Вы тут

Як грэцца, каб не загарэцца?


Печ — адзін з найважнейшых атрыбутаў прыватнага дома. Без яе немагчыма ўявіць утульную дачу або дом у ціхай вёсцы. Але яе, як і ўсе складаныя і важныя рэчы, таксама трэба ўмець выкарыстоўваць. Абыякавасць можа прывесці да самых сур’ёзных наступстваў. Як сагрэцца ў халодную пару і пазбегнуць трагедыі? Што неабходна зрабіць, каб павысіць бяспеку ў доме ў ацяпляльны сезон? Карэспандэнты «Звязды» пашукалі адказы на гэтыя пытанні разам з намеснікам начальніка Смалявіцкага РАНС падпалкоўнікам унутранай службы Сяргеем Тарасевічам, арганізаваўшы рэйд па населеных пунктах Смалявіцкага раёна.


Эксплуатацыя па правілах

Першым прыпыначным пунктам на нашым маршруце стала вёска Лютка Смалявіцкага раёна. Разам з намеснікам начальніка Смалявіцкага РАНС і сацыяльным работнікам наведалі шматдзетную сям’ю, якая знаходзіцца на ўліку. Спачатку праверылі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, пасля — тэхнічны стан печаў. Як высветлілася, у доме ўстаноўлены дзве печы і адзін камін. З іх толькі адна печ адпавядае патрабаванням пажарнай бяспекі.

— Ацяпленне ў нас пячное, камінам не карыстаемся. Нам прапаноўвалі яго прыбраць, але навошта, стаіць сабе для прыгажосці. Калі палім у печы, выконваем усе правілы бяспекі, дзяцей адных без нагляду не пакідаем. Ніякіх праблем не ўзнікае, нічога не дыміць, — распавяла шматдзетная маці Анастасія Уладзіміраўна.

— Першая печ, відаць, новая, добрая. Адзінае — нельга захоўваць падручныя рэчы ў непасрэднай блізкасці да яе. Не сушыце рэчы ўшчыльную да печы. Па патрабаваннях бяспекі ад вонкавай паверхні печы да любых гаручых матэрыялаў павінна быць не менш чым 10 сантыметраў, — звярнуў увагу Сяргей Тарасевіч. — Другая печ не адпавядае правілам бяспекі. Печ пры праходжанні дымахода праз перакрыцце павінна мець спецыяльнае пашырэнне. Таму яе прыйдзецца перарабіць. Усяго з трох печаў, якія маюцца ў доме, дзве неабходна рамантаваць.

Пасля агляду намеснік начальніка Смалявіцкага РАНС уручыў жанчыне памятку з карыснымі парадамі і рэкамендацыямі ад МНС. Там ёсць уся неабходная інфармацыя, якая датычыцца ацяпляльнага сезона, правілаў эксплуатацыі печаў і не толькі. Сяргей Тарасевіч нагадаў, што паліць печ могуць толькі дарослыя. Нельга пакідаць дзяцей без нагляду. Таксама забараняецца распальваць печ лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі, а заканчваць паліць у печы неабходна за дзве гадзіны да адыходу да сну.

«Жыццё пражыла, сама ўсё ведаю...»

Затым разам з Сяргеем Тарасевічам адпраўляемся ў вёску Калюга Смалявіцкага раёна. На вуліцах населенага пункта сустракаем пенсіянерку Лідзію Цімафееўну 1937 года нараджэння. Да яе і заходзім «на агеньчык». Перш за ўсё разам з Сяргеем Тарасевічам правяраем работу аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, затым ужо пераходзім да печы.

— У мяне пакуль адзін пажарны апавяшчальнік. Збіраюся купляць другі, якраз у той пакой, дзе сама сплю, — распавядае Лідзія Цімафееўна.

— Дык вы звярніцеся да прадстаўніка ТЦСАН, і вам бясплатна другі дадуць, — кажа намеснік начальніка Смалявіцкага РАНС.

— Ну дык давайце! Дзеці прыедуць ды павесяць, — усміхаецца пенсіянерка. — А апавяшчальнік працуе спраўна! Я неяк празявала, на вуліцы была, а ён як запішчаў, за кіламетр чуваць!

— Прысядзьце, калі ласка, дам вам пачытаць карысную інфармацыю пра эксплуатацыю печаў…

— Мае вы дзетачкі, я без акуляраў чытаць не буду! — смяецца Лідзія Цімафееўна. — Не бачу без іх нічога, потым абавязкова пачытаю.

— Вы ж ведаеце, што калі паліце печ, рэчы трэба прыбіраць ад яе падалей…

— Ну, ведаю, дзетачкі вы мае дарагія! Я ўжо жыццё пражыла, усё ведаю!

— Нельга захоўваць дровы каля печы, калі паліце, — настойвае намеснік начальніка Смалявіцкага РАНС.

— Ну я зараз пачну паліць, і яны апынуцца ў печы, — парыруе Лідзія Цімафееўна.

Затым Сяргей Тарасевіч нагадаў пенсіянерцы тэлефоны пажарнай службы: 101 і 112. Парэкамендаваў быць асабліва акуратнай пры эксплуатацыі печы, не пакідаць без нагляду.

Згубныя звычкі

Чарговым прыпынкам на нашым маршруце стала яшчэ адна сям’я з вёскі Калюга Смалявіцкага раёна. У невялікім трохпакаёвым доміку пражывае аж шэсць чалавек, у тым ліку адзін непаўналетні. Мужчыны адпачывалі на вуліцы, хутчэй за ўсё, не чакалі гасцей: 

«Нас яшчэ летась ставілі на ўлік, бо не выходзілі на працу, выпівалі. Зараз выправіліся», — пачынае размову жыхар дома Міхаіл Сяргеевіч.

Зайшоўшы ў дом, першае, на што звярнуў увагу Сяргей Тарасевіч, — курэнне. Такая згубная звычка можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. Праверыўшы спраўнасць печы, Сяргей Тарасевіч вынес наступныя заўвагі: «Па-першае, дома бардак. Раскіданыя па хаце рэчы пры паленні ў печы могуць стаць прычынай пажару. Па-другое, ваша печ ужо на апошнім дыханні, на мяжы. Важна адсунуць канапу далей ад печы, каб забяспечыць адлегласць не менш чым адзін метр. Ваша печ цяпер цёплая. Калі станеце падпальваць, ваша канапа можа загарэцца, таму яе неабходна тэрмінова прыбраць. На печы таксама нічога не павінна захоўвацца. Нагадваю вам, што празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць здароўю і можа прывесці да надзвычайнай сітуацыі. Так, напрыклад, тыдні два таму ў Мінскім раёне загінулі два дзіцяці. Асноўная прычына гібелі — іх бацькі былі п’яныя».

На што звяртаем увагу

«Усе сем’і, якія мы наведалі, былі з пячным ацяпленнем. Практычна ў кожным домаўладанні былі выяўлены тыя ці іншыя недахопы, якія датычацца выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі, — канстатаваў намеснік начальніка Смалявіцкага РАНС. — У кагосьці раздзелка, у кагосьці водступка, у кагосьці побач з печчу захоўваюцца гаручыя матэрыялы, якія могуць загарэцца і прывесці да надзвычайнай сітуацыі. Пры аглядзе, у першую чаргу, заўсёды звяртаем увагу на тэхнічны стан печы. Усё павінна быць спраўна: дымаходы, дзверцы, канструкцыя печы павінна быць без расколін і дзірак, дзверцы павінны шчыльна зачыняцца. Адно з галоўных правілаў і патрабаванняў — у межах паддашкавага памяшкання печ павінна быць адтынкавана і пабелена для своечасовага вызначэння расколіны, якая можа прывесці да загарання».

Адна з форм работы спецыялістаў ратавальнага ведамства — выступленні ў працоўных калектывах. «Я часта кажу пра тое, што любы дом у працэсе эксплуатацыі крыху рухаецца зімой і летам. Ёсць пашырэнні і звужэнні, з-за якіх у паддашкавым памяшканні з’яўляюцца расколіны на дымаходзе, якія могуць прывесці да выпадзення цаглін, а затым — іскраў і прадуктаў гарэння на перакрыцці. У выніку часта адбываюцца пажары. Менавіта гэта і ўсе асноўныя правілы мы прагаворвалі з кожным чалавекам, якога наведвалі, — падкрэсліў Сяргей Тарасевіч. — Паліць у печы заўсёды трэба пад наглядам. Ні ў якім разе нельга дазваляць гэта дзецям! Калі я працаваў у Барысаве, двое дзяцей засталіся дома адны. Яны адчынілі дзверцы печы, а каля яе ляжалі паперкі з-пад цукерак. У выніку адбыўся пажар, і дзеці загінулі...»

Несур’ёзнае стаўленне — сумная статыстыка

Кожная раніца ратавальніка МНС пачынаецца з прагляду зводкі. «На сённяшні дзень (05.11.2024. — «Зв.») у Смалявіцкім раёне адбыліся 84 пажары (летась за аналагічны перыяд — 77), сёлета пяць загінулых (летась — два). Сярэдняя статыстыка загінулых пры пажарах па Смалявічах — 6-7 чалавек за год, — прыводзіць лічбы Сяргей Тарасевіч. — Сёння ў раёне пражывае 25–27 тысяч чалавек. Аднак у летні перыяд за кошт садаводчых таварыстваў насельніцтва раёна прырастае да 50 тысяч!

Па яго словах, першы загінулы пражываў у Мінску. Ён прыехаў у населены пункт, каб аказаць дапамогу сваёй сям’і. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у той час як іншыя члены сям’і дома адсутнічалі, мужчына самавольна залез у гараж. Ужо ўнутры ён закурыў — і згарэў. Другі загінулы — мужчына каля 70, таксама са сталіцы. Ён прыехаў у садаводчае таварыства, якое знаходзіцца на тэрыторыі Смалявіцкага раёна, каб падключыць газавы балон, і вырашыў правяраць яго пры дапамозе запалак. У выніку газ успыхнуў, і ён атрымаў апёкі, не сумяшчальныя з жыццём.

«Трэці загінулы — мясцовы пенсіянер. Разам са спецыялістамі з ТЦСАН прыходзілі да яго з праверкай. Усё было спраўна. Разглядаецца версія (бо гэта здарылася не так даўно) курэння ў стане алкагольнага ап’янення. Апошнія два выпадкі — мінчане. Яны пражывалі ў сталіцы, а сюды ў садаводчае таварыства прыязджалі толькі на выхадныя. Пры правядзенні праверак печы былі ў спраўным стане. Да канца не высветлена, але мяркуецца, што гэтыя людзі таксама курылі дома ў стане алкагольнага ап’янення», — распавёў намеснік начальніка Смалявіцкага РАНС.

Асноўная катэгорыя людзей, схільных да стварэння небяспекі, — тыя, хто злоўжываюць алкаголем альбо людзі састарэлага ўзросту, якія, як правіла, грэбуюць пытаннямі пажарнай бяспекі. «Па статыстыцы пажылыя грамадзяне часта падвяргаюцца небяспецы падчас выпальвання сухой расліннасці, эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, а таксама падчас гатавання ежы на пліце. Таму хацелася б заклікаць усіх: паклапаціцеся пра бяспеку сваіх састарэлых бацькоў. Правядзіце кантроль за станам пажарнай бяспекі домаўладанняў. Зрабіце іх жыццё бяспечным — устанавіце ў домаўладаннях і кватэрах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі», — падагульніў Сяргей Тарасевіч.

Як распавяла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена НЕМАГАЙ, з пачатку года ў Мінскай вобласці адбылося звыш 1,2 тысячы пажараў, у выніку чаго загінулі 114 чалавек. МНС заклікае быць асабліва ўважлівымі падчас ацяпляльнага сезона, берагчы сябе і сваіх блізкіх.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Смалявіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.