У Віцебскім аблвыканкаме абмеркавалі перспектывы развіцця Ушацкага раёна. Турызм і мадэрнізацыя сельскагаспадарчай галіны стануць асноўнымі пунктамі яго росту да 2030 года.
Як адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Сабыніч, раён адстае па многіх сацыяльна-эканамічных паказчыках. На гэта звярнуў увагу Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, які сёлета наведаў Ушаччыну. Ён даручыў мясцовым уладам сумесна з аблвыканкамам распрацаваць стратэгію развіцця рэгіёна на найбліжэйшы час і перспектыву. Дадзены бізнес-план і быў прадстаўлены на абмеркаванне.
«Мы акцэнтавалі ўвагу на двух асноўных кірунках: сельскай гаспадарцы і турызме. Першае мае на ўвазе развіццё свінагадоўлі, жывёлагадоўлі з раслінаводствам. Другое — турызм, куды ўваходзяць нашы знакавыя праекты: „Прарыў Перамогі“, „ЭкстрымПрарыў“, развіццё спартыўнай інфраструктуры, санаторна-курортнага лячэння, аграэкасядзіб», — падкрэсліў старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі.
На працягу апошніх трох гадоў каля 57 працэнтаў прадукцыі жывёлагадоўлі вырабляюць свінакомплексы ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». У рамках гэтага кірунку ТАА «Сарочына-агра» паспяхова рэалізоўвае інвестыцыйны праект па стварэнні свінакомплексу. Пасля яго завяршэння прыватнае прадпрыемства плануе наступны крок па стварэнні аграхолдынга, які будзе ўключаць усе этапы вытворчасці, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы вырабам гатовай прадукцыі пад уласным брэндам.
З мэтай прыцягнення інвестараў актыўна задзейнічаны механізм бязвыплатнай перадачы дзяржаўнай невыкарыстоўвальнай маёмасці, а таксама продаж з аўкцыёну, у тым ліку за адну базавую велічыню. Свінакомплексы ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» і ТАА «Сарочына-агра» створаны менавіта на базе невыкарыстоўвальных памяшканняў, раённай камунальнай уласнасці. Напрыклад, сялянская фермерская гаспадарка «Вяркудскі падворак» набыла на аўкцыёне маёмасць камунальнай уласнасці ў аграгарадку Вяркуды, дзе займаюцца вырошчваннем авечак.
Яшчэ адзін важны кірунак — захаванне дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У мэтах павышэння іх эфектыўнасці правядуць аптымізацыю, у выніку якой у раёне застануцца тры гаспадаркі: КУСГП «Вялікадолецкае», ААТ «Ільюшынскі» і УП «Сафійскія дары», дзе будуць узведзены сучасныя малочнатаварныя комплексы, а таксама праведзена рэканструкцыя існуючых жывёлагадоўчых памяшканняў.
У галіне раслінаводства ў 2024–2025 гадах раённыя ўлады плануюць аптымізаваць структуры пасяўных плошчаў з паэтапным павелічэннем пасеваў шматгадовых траў. Змяненні закрануць вырошчванне азімых і яравых збожжавых і зернебабовых культур. Усе пачатыя і працягнутыя ў наступнай пяцігодцы мерапрыемствы дазволяць захаваць сельскагаспадарчую галіну раёна, а таксама забяспечыць павелічэнне валавой прадукцыі і ўдзельнай вагі раёна ў аб’ёме сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці. Цікавы праект плануе ажыццявіць ТАА «Водная даліна» — вытворчасць па вырабе вараных ракаў.
Другая перспектыўная сфера развіцця Ушаччыны — турызм. «У 1980-х гадах з падачы тагачаснага лідара рэспублікі Пятра Машэрава, які бачыў ва Ушацкім раёне ідэальнае месца для адпачынку, быў распрацаваны праект развіцця рэгіёна як курортнага. Праект быў прызнаны практычным, эканамічным і атрымаў на конкурсе чатыры дыпломы з пяці. Па розных прычынах ён не быў рэалізаваны, але Ушаччына мае ўсе падставы стаць буйной агратурыстычнай тэрыторыяй. Развіццё санаторна-аздараўленчага турызму будзе ажыццяўляцца як на базе дзеючых аб’ектаў, так і за кошт будаўніцтва новых», — падкрэсліў Сяргей Садоўскі.
Працягнецца мадэрнізацыя санаторыя «Лясныя азёры», плануецца стварэнне новых аб’ектаў. Маштабны праект збіраецца рэалізаваць ТАА «Вяркудскі падворак», у які ўваходзіць узвядзенне комплексу турыстычных аб’ектаў на тэрыторыі былога недабудаванага санаторыя «Вячэлле». Там будуць аказвацца паслугі па аздараўленні, лячэнні і рэабілітацыі, арганізавана цяплічная гаспадарка, а таксама вытворчасць фермерскай прадукцыі пад брэндам «Вяркудскі падворак» з адкрыццём фірмовай крамы ў райцэнтры.
Для рэалізацыі такіх маштабных планаў неабходны інвестыцыі. Старшыня райвыканкама распавёў, што ў раёне праводзяць сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній, каб расказаць ім аб магчымасцях для інвестараў і зацікавіць сумеснымі праектамі. «У нас за паўтара года былі ўжо чатыры дэлегацыі з КНР. Хутчэй за ўсё ў наступным годзе мы заключым пабрацімскі дагавор з горадам Таянь правінцыі Шаньдун. Прыцягваем у тым ліку і беларускіх, і расійскіх інвестараў», — заключыў кіраўнік Ушацкага раёна.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!