Вы тут

Як пазбавіцца ад грызуноў у доме?


Восень — той час, калі грызуны імкнуцца пракрасціся ў дамы і пабудовы ў пошуках ежы і цяпла. І калі ў вядомай казцы мышка — бяскрыўдная памочніца ва ўборцы ўраджаю, то ў жыцці — гэта шкоднік харчоў, маёмасці і пераносчык такіх небяспечных захворванняў, як шаленства, лептастыроз, іерсініёз, тулярэмія, сальманелёз, дызентэрыя, гельмінтозы і многія іншыя. Узбуджальнікі інфекцый могуць трапляць у арганізм чалавека пры ўжыванні забруджаных прадуктаў харчавання, удыханні пылу, які змяшчае вылучэнні грызуноў, пры трапленні свежых экскрэментаў, мачы, сліны грызуноў у ранкі і драпіны на скуры. Якія ж існуюць спосабы пазбавіцца ад нязваных гасцей? Пра іх расказала інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.


Самы танны спосаб

Калі мышы знойдуць адтуліну, шчыліну ці магчымасць падкапацца пад хату, яны пастараюцца пракрасціся ўнутр памяшкання. Таму неабходна праверыць сцены, падлогі і дахі на наяўнасць расколін і адтулін, праз якія могуць пранікаць грызуны. Замуруйце іх цэментам, металічнымі сеткамі ці іншымі матэрыяламі.

Калі мышы ўсё ж сталі вашымі няпрошанымі гасцямі, пазбавіцца іх можна некалькімі спосабамі. Найперш гэта механічныя пасткі. У залежнасці ад прынцыпу дзеяння яны дазваляюць злавіць мыш у жывым або ў мёртвым выглядзе. Лепш выкарыстоўваць адразу некалькі пастак рознага тыпу. Гэта дасць больш шанцаў злавіць усіх мышэй, бо некаторыя грызуны могуць ведаць, як пазбегнуць пастак.

Сёння прадаюцца і клеявые пасткі. Яны ўяўляюць сабою кардонную, папяровую, радзей пластыкавую падставу і ліпкі клеявы пласт. У цэнтр змяшчаецца прынада. Мыш, якая трапіла ў клей, не можа вызваліцца і гіне ад абязводжвання. Недахоп спосабу ў тым, што пастка лічыцца аднаразовай. Яе даводзіцца выкідваць разам з мышшу.

Ультрагук і яды

Адным з найбольш гуманных спосабаў з’яўляюцца ўльтрагукавыя ці электрамагнітныя адпужвальнікі грызуноў. Прыбор генеруе электрамагнітныя ці ўльтрагукавыя хвалі, якія ўздзейнічаюць на нервовую сістэму грызуноў. Такім чынам ствараюцца непераносныя для гэтых жывёл умовы пасялення, і шкодныя суседзі сыходзяць у іншае месца.

У некаторых месцах найлепшым спосабам ад грызуноў будуць яды. Асартымент прэпаратаў у цяперашні час вельмі разнастайны. Атрутныя прынады выпускаюцца ў выглядзе цеста-брыкетаў, збожжавых прынад, васковых брыкетаў або таблетак, гранул, гелю-канцэнтрату. Па назіраннях пацукі больш ахвотна паглынаюць мяккія кавалачкі цеста-брыкету. А вось мышы часцей грызуць збожжавую прынаду. Васковыя таблеткі ідэальна падыходзіць для барацьбы з грызунамі ў садзе, агародзе, у склепе, у сырых і вільготных месцах.

Пры выкарыстанні атруты для мышэй важна правільна абраць месцы для размяшчэння атрутных прынад. Прэпараты раскладваюцца на кардонныя падкладкі, бляшаныя вечкі, у невысокія слоікі і латкі. Расстаўляюцца каля нор, уздоўж сцен і «сцежак» з памётам праз 2-4 м невялікімі порцыямі. Прынады варта рэгулярна правяраць і папаўняць.

Яды вострага дзеяння выклікаюць гібель грызуноў пасля аднаразовага паглынання прынады. Аднак з хуткім развіццём працэсу атручэння звязана і ўзнікненне насцярожанасці ў грызуноў, адмова ад паўторнага паядання атрутнага пачастунку.

Яды хранічнага (кумулятыўнага) дзеяння назапашваюцца ў арганізме жывёлы і паступова прыводзяць да яго гібелі. З прычыны павольнага развіцця атручвання грызуны не звязваюць хваравітых адчуванняў з паглынаннем прынады і насцярожанасці да гэтых прэпаратаў не праяўляюць.

Вельмі важна пастарацца абмежаваць доступ мышэй да вады. Вадкасць спрыяе выдаленню таксінаў з мышынага арганізма, акрамя таго, вада для грызуноў — абавязковая ўмова для пражывання. Калі няма доступу да вады ці сакавітага корму, грызуны гінуць на працягу 4-5 дзён.

Выкарыстоўваць атрутныя прынады варта з асцярожнасцю, ужываючы пры рабоце сродкі індывідуальнай абароны: пальчаткі, рэспіратар, ахоўныя акуляры. Каб абмежаваць кантакт з прэпаратам свойскіх жывёл, рэкамендуецца выкарыстоўваць спецыяльныя кантэйнеры — прынадныя домікі. Таксама трэба памятаць, што мёртвая мыш пакідае пасля сябе непрыемны пах.

Кошкі-мышкі

Добрым сродкам барацьбы з мышамі застаецца кошка. Сам пах хатняга драпежніка выклікае ў мышэй страх і прымушае іх шукаць іншае месца для зімоўкі. Аднак кот лёгка справіцца з 1–2 мышамі, але калі ў хаце іх цэлае полчышча, то наўрад ці ў вашага сябра хопіць сіл пералавіць іх усіх. Акрамя таго, не кожная кошка стане лавіць мышэй. Ганарлівая гарадская, распешчаная кормам з пакеціка жывёла хутчэй аддасць перавагу пакачацца на падушцы, чым ганяцца за мышшу.

Народныя метады

Мышы не любяць рэзкіх пахаў і раслін, якія непрыемна пахнуць. Паспрабуйце выкарыстоўваць для адпужвання грызуноў рыззё, прамочанае газай, шкіпінарам, бярозавым дзёгцем або маззю Вішнеўскага, раскладаючы яго ў скляпах і падполах, на гарышчы, у адрынах і гаражах. З раслін адпудзіць грызуноў дапамогуць перачная мята, багун, каляндра, бузіна, піжма, палын.

Калі праблема становіцца занадта сур’ёзнай, магчыма, варта звярнуцца да спецыялістаў па дэратызацыі (барацьбе з грызунамі). Яны змогуць правесці больш дакладны аналіз сітуацыі і прапанаваць найбольш прыдатныя метады барацьбы.

Жыхарам шматкватэрных дамоў пры з’яўленні няпрошаных гасцей трэба звярнуцца ў арганізацыю, на абслугоўванні якой знаходзіцца дом (ЖЭС, ЖЭУ, ТС і інш.). Менавіта яны арганізуюць правядзенне дэратызацыйных мерапрыемстваў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: І мыш не праскочыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.