У Брэсцкай вобласці праходзяць выязныя семінары для старшынь раённых і сельскіх выканаўчых камітэтаў, якія былі выбраны на свае пасады ўпершыню. Як вядома, вучоба заўсёды была залогам паспяховай работы.
А кіраўнікам органаў мясцовага самакіравання асабліва важна спасцігаць нюансы па прымяненні асобных нормаў заканадаўства, асновы забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва. Важнымі выглядаюць не толькі тэарэтычная падрыхтоўка, але і наглядныя прыклады падыходаў да вырашэння таго ці іншага пытання. Акрэсленыя задачы закліканы вырашыць семінары, якія праходзяць у вобласці.
Першы такі сход арганізавалі ў Ружанах: на вучобу сабраліся старшыні раённых і сельскіх Саветаў Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Кобрынскага і Ляхавіцкага раёнаў. Прадстаўнікі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласнога МНС, іншых ведамстваў пазнаёмілі прысутных з асаблівасцямі прымянення заканадаўства ў адпаведных галінах, адказалі на шматлікія пытанні.
Асноўным спікерам семінара выступіў старшыня Пружанскага раённага Савета Мікалай Кудравец. Кіраўнік прадстаўнічай улады раёна пазнаёміў з асноўнымі эканамічнымі, сацыяльнымі, культурнымі складальнікамі Пружаншчыны. Гаварылі аб новых рабочых месцах, рабоце па прыцягненні маладых спецыялістаў, аб развіцці інфраструктуры райцэнтра і вёсак.
На Пружаншчыне ёсць што паказаць і пра што расказаць калегам у плане работы органаў самакіравання. Напрыклад, у мінулым скліканні тут пачалі паспяхова практыкаваць правядзенне дзён Савета. Для арганізацыі мерапрыемства ў канкрэтным сельсавеце ствараецца некалькі рабочых груп райвыканкама па вывучэнні сітуацыі і выпрацоўцы рэкамендацый для мясцовай улады. Напрыклад, адна група вывучае добраўпарадкаванне, падтрыманне належнага стану на вытворчых аб’ектах, машынных дварах, на могілках, іншых аб’ектах. Другая група вывучае бяспеку ўмоў пражывання грамадзян, трэцяя маніторыць праблемы медыцыны і адукацыі, яшчэ адна цікавіцца работай гандлю, пошты, аддзяленняў банка. Групы, як правіла, узначальваюць намеснікі старшыні райвыканкама. Згаданыя намеснікі разам са спецыялістамі, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў вывучаюць работу кожнага аб’екта, гутараць з людзьмі, праводзяць маленькія нарады з кіраўнікамі прадпрыемстваў, што функцыянуюць на тэрыторыі. На некаторыя заўвагі ўдзельнікаў рабочых груп на месцах рэагуюць аператыўна, і недахопы ліквідуюцца ў рабочым парадку.
На пленарным пасяджэнні, якое і назвалі днём Савета, агучваюць вынікі работы груп, праводзяць аналіз стану спраў і выпрацоўваюць рэкамендацыі надалей. На пасяджэнне запрашаюць усіх старшынь сельскіх Саветаў раёна. За некалькі гадзін да пленарнага пасяджэння праходзіць прыём грамадзян.
На пленарнае пасяджэнне запрашаюцца таксама старасты вёсак, прыходзяць усе ахвотныя. Тут можна пачуць пра стан спраў сваёй тэрыторыі, задаць пытанні, даведацца пра тое, якія недахопы былі выпраўлены за час падрыхтоўкі да дня Савета. Па выніках дня Савета складаецца пералік мерапрыемстваў і неабходных спраў з тэрмінамі іх выканання і адказнымі асобамі. Наступны дзень Савета на іншай тэрыторыі пачнецца з таго, што кіраўнік папярэдняга выканкама паведамляе калегам, што зроблена з таго пераліку.
Гаспадары семінара — ружанцы — таксама змаглі падзяліцца цікавым вопытам работы. Старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана Юркоўская расказала аб сваіх напрацоўках у плане добраўпарадкавання, сацыяльнага клопату. Удзельнікі семінара наведалі Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў, Цэнтр па рабоце з дзецьмі і моладдзю, гандлёвыя і іншыя аб’екты.
У Драгічынскім раёне падобны семінар правялі для кіраўнікоў сельскіх і раённых Саветаў Пінскага, Іванаўскага, Пружанскага, Бярозаўскага, Столінскага і Лунінецкага раёнаў. На семінары таксама выступілі спецыялісты і кіраўнікі розных ведамстваў. Удзельнікі наведалі Асавецкі і Папінскі сельскія Саветы. У Новай Папіне пабывалі ў лясніцтве, мясцовай школе, амбулаторыі. Удзельнікаў нарады зацікавіў вопыт рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы па добраўпарадкаванні могілак.
На сходзе жыхароў вёскі Зарэчка вырашылі прывесці ў парадак могілкі. Паводле слоў старшыні сельскага Савета Святланы ДЫШКО, гэта вёска вызначаецца не толькі працавітасцю, адказнасцю людзей, тут ёсць касцяк актывістаў, якія могуць падаць прыклад, апошняе вельмі важна. Яны і сталі ініцыятарамі сходу, на якім прымалася рашэнне. Адным словам, пасля сходу зборам грошай занялася жаночая суполка актывістаў. Адгукнулася пераважная большасць людзей. Патрэбную суму сабралі і купілі матэрыял на першую палову агароджы. Потым зрабілі і другую частку.
Але ж пачыналі з таго, што нанялі арганізацыю і прыбралі больш чым пяць соцень дрэў. Некаторыя дрэвы былі літаральна ў тры абхваты. Альпіністы іх папілавалі ды пакінулі на месцы. Усё гэта патрабавалася ачысціць ад галля, вывезці, прыбраць — таксама вялікая работа, потым спаліць, ачысціць тэрыторыю ад зараснікаў і хмызняку. Вяскоўцы актыўна працавалі.
У працэсе работы знайшлі некалькі раней забытых магіл — партызан, мірных жыхароў, якія загінулі падчас вайны. Гэтыя пахаванні ўжо, відаць, няма каму даглядаць, талакой іх акультурылі, крыжы паднавілі.
Цікавымі напрацоўкамі падзяліліся і ў Асавецкім сельскім Савеце. Старшыня Брэсцкага абласнога Савета, сенатар Ігар БРЫЛЕВІЧ падвёў вынікі семінара ў Драгічыне, акрэсліў кола задач органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прывёў прыклады падыходаў да вырашэння тых ці іншых пытанняў у справе жыццезабеспячэння насельніцтва.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота тэлеграм-канала Budnі.by/Раённыя будні
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.