Калі вы на пенсіі ўжо працяглы час, але ўсё яшчэ не заняліся па-сапраўднаму сваім здароўем, раім гэта зрабіць, нават калі адчуваеце сябе здавальняюча. Запішыцеся на прыём да ўрача і раскажыце яму аб тым, што вас часам турбуе. Атрымаўшы рэкамендацыі, складзіце план аздараўлення і памятайце, што ваша выздараўленне залежыць не толькі ад доктара, але і ад вас асабіста.
Вырашыце раз і назаўжды, калі вам раніцай уставаць. Раней пад’ём быў у 6.30 раніцы, а цяпер будзе, напрыклад, у 7 гадзін. Карыстайцеся будзільнікам, нават калі вы некалі прызвычаіліся ўставаць за пяць хвілін да яго званка. Паступова адвыкнеце. Ваш мозг перастане трымаць уначы «вартавы цэнтр», і вы будзеце адпачываць.
Не заседжвайцеся дапазна за чытаннем ці каля тэлевізара. Легчы апоўначы і спаць да васьмі — не тое ж самае, што легчы ў 22.30 і спаць да 6.30. Другі варыянт надасць бадзёрасці раніцай.
— Сон да паўночы ў тры разы карысней, чым пасля паўночы, пра гэта пастаянна гавораць спецыялісты і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Лепш, рана ўстаўшы, паспаць 1-1,5 гадзіны днём, пры гэтым не дапушчаючы думкі, што ўвечары вы не зможаце заснуць, — раіць урач агульнай практыкі (загадчык) аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Святлана Янушка.
Як толькі прачнуліся, выканайце свой комплекс ранішняй гімнастыкі. 10–15 хвілін практыкаванняў лежачы — выдатная абарона ад прастуды, пасля адразу ўставайце. Пажадана час ад часу ўводзіць у адпрацаваны ўжо комплекс 1-2 новыя практыкаванні, якія падаюцца вам карыснымі і ў дапамогу якіх вы верыце.
— Вядома, можна дазволіць сабе паспаць крышачку даўжэй, але доўгае залежванне ў ложку пасля прабуджэння заахвочвае ляноту, зніжае бадзёрасць і энергію, — нагадвае ўрач. — І галоўнае, гэта вера — у практыкаванне, лекі, дыету, урача, яна ўзмацняе лячэбны эфект.
Толькі пасля зарадкі, прыняўшы душ альбо зрабіўшы абціранне, сядайце снедаць. Часу ў вас шмат, так што ешце павольна, хвілін на 7-10 даўжэй, чым раней. Калі ў вас лішняя вага і павышаны апетыт, рабіце перапынкі: каму-небудзь патэлефануйце, зірніце на тэрмометр за акном, уключыце радыё. Паспрабуйце не глядзець за ежай тэлевізар. Прымайце ежу, адчуваючы ўсе смакі. Пасля сняданку пазбягайце сну і дадатковага адпачынку, асабліва пры лішняй вазе. Карысна здзяйсняць ранішнія прагулкі. Калі ёсць сабака, адпраўляйцеся з ім на вуліцу.
Заўсёды знаходзьце сабе дома нейкую работу: прыбірацца, шыць, хадзіць у краму. На жаль, усе гэтыя справы не дастаўляюць задавальнення. Вось чаму так неабходна знайсці хобі — прыемны, не надакучлівы вам занятак-забаўку, які вы спынялі б толькі тады, калі стоміцеся ці калі вас адарве ад яго нешта важнейшае.
Абавязкова выдаткоўвайце час для знаходжання на паветры — па 1,5-2 гадзіны два разы на дзень, некаторым падыходзіць аднаразовая прагулка на працягу 3-4 гадзін. Гуляць лепш за ўсё ў лесе, парку, садзе. Там, дзе няма вялікай колькасці транспарту і шмат чыстага паветра. Старайцеся штодзень падымацца па лесвіцы хоць бы на 2-3-і паверхі, калі можаце, то і на 4-ы, а ў ідэале — 1-2 разы на 5-7-ы паверхі. Паступова падаўжайце дыстанцыю: не бойцеся, што сэрца заб’ецца крыху мацней — яму карысныя ўмераныя нагрузкі, але не перагрузкі. Пры неабходнасці адпачывайце пасля кожнага марша: пастаялі на пляцоўцы — рушылі далей. Вашымі кантралёрамі будуць нармальнае самаадчуванне, нармальны сон і добры настрой. Калі ўсё ў парадку, значыць, нагрузка не была празмернай. Не забывайце наведваць урача, які паслухае сэрца, памерае ціск і дасць рэкамендацыі.
Вольны ад работы час дазваляе вам часцей хадзіць на выставы, у музеі, пачаць наведваць тэатры. Развівайце ў сабе пачуццё гумару, імкніцеся слухаць радыё, глядзець па тэлевізары камедыі, вясёлыя прадстаўленні — нават калі вы іх ужо бачылі. Вельмі добра загадзя купіць білет у тэатр. Плануючы туды пайсці, вы настройваецеся на атмасферу тэатральнай залы. Вядома, адзецца трэба як на ўрачыстасць да лепшага сябра, і вы будзеце адчуваць сябе больш упэўнена, бо заўсёды прыемна быць у грамадстве.
Шляхам апрабавання розных варыянтаў знайдзіце аптымальны для вас рэжым начнога сну. Абавязковая ўмова начнога сну — гэта свежае паветра, таму пажадана адкрываць фортачку. Калі холадна, уцяпляйцеся, але дыхайце свежым паветрам. Для арганізма чалавека, акрамя правільнага харчавання і руху, важна таксама і расслабленне.
Карысныя розныя водныя працэдуры: душ, абліванне або абціранне. Гэта і гімнастыка для сасудаў, скуры, і выдатны спосаб загартоўвання, і крыніца дабратворных стымулаў для ўнутраных органаў. Пасля зарадкі і водных працэдур вы павінны адчуць сябе нашмат лепш. А калі раптам самаадчуванне пагаршаецца, значыць заняткі трэба спыніць, а праз некалькі дзён аднавіць, але зменшыць іх інтэнсіўнасць. Можна параіцца з урачом адносна комплексу аздараўленчых мерапрыемстваў для вашага арганізма.
Алена КРАВЕЦ
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.