Прэзідэнт наведаў III чэмпіянат па колцы дроў сярод супрацоўнікаў СМІ, правёў майстар-клас і пагаварыў з журналістамі пра надзённае.
Кіраўнік дзяржавы пабываў на пляцоўках, дзе каманды змагаліся за першынства ў спаборніцтве, даў слушныя парады тым, хто ў гэты дзень памяняў ручку, камеру і мікрафон на сякеру, і, вядома, сам паказаў, як гэта рабіць правільна. Майстар-клас ад Аляксандра Лукашэнкі атрымаўся відовішчным: было адразу бачна, што Прэзідэнт гэтай справай займаецца рэгулярна. З лёгкасцю раскрыжоўваючы тоўстыя калодкі на дровы, ён віртуозна спраўляўся з сякерай, якая, дарэчы, айчыннай вытворчасці.
Гэтую сякеру брэнда «Belarus» кіраўнік дзяржавы і прэзентаваў на чэмпіянаце. Зрабіць сякеру ўласнай вытворчасці — даўняе даручэнне, з якім паспяхова справіліся айчынныя майстры. Па словах Прэзідэнта, беларуская сякера атрымалася нядрэннай, але крыху цяжэйшай за імпартныя аналагі.
Як секчы дровы па-прэзідэнцку, маглі ўбачыць усе жадаючыя: як удзельнікі чэмпіянату, так і яго госці. А таксама паспрабаваць. Разам з кіраўніком дзяржавы секлі дровы асобы, якія яго суправаджалі: прэс-сакратар Прэзідэнта, доктар, трэнер, фермер і іншыя. На прэзідэнцкі майстар-клас пашанцавала трапіць і папулярным вядучым, і супрацоўніку «Звязды». А некаторым камандам, у прыватнасці, кітайскім СМІ, можна было пазайздросціць — да іх у памочнікі прыйшоў малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка, які таксама выдатна валодае сякерай.
«Каб секчы дровы, трэба выбраць адпаведную сякеру, — даў слушную параду беларускі лідар тым, хто ўзяў у рукі гэтую прыладу. — Выбралі сякеру, глядзім на калодку — вось адна трэшчына, па гэтай расколіне трэба секчы. Прырода выбрала, дзе слабейшыя валокны трымаюць, рассячы будзе лягчэй тут. Трэба секчы не спяшаючыся. Вельмі важна глядзець у тую кропку, куды ты хочаш стукнуць сякерай».
Па завяршэнні спаборніцтваў кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанне журналістаў, якое датычылася вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амерыкі. Супрацоўнікі СМІ заўважылі, што Аляксандр Лукашэнка, як і на мінулых выбарах у гэтай краіне, прадбачыў перамогу канкрэтнага кандыдата ў прэзідэнты.
«Трамп, вядома, — гэта моц, — сказаў Прэзідэнт. — Як бы я да яго не адносіўся, ён малайчына. Цяжка было паверыць, што ён можа выйграць: стралялі, ціснулі, 91 абвінавачванне, пасадзіць хацелі іншае. Але ён, як бульдозер, прайшоўся. І прайшоўся ўжо пасля таго, як ён ужо папрацаваў быццам бы няўдала. Таму гэта яго асабісты подзвіг у імя амерыканскага народа. Таму ён малайчына з гэтага пункту гледжання».
Кажучы аб саперніцы Дональда Трампа Камале Харыс, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта гераічная жанчына, якой не трэба плакаць. «Я сёння паглядзеў, перажывае — прайграла, — канстатаваў беларускі лідар. — Паслухайце, Амерыка саспела выбраць чарнаскуранага прэзідэнта. Але Амерыка яшчэ не саспела выбраць жанчыну. Амерыка да гэтага не гатова».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Камала Харыс нос у нос ішла з Трампам-«бульдозерам». «Яна зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, —удакладніў ён. — Яна малайчына, таму плакаць ёй ні ў якім разе нельга».
Прэзідэнт заўважыў: нягледзячы на тое, што прайгралі, прыхільнікі Камалы Харыс нікога не заклікаюць на вуліцы, ніхто не заклікае з кайлом або з сякерай змагацца з органамі ўлады. Гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, навука нашым збеглым. «Прайгралі — усё, будзем працаваць далей, — агучыў пазіцыю дэмакратаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось гэта з боку дэмакратычнай партыі — добры прыклад для ўсяго свету».
Тое, як скончыліся гэтыя выбары ў ЗША, па словах кіраўніка дзяржавы, даюць надзею на ўстанаўленне міру ва ўсім свеце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Трампу давядзецца пакласці ўсё для таго, каб не толькі зрабіць Амерыку вялікай, а вялікай у інтарэсах усяго свету, раз ЗША, як заўважыў беларускі лідар, прэтэндуюць на лідарства.
У гэтай сувязі Прэзідэнт нагадаў заяву Дональда Трампа аб тым, ён зробіць усё, каб спыніць войны. А ў свеце, як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, 55 канфліктаў: Украіна, Блізкі Усход, Йемен і іншыя. Калі Трамп спыніць усе войны, то яму, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, варта будзе прысудзіць Нобелеўскую прэмію.
«Надзея ёсць, што ён будзе выконваць свае абяцанні, — выказаў спадзяванне беларускі лідар. Пры гэтым заўважыў, што Амерыка не Беларусь, дзе пра абяцанае абавязкова нагадаюць людзі, таму яно неадкладна выконваецца. — А там (у ЗША. — „Зв“.) могуць адысці, могуць забыць, яшчэ нешта, але мы спадзяёмся, што ён сваё абяцанне будзе выконваць. Усё ад яго залежыць».
Аднак, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не ўсё будзе залежаць ад Дональда Трампа, асабліва калі гэта датычыцца ўкраінскага канфлікту. «Ëн будзе імкнуцца спыніць вайну ва Украіне, але гэта неаднабаковы працэс, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта трэба дамаўляцца. Можа быць, і не толькі з Расіяй. Гэта датычыцца і вельмі многіх краін».
Пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка і выказванне новага прэзідэнта ЗША, які казаў, што «трэба Кітай на месца паставіць». «Не нарадзіўся той, хто Кітай на месца паставіць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
«Таму трэба ўсё дзяліць, як у нас кажуць, на два, на тры, — маючы на ўвазе заявы Трампа, адзначыў Прэзідэнт. — Тое, што ты кажаш сёння, у перадвыбарную кампанію, не факт, што заўтра складуцца так абставіны. Гэта так, па гарачых слядах. Ну а далей будзем глядзець. Калі эйфарыя гэтая спадзе, бо ў Трампа эйфарыя вялікая, бо ён герой. Трэба аддаць належнае — ён гераічна паступіў. Няўжо скажаш, што яму пад 80? Ëн, як бульдозер, прэ, і ўсё. Па тры мітынгі праводзіў у дзень. Таму ён герой, ён гэта заслужыў».
Тым, хто можа абвінаваціць Аляксандра Лукашэнку, што ён у такім ключы гаворыць пра Трампа, Прэзідэнт адказаў коратка і зразумела: «Ды мне глыбока напляваць, хто там у Амерыцы перамог. Я ведаю, што ў мяне ёсць кавалак зямлі, якую я павінен забяспечыць і абараніць, мае людзі. Я проста выказваю сваё меркаванне. Мне ўсё роўна, хто там перамог, але не ўсё роўна, якую палітыку Амерыка будзе праводзіць, бо гэта трэцяя частка сусветнай эканомікі. А эканоміка — гэта галоўнае. Таму я зыходжу выключна з гэтага».
Пры гэтым, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, і Трамп, і Харыс пры такой палітыцы, якую яны праводзілі і праводзяць, у Беларусі ўвогуле атрымалі б 0% галасоў. «Гэта іх справа. Захочуць яны, каб тут быў мір і спакой у Еўропе — мы будзем гэтаму садзейнічаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ëн звярнуў увагу, што галоўным сапернікам ЗША можа стаць Еўрапейскі саюз. Таксама, па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць верагоднасць таго, што Еўропа можа аб’яднацца з Расіяй. У Германіі, Францыі, па яго словах, — найвышэйшыя тэхналогіі, Расія — увогуле скарбніца рэсурсаў. «Гэта калісьці адбудзецца, паглядзіце, — сказаў беларускі лідар. — Ужо сёння Германія пачала вагацца. Выкінуць гэтага Шольца з пасады — і Германія паразумнееа. Танны газ, танныя энергарэсурсы, вядучая эканоміка свету, цуд сусветны — сёння дзе? Апусціліся ніжэй калена. Немцы не дурні, яны прымусяць урад працаваць так, як належыць. Трэба гэта амерыканцам? Не трэба».
Рэзюмуючы, Прэзідэнт адзначыў, што свет імкліва мяняецца. І гэтыя развагі — з пункту гледжання бягучай сітуацыі. Заўтра, па словах кіраўніка дзяржавы, будзе зусім іншая сітуацыя, калі не Кітай можа стаць галоўным сапернікам для Амерыкі, а еўрапейцы.
«Падымаецца Глабальны Поўдзень, — дадаў беларускі лідар. — Эканоміка ў Індыі катастрафічна хуткімі тэмпамі расце. Вы што, думаеце індусы так на сподачку амерыканцам свой лёс пакладуць? Не. У іх будуць свае перавагі. І можа, літаральна праз некаторы час узнікнуць новыя абставіны, і ім прыйдзецца на гэта рэагаваць. Таму сёння з вамі разважаем з пункту гледжання сённяшняга дня. Заўтра будзем разважаць, зыходзячы з сітуацыі, якая памянялася. А яна мяняецца на вачах».
Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што Дональд Трамп зоймецца пытаннямі сусветнага парадку дня і паспрабуе ўнесці ўклад у вырашэнне праблем, якія назапасіліся. «Усё ж надзея нейкая ёсць, што нешта зменіцца, — паведаміў ён і звярнуў увагу на адзін, чалавечы, нюанс: — Калі ва ўладзе людзі без вопыту — гэта адно, калі людзі не маюць дзяцей — гэта катастрофа. Ім абыякава, што адбываецца ў свеце. У Трампа вялікая сям’я, дзеці. І ў Трампа наша Меланія (жонка Меланія Трамп, ураджэнка Югаславіі. — „Зв“.), якая цвёрда яго ў руках трымае. Таму тое, што ў яго ёсць сям’я і дзеці, — вялікая справа. Ëн задумваецца не толькі аб сваёй будучыні, але і аб будучыні дзяцей».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Лагойскі раён
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.