Выхад у свет гісторыка-літаратурных, літаратуразнаўчых, літаратурна-крытычных кніг заўсёды свур’ёзная падзея. Асабліва гэта выяўляецца ў апошнія дзесяцігоддзі, калі прастора значнай, аўтарытэтнай асветніцкай літаратуры на кніжным рынку становіцца ўсё меншай. А гэта, пагадзіцеся, адукацыйны, выхаваўчы пралік у справе зносін вучоных і грамадства. І таму асабліва прыемнай падзеяй з’яўляецца папаўненне ў багдановічазнаўчай бібліятэцы: літаральна днямі не такім і вялікім накладам, але і не такім ужо малым для такой літаратуры (200 асобнікаў), пабачыў свет зборнік артыкулаў вядомай даследчыцы, вядомага музейнага работніка Ірыны Мышкавец «Рэ/ экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча». Адразу хацелася б заўважыць, што штрыхі гэтыя даволі ўпэўненыя, так бы мовіць, выразна «каліграфічнага» характару. Ірына Мышкавец даўно і ўсвядомлена працуе на ніве даследвання жыцця і творчасці класіка беларускай і сусветнай паэзіі.
З аўтарскай прадмовы да кнігі: «... Асаблівая ўвага ў даследваннях надаецца адзінаму прыжыццёваму зборніку вершаў Маскіма Багдановіча „Вянок“ (Вільня, 1913 г.). Працягваецца пошук, выяўленне, даследаванне арыгінальных кніг, якія захоўваюцца ў розных музеях, бібліятэках, архівах Беларусі і замежжа. У дзяржаўных установах і ў прыватных асоб. Важным лічу прыцягненне ўвагі да каштоўных музейных прадметаў, незалежна ад таго, захоўваюцца яны ў фондах ці прэзентуюцца ў экспазіцыі Літаратурнага музея М. Багдановіча (ЛММБ), мемарыяльных музеях паэта ў Мінску, Ракуцёўшчыне, Яраслаўлі.
Артыкулы, якія ўвайшлі ў дадзенае выданне, публікаваліся ў зборніках дакладаў канферэнцый розных устаноў навукі і культуры Беларусі і замежжа, у часопісе „Роднае слова“, газетах „Літаратура і мастацтва“, „Культура“, „Краязнаўчая газета“, іншых сродках масавай інфармацыі. Артыкулы часткова адрэдагаваны, скарочаны альбо дапоўнены ў сувязі са знаходкамі апошняга часу, суправаджаюцца ілюстрацыямі з фондаў ЛММБ, іншых устаноў, прыватных архіваў. Выданне дапоўнена імянным паказальнікам (згадваецца каля 350 асоб!) і бібліяграфічным спісам». І ўсё ж, нельга гэтага не заўважыць на пачатку размовы пра кнігу, усе артыкулы вытрымалі выпрабаваннем часам, калі б, як даўно яны не былі надрукаваны яны ў перыёдыцы ці змешчаны ў зборніках розных канферэнцый.
Кніга складаецца з наступных раздзелаў: «Максім Багдановіч. Жыццё і товрчасць»; «Вянок» Максіма Багдановіча«; «Радавод Максіма Багдановіча»; «Кола знаёмых і сяброў М. Багдановіча», «Музейныя каштоўнасці». Ірына Мышкавец стварае глыбокі па фактаграфічнай насычанасці жывы, рэльефны, напоўнены дынамізмам, партрэт класіка беларускай літаратуры. І робіць гэта на аснове ўласных росшукаў.
Пераконваюць у гэтым ужо самі назвы артыкулаў, напрыклад, першага раздзела кнігі: «Зорны храм Паэта» (тэкст прысвечаны музею Максіма Багдановіча); «Эпісталярная спадчына Адама Багдановіча як крыніца інфармацыі да біяграфіі сына»; «Фельетон «Международный чемпионат и ярославцы»; «Новыя факты да біяграфіі Максіма Багдановіча-гімназіста»; «Новыя даты, імёны, факты»; «Бальнік Багдановіча»; «Максім Багдановіч — студэнт Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя»; «Апошні запіс у кнізе лёсаў». Як мне падаецца, з часам даследчыца выбудуе менавіта з гэтага раздзела новую паўнавартасную кнігу, прысвечаную знаходкам у багдановічазнаўстве. На крайні выпадак, ужо зараз след заўважыць, што цяпер займацца вывучэннем жыцця і творчасці аўтара неўміручага «Вянка» без знаёмства з гэтым «блокам» даследванняў аўтара кнігі проста нельга!..
Частка артыкулаў у кнізе пададзена на рускай мове, у залежнасці, відавочна, ад таго, для якога выдання ці для якой канферэнцыі папярэдне рыхтаваўся тэкст. На маё суб’ектыўнае меркаванне, кніжная культура ўсё ж патрабуе выкладання артыкулаў на адной мове, калі гэта не Збор твораў альбо не выданне, якое прадстаўляе творчую спадчыну.
Але, паўтаруся, выказваю суб’ектыўнае меркаванне і разумею, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў на гэтую акалічнасць як выдаўцы, так і аўтары не дужа звяртаюць увагу.
Яшчэ адзін зварот да аўтарскай прадмовы, якой распачынаецца кніга Ірыны Мышкавец: «Шчырыя словы ўдзячнасі майму першаму дырэктару музея, вядомаму багдановічазнаўцу Мікалаю Валянцінавічу Трусу. Словы падзякі — прадстаўнікам радаводнага дрэва М. Багдановіча Максіму Аркадзьевічу Бараховічу (Ніжні Ноўгарад) і Наталіі Уладзіміраўне Сарока (Краснадар), іх родным, а таксама нашчадкам сяброў, знаёмых і калег пісьменніка, разам з якімі мы адкрылі шмат невядомых старонак. Удзячна супрацоўнікам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, папярэднікам і тым, хто зараз працуе, у першую чаргу, Міхаілу Аляксандравічу Бараноўскаму і Алене Уладзіміраўне Кніга, родным і сябрам, якія на працягу гэтых дваццаці пяці гадоў дапамагалі, падказвалі, падтрымлівалі, верылі. Я ўпэўнена — працяг будзе...»
Застаецца выказаць просьбу і айчынным кнігавыдаўцам — дапамажыце развіць гэтую аўтарскую ўпэўненасць Ірыны Мышкавец, а мо і перавыдайце кнігу «Рэ/ экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча»...
Мікола Берлеж
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».