У гарадскім пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ключы ад новых кватэр працаўнікам ААТ «Дубравушка-Агра».
Трохпавярховы жылы дом размешчаны на ўскраіне пасёлка ў маляўнічай мясціне. Усяго ў доме 24 кватэры. Ключы атрымалі першыя 9 сямей навасёлаў. Гэта аператары машыннага даення, механізатары, аграном, ветурач, іншыя спецыялісты. Жыллё ў далейшым будзе выдзяляцца як маладым спецыялістам, так і сем’ям працаўнікоў.
Дом пабудаваны пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама з прыцягненнем крэдытаў, свае сродкі ўкладвала і сельгаспрадпрыемства.
— Стала добрай традыцыяй адкрываць значныя сацыяльныя аб’екты напярэдадні дзяржаўных святаў — сказаў старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Сянчук. — І ўшанаваць навасёлаў сёння добрая нагода. У новым доме, які здалі спецыялісты КУП «Брэстжылбуд», створаны камфортныя ўмовы для людзей. А наяўнасць жылля стане дадатковым стымулам для прыцягнення працаўнікоў і спецыялістаў.
Павіншаваць шчаслівых уладальнікаў кватэр прыехаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў нашага парламента Андрэй Крупенькін. Ён пажадаў сваім выбаршчыкам, каб сем’і іх раслі ў новым доме, і ў сем’ях панавалі згода і шчасце.
Карэспандэнту газеты Андрэй Крупенькім сказаў, што на гэтым мерапрыемстве ён атрымаў зарад бадзёрасці і аптымізму: «Я пагаварыў з многімі навасёламі, упэўніўся ў тым, якія яны харошыя, пазітыўныя людзі. У адной сям’і ёсць двое дзетак, дык вось яны сказалі, што цяпер падумаюць пра трэцяга, бо ў нашай краіне ганарова быць шматдзетнай сям’ёй.
Зараз гэтыя кватэры належаць сельгаспрадпрыемству, але праз 10 гадоў іх гаспадары змогуць выкупіць жыллё ва ўласнасць. Апошняе стане дадатковым стымулам для работы ў гаспадарцы. Падкрэслю, што дом узведзены пры падтрымцы аблвыканкама, яго будаўніцтва стала вынікам той сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. А традыцыя адзначаць адкрыццё падобных аб’ектаў напярэдадні дзяржаўных святаў дадае нотку да добрага настрою».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Брэсцкага райвыканкама
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.