Унікальная выстава «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939-1957» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Прымеркавана яна да дзвюх круглых дат: 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня заснавання самой установы культуры.
— Нацыянальны мастацкі музей Беларусі — флагман нацыянальнага культурнага кода. Ён дапамагае паказваць віртуознасць чалавечага майстэрства. Таксама музей — гэта транслятар выхаваўчай функцыі. Вядома, сваю веліч музей спасцігаў праз розныя этапы развіцця. Яго лёс адлюстраваны ў вельмі няпростай гісторыі. І сёння мы прадстаўляем гэтую гісторыю на выставе. Паказваем трансфармацыю, расказваем, як стваралася калекцыя карціннай галерэі пачынаючы з 1939 года. Вывучаем перыяд трагічных і драматычных падзей, страты не толькі матэрыяльных каштоўнасцей, але і духоўных, — адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава.
Сама выстава размясцілася ў чатырох вялікіх залах, якія разгорнута і канцэптуальна расказваюць наведвальнікам аб станаўленні ўстановы культуры.
— Нам захацелася паказаць гісторыю карціннай галерэі ў людзях і творах. Яго даваенная гісторыя доўжылася ўсяго 2 гады. Першаму дырэктару Мікалаю Міхалапу было даручана за 9 месяцаў арганізаваць галерэю. І ён гэта зрабіў. Яна размяшчалася на вуліцы Карла Маркса, 29 у 25 залах. Гэта была вялікая і вельмі багатая галерэя: 48 слуцкіх паясоў, больш за 1000 прадметаў заходнееўрапейскага фарфору, 200 посцілак беларускіх. Усё гэта, нажаль, было страчана, як і многія карціны, — падзялілася вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея, куратар выставы Надзея Усава.
Так, першая зала, у якую трапляюць наведвальнікі, называецца «Стварэнне». Там размешчаны тыя творы, якія знаходзіліся ў карціннай галерэі ў першыя два гады яе існавання.
— Гэта і карціны, перададзеныя цэнтральнымі рускімі музеямі, і сядзібныя партрэты, і карціны савецкіх мастакоў, і мастакоў Заходняй Беларусі, якія ўліліся ў шэрагі савецкіх беларускіх мастакоў. Шмат розных твораў. Канешне, там прадстаўлены і сучасныя беларускія мастакі. Акрамя таго, там у нас ёсць гукавая інсталяцыя, дзе беларуская інтэлігенцыя 1939 года вітае карцінную галерэю, — адзначыла куратар выставы.
Рухаемся далей і трапляем у другую залу-інсталяцыю «Рабаванне». Адразу прыцягваюць увагу пустыя рамы на сценах.
— Калі немцы ўвайшлі ў карцінную галерэю, выразалі карціны з рам, пакавалі ў валізкі і вывозіді, а рамы гэтыя заставаліся, і імі потым узімку распальвалі печы галерэі. Немцы абаграваліся менавіта імі, таксама, як і кнігамі багатай бібліятэкі, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў, — распавяла Надзея Усава.
Да таго ж у гэтай зале транслюецца дакументальны фільм аб наведванні Гімлерам Мінска ў жніўні 1941 года. Менавіта пасля гэтай падзеі быў аддадзены загад аб адпраўленні калекцыі лепшых твораў у Германію.
Трэцяя зала называецца «Адраджэнне». Там размешчаны толькі тыя творы, якія былі закуплены ў 1944 годзе, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Мінска.
— Гэтыя карціны набываліся без надзеі на тое, што вернецца старая спадчына. Але яна вярнулася, няхай невялікая, толькі 1/8 частка, але вярнулася, — падзялілася куратар выставы.
Так, у апошняй зале «Вяртанне» прадстаўлены менавіта тыя карціны, якія складаюць тую самую 1/8 частку.
— Яны з’яўляюцца гонарам нашай калекцыі. Гэта і партрэты з Нясвіжа, і творы Міхаіла Філіповіча, і абразы беларускія, і многія партрэты знакамітых мінчан, у тым ліку ўладальнікаў і заснавальнікаў гатэля «Еўропа», — адзначыла Надзея Усава. — Многія творы выстаўляюцца ўпершыню. А ўвогуле ўсё ж ёсць надзея, што мы знойдзем нешта яшчэ. Мы нават падрыхтавалі прэзентацыю, дзе страчаныя творы адлюстраваны ў прэсе таго часу.
Усяго на выстаўцы прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў. Наведаць экспазіцыю можна да 20 студзеня.
Лізавета ГОЛАД
фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.