На фестывалі «Лістапад» адбыўся чарговы паказ асноўнага конкурсу негульнявых фільмаў. Гэта былі стужкі рэжысёра Уладзіміра Луцкага «Абіцель святой Еўфрасінні» вытворчасці студыі «Беларусьфільм» і сумесная стужка расійска-беларускай вытворчасці «Тургенеўскія беларусы» рэжысёра Ашота Джазаяна.
Для Уладзіміра Луцкага гэта не першы зварот да постаці Святой Еўфрасінні — першы фільм пра святую ён зняў у 2015-м годзе. У аснову гэтага фільма пакладзена «Жыціе прападобнай Еўфрасінні». «Якой яна была?» — паўтараецца ў дыктарскім тэксце. Адказ на пытанне, якой была полацкая княжна, што адмовілася ад зямных дабротаў дзеля нябёсных, стваральнікі фільма шукаюць разам з героямі фільма і гледачамі. Расповед пра святую вядзецца на фоне жыцця манастыра, якому ў наступным годзе спаўняецца 900 гадоў: на занятках у нядзельнай школе, з вуснаў ігуменні Еўдакіі (Ляўшук), праз дыктарскі тэкст... Глядач даведваецца не толькі пра акалічнасці зямнога бытавання святой, але і пра лёс заснаванай ёю абіцелі, пра тое, як святыя мошчы благавернай з Іерусаліма, дзе яна спачыла, трапілі ўрэшце на Беларусь, і пра тое, якія цуды ля іх адбываюцца. Мы пабываем на начной службе ў манастырскім храме — заварожваючая, велічная карціна, зазірнем на кухню, дзе рыхтуюцца прасфоры, у іканапісную майстэрню... Уражвае і падарожжа па храме, збудаваным калісьці дойлідам Іаанам па замове святой Еўфрасінні. Старажытныя фрэскі дазваляюць зазірнуць у XII стагоддзе, яны поўныя таямніцаў, пра што расказвае вядомы рэстаўратар з Санкт-Пецярбурга Сяргей Лалазараў, пад чыім кіраўніцтвам зараз вядуцца ў храме рэстаўрацыйныя працы. Не можа не ўразіць, напрыклад, фрэска з адзінай дакладна пацверджанай выявай Еўфрасінні, яшчэ без німбу. На вялікі жаль, страчаны фрагмент яе аблічча. Якраз дзе яно было намалявана, выходзіла драўляная сувязь, перад тым, як распісаць сценку, сувязь зрэзалі, але фрагмент яе выгніваў у кладцы, і «адстраліў» частку фрэскі... Мы зазіраем у келлю святой Еўфрасінні, з вакенца якой відаць выявы Прападобных Сімяона Стоўпніка і прападобнага Данііла Стоўпніка — такой была задума святой, якая хацела заўсёды мець перад вачыма прыклад сапраўднай веры. У фільме ўвогуле шмат ворбразнасці, сімволікі, запамінальных, пранізлівых сцэн, чаму спрыяла і майстэрства аператара Максіма Куроўскага. Напрыканцы стужкі глядач далучаецца да свята ў манастыры, да асаблівай узнёслай атмасферы духоўнага сэрца беларускай зямлі. Дыктарскі тэкст у фільме чытаў Руслан Чарнецкі, заслужаны артыст Беларусі і народны дэпутат.
Фільм «Тургенеўскія беларусы» рэжысёра Ашота Джазаяна распавядае пра вёску ў Іркуцкай вобласці, дзе жывуць нашчадкі перасяленцаў з Беларусі. Яны не хочуць забываць пра свае карані, наадварот — ганарацца імі. Мы ўбачым жыццё простых, працалюбных людзей, якія шчыруюць на той зямлі, на якой жывуць, і лічаць Тургенеўку самым лепшым месцам на свеце. У вёску, дзе дасюль пяюць народныя беларускія песні і памятаюць традыцыі, увесь час прыязджаюць госці з Беларусі, ёсць і беларуская вёска-пабрацім — Моталь. Фільм «Тургенеўскія беларусы» быў у свой час паказаны на канале «БелРос».
Пасля прагляду — а на ім сабралася паўнюткая зала — адбылося абмеркаванне. Гледачы адзначылі, што два фільмы, хоць яны і розныя па стылістыцы, з’ядноўвае тое, колькі там у кадрах прыгожых, адухоўленых дзіцячых твараў... Уладзіміра Луцкага папыталіся, чаму на гэты раз ён зняў фільм не ў жанры «докудрама» — менавіта ў ёй быў фільм пра паўстанне ў гета ў беларускім мястэчку, за які Уладзімір Луцкі атрымаў узнагароду мінулагодняга фестываля «Лістапад». Рэжысёр адказаў, што прыслухаліся да пажаданняў манастыра — пазбегнуць гульнявых сцэн, гістарычных рэканструкцый. Ён шчыра падзякаваў насельніцам абіцелі і ігуменні Еўдакіі за дапамогу ў здымках, за гасціннасць і малітвы.
Застаецца спадзявацца, што абодва дакументальныя стужкі будуць мець шчаслівы пракатны лёс. Тым болей што фільм «Абіцель Святой Еўфрасінні» надзвычай актуальны цяпер, калі мы рыхтуемся шырока адзначаць юбілей самага старажытнага беларускага праваслаўнага манастыра, і можа выкарыстоўвацца для духоўнага асветніцтва.
Людміла ІВАНОВА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.