад вытворчасці вучыцца там на эканамічным факультэце. Жонка — настаўніца, сям’я ўжо мае траіх дзяцей. Гаспадарка выдзеліла дом. «Ёсць усе магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі, для прафесійнага росту, для камфортнага жыцця. Тут таксама трэба некаму працаваць», — сказаў Аляксандр аўтару гэтых радкоў.
Яўген Улезла, малады хлопец, працуе механізатарам у «Мураве». Адслужыў у войску, вярнуўся ў сваю гаспадарку, месяц таму ажаніўся. «Ніколі нават не думаў пра горад. Прыроду люблю, прастор. Выхадных летам амаль не бывае, а калі выпадаюць увосень, зімой, альбо ў водпуск, дамовіліся з жонкай абавязкова ездзіць, падарожнічаць па нашай краіне, каб паглядзець цікавыя мясціны. А для жыцця і ў нас усё ёсць», — кажа механізатар.
Не так даўно размаўляла з 25-гадовай былой брастаўчанкай, якая з сям’ёй цяпер жыве ў адным з абласных цэнтраў нашай краіны. Пацягаўшыся па прыватных кватэрах, яны рызыкнулі, узялі крэдыт і купілі двухпакаёвую «хрушчоўку». У іх такая сітуацыя, што дапамагчы фінансава няма каму. І цяпер уся зарплата мужа, які працуе не па спецыяльнасці на адным з прадпрыемстваў, ідзе на пагашэнне крэдыту, а жывуць усе ўтрох на яе дапамогу па доглядзе дзіцяці. Жыць на такія грошы вельмі цяжка. Я ёй кажу: «Вікторыя, вы за гэтыя грошы купілі б дом у перспектыўнай вёсцы і адолелі б рамонт. Муж работы не баіцца, значыць, знайшоў бы яе і ў сельгаспрадпрыемстве. Верагодна, што зарабляў бы нават больш. Ты магла б адкрыць свой кабінет, напрыклад, па пашыве і рамонце адзення (мае адукацыю і здольнасці) і таксама зарабляла б. У вас быў бы дом, а не кватэра, дзе кухня нагадвае катушок, у які нават халадзільнік не ўлез. У вас ёсць машына, маглі б выбірацца ў горад па неабходнасці. А так, хіба ты бачыш той горад, калі ён працуе ад цямна да цямна, а ў выхадныя стараецца яшчэ недзе падпрацаваць, каб зарабіць дадатковую капейку?» Яна задумалася. Потым сказала, што, можа, і згадзілася б перамяніць жыццё, але наўрад ці муж пагодзіцца з такой перспектывай... Хоць зерне сумнення ў яе душы ўпала, буду спадзявацца, што на добрую глебу.
Даўно ведаю і яе, і яе бацькоў. Працавітасць у іх — сямейная рыса, належныя ўмовы можна знайсці ў сельскім населеным пункце у ваколіцах Брэста, бліжэй да малой радзімы. Вось толькі б смеласці ім хапіла ўзяць ды перамяніць жыццё.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.