Адзін з важных складнікаў Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад» — конкурс анімацыйнага кіно. Сёлета стужкі гэтага конкурса з’яднаныя ў пяць насычаных праграм. Адна з іх называлася «Гумар і музыка. 16+» і была паказаная ў кінатэатры «Беларусь» 5 лістапада. Зала аказалася перапоўненая, што не дзіўна — анімацыйны конкурс заўсёды атрымліваецца прадстаўнічым і знаёміць з мноствам унікальных стужак сусветнага ўзроўню.
—На гэты раз я вас трошкі падмануў, назваўшы праграму "Гумар і музыка«,— прызнаўся праграмны дырэктар конкурса анімацыйнага кіно Канстанцін Андрушачкін.—Вядома, тут будуць фільмы і з гумарам, і з музыкай, але з’явяцца фільмы, у якіх няма ні таго, ні другога — давялося «ператасаваць» праграму з-за ўзроставых цэнзаў, якія нам вызначылі.
Праграмны дырэктар прадставіў мультфільмы, якія ўвайшлі ў надзвычай яркую праграму — чатырнаццаць стужак з дзевяці краін свету. Многія з іх адзначаныя на міжнародных кінафестывалях. Стужкі сапраўды атрымаліся на любы густ. «Персэбес» рэжысёраў Аляксандры Раміроэс і Лаўры Гансалес вытворчасці Партугаліі і Францыі сёлета атрымаў галоўны прыз на важным анімацыйным фестывалі, які адбываецца ў французскім горадзе Ансі. Гэта фільм у жанры "анідок«— ён вельмі цікава пабудаваны, і распавядае пра морапрадукт пад назвай «персэбэс». За расповедам пра малюска, які мае смак мора, паўстаюць лёсы людзей, што жывуць у маленькім гарадку на ўзбярэжжы, абслугоўваючы шматлікіх турыстаў. Уразіла кароценькая сюрэалістычная стужка вядомага расійскага мультыплікатара Івана Максімава «Няцотны бок галоў», дзе галовы — дамы, а ў іх заходзяць і выходзяць незразумелыя істоты, трактуй як хочаш. «Круг» южнакарэйскага рэжысёра Юмі Чжона — філасофская і паэтычная прыпавесць, якая ўдзельнічала ў Берлінскім кінафестывалі. Дзяўчынка малюе галінкай на зямлі круг... Які нібыта прыцягвае самых розных мінакоў, што заходзяць туды і застаюцца, пакуль дзяўчынка не сатрэ круг. Што гэта? Можа, сімвал нашай памяці, якая ўтрымлівае важных для нас людзей? Стужка Галіны Голубевай «Мільён барвовых ружаў» уганараваная ў Расіі Нацыянальнай анімацыйнай кінапрэміяй «Ікар» — смешныя керамічныя фігуркі разыгрываюць сюжэт вядомай песні, толькі ў народнай апрацоўцы: як жа тут без хэпі-энду? Італьянскі рэжысёр Паўла Гаўдыя гледачоў папалохаў інтэрпэтацыяй Лаўкрафтаўскага «Дагона». Бельгійскі «Ян» Фібі Ван Авермата прадстаўляе дзівака, які так марыць пакарміць гусей, што ўсе навокал у тое птаства ператвараюцца. А семкі з падлогі вагона хто прыбіраць будзе? Фільм «Рэха» прымаў удзел у конкурснай праграме Канскага фестывалю. Яго рэжысёр Рабінсан Дросас з Францыі прыехаць у Мінск не змог, але даслаў прывітальнае слова беларускім гледачам: ён шчаслівы, што яго стужка была адабраная для паказу ў Мінску. Дзіўны свет паўстае ў гэтай стужцы, створаны звычайным шэрым алоўкам на белай паперы: з мітуслівага свету вялікага горада герой спускаецца ў гарадскія катакомбы, дзе свой , адасоблены свет цішыні і таямніцы — рэха звычайнага людскога жыцця. У фільме расійскай рэжысёркі Юліі Еўдакімавай «Воўк, які думае» філасофскія развагі прамаўляе ваўчыная скура на сцяне. Самы час для экзістэнцыйнага роздуму. Фільм Бруна Бацэта «Сапіенс?» — гэта не проста гумар, а сатыра, але якраз тут музыкі дастаткова: тры дзеі адбываюцца адпаведна пад Вівальдзі, Шапэна і Бетховена, ілюструючы згубныя тэндэнцыі чалавечай цывілізацыі. Сапраўды, нават павучок, які ўпарта спрабуе выбрацца з умывальніка, выглядае больш разумнейшым за людзей, што нішчаць адзін аднаго і ўсё навакольнае. Бруна Бацэта — патрыярх анімацыі, яму 86 гадоў, Канстанцін Андрушачкін заўважыў, гэта вельмі прыемна, што такі майстар асабіста даслаў свой фільм на конкурс «Лістапада».
Маладая рэжысёрка Аляксандра Нікіфарава прадстаўляе на «Лістападзе» Чэхію, але яна родам з Беларусі, пачынала навучанне прафесіі тут, працягнула ў вядомага чэшскага аніматара Іржы Барта. Фільм Арыядны — гэта нітка. З якой, уласна кажучы, сатканыя ўсе выявы — бо ўсё ў свеце частка аднаго цэлага, усе мы з адной ніткі... Аляксандра Нікіфарава, якая прысутнічала на праглядзе, адзначыла, што для яе гонар — удзельнічаць у «Лістападзе».
—Ідэя фільма ўзнікла восем гадоў таму. Часам я вярталася да працы над фільмам, часам былі перапыткі. Я вырашыла зладзіць яго прэм’еру менавіта тут, таму што Беларусь — мая радзіма, і мне будзе прыемна, калі гэты фільм знойдзе ў вас водгук.
Сёння конкурс анімацыйных фільмаў прадоўжыцца праграмай «Толькі для дарослых», дзе таксама пакажуць стужкі сусветна вядомых майстроў, а 7-га лістапада гледачоў чакае анімацыйная падборка «Культурная панарама», куды можна прыйсці і з дзецьмі пачынаючы з 12-ці гадоў.
Людміла ІВАНОВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!