Вы тут

Прадстаўнікі СМІ пазмагаліся за званне найлепшага сярод кольшчыкаў дроў


7 лістапада на беразе вадасховішча Вяча, што пад Мінскам, адбыўся самы гарачы батл гэтай восені — ІІІ Чэмпіянат па колцы дроў сярод журналістаў. За званне чэмпіёна пазмагаліся 34 каманды з усёй краіны. Акрамя таго, удзельнікі і госці мерапрыемства змаглі на свае вочы ўбачыць унікальны майстар-клас па колцы дроў ад кіраўніка дзяржавы. Да самых маштабных і доўгачаканых спаборніцтваў гэтай восені далучылася і каманда Выдавецкага дома «Звязда».


 

Камандам трэба было выканаць такія практыкаванні, як колка дроў (як сярод мужчын, так і жанчын), пераруб бервяна, колка дроў «па-прэзідэнцку». Акрамя ўжо традыцыйных конкурсаў, удзельнікаў чакалі і новыя віды спаборніцтваў. Мужчыны, якія паказалі найлепшы вынік, змаглі выступіць у дынамічным і цікавым конкурсе «Адным ударам!». Раскалоць дзесяць калодак неабходна было ўсяго адным ударам сякеры-калуна. У колцы дроў сярод жанчын таксама быў праведзены незвычайны конкурс — неабходна было раскалоць дровы пры дапамозе клінаў і патэльні.

Даў афіцыйны старт ІІІ Чэмпіянату па колцы дроў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. «Праводзіць чэмпіянат па колцы дроў сярод журналістаў стала ўжо добрай традыцыяй. І мы таксама заўсёды рыхтуемся да яго. У залежнасці ад тых пытанняў, якія вы задаяце нам, мы рыхтуем для вас больш складаныя конкурсы. Сёлета мы пастараліся, каб тыя конкурсы, праз якія вам трэба будзе прайсці, сталі не вельмі простымі. Таму я скажу коратка: хачу пажадаць усім удзельнікам перамогі. Хай пераможа наймацнейшы!»

Журналісты на практыцы паказалі, што секчы можна не толькі словам. Паспаборнічаць таксама змаглі і балельшчыкі. Яны пазмагаліся ў перацягванні дроў на санках і зборы драўляных фігур. «Усё зроблена сёння для таго, каб нашы спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, былі сумленнымі, бескампраміснымі, і каб кожны з вас заслужыў высокія ўзнагароды, дасягнуў новых перамог і з добрым настроем вярнуўся дадому», — адзначыў галоўны суддзя чэмпіянату — генеральны дырэктар Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Ульдзіновіч.

Перасячы бервяно — тая яшчэ задача, а ўжо рассячы дзве калоды «па-прэзідэнцку» — з выкарыстаннем адмысловага калуна, дык і ўвогуле... Іх ледзьве ўдвух мужчыны ўздымалі, каб паставіць на калоду.

Самы цікавы, складаны і відовішчны момант спаборніцтваў — камандная эстафета — праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку адзін забівае цвік у бервяно, а другі чалавек яго выцягвае. Потым трэба напілаваць пяць-шэсць калодак з бервяна. Пілаваць трэба звычайнай двуручнай пілой, якую патрэбна цягаць удваіх і прымервацца да хуткасці партнёра. Пасля ўжо гэтыя шэсць калодак сячэ наступны ўдзельнік, і ўжо потым усе разам складаюць вогнішча пад шнурам і падпальваюць яго, каб шнур перапаліўся. Дарэчы, звяздоўцы ў дадзеным выпрабаванні паказалі не самы горшы вынік! Калі да пачатку спаборніцтваў было даволі холадна і нават спрабаваў ісці дождж, то адразу ж пасля старту вакол стала горача. Балельшчыкамі сталі ўсе: і ўдзельнікі каманд, і госці, якія прыйшлі падтрымаць.

 

Упершыню чэмпіянат па колцы дроў сярод журналістаў (дарэчы, з падачы Прэзідэнта) прайшоў у 2022 годзе. Тады ён адразу палюбіўся прадстаўнікам СМІ. Згодна з палажэннем аб правядзенні чэмпіянату, удзельнікамі спаборніцтваў могуць быць работнікі цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі; блогеры, аб’яднаныя ў каманду. Склад каманды — 4-7 чалавек (мінімум дзве жанчыны і двое мужчын). Колькасць удзельнікаў, як і балельшчыкаў, з кожным годам толькі павялічваецца. У гэтым годзе геаграфія ўдзельнікаў значна пашырылася, што сведчыць аб актыўнай грамадзянскай пазіцыі прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ, а таксама аб імкненні ісці да канца.

Галоўны прыярытэт спаборніцтва — бяспека ўдзельнікаў. Журналісты прайшлі інструктаж, а напярэдадні мерапрыемства наведалі трэніровачныя заняткі. А каб госці і ўдзельнікі мерапрыемства не змерзлі і не прагаладаліся, на пляцоўцы працавалі фуд-корты з гарачай гарбатай і кавай.

Акрамя таго, сёлета для спаборніцтваў арганізатары нарыхтавалі каля 30 кубічных метраў дроў. Па добрай традыцыі па выніках правядзення чэмпіянату дровы будуць бясплатна перададзены тым, хто мае патрэбу, для абагравання ў зімовы перыяд.

Дарэчы, на ІІІ Чэмпіянаце па колцы дроў сярод СМІ быў арганізаваны пікет па зборы подпісаў для вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на пост Прэзідэнта. Паставіць свой подпіс маглі ўсе ахвотныя, а іх, сапраўды, было вельмі шмат! Журналісты і госці свята з задавальненнем пайшлі падпісвацца за вылучэнне на пасаду дзейнага кіраўніка дзяржавы. Журналісты «Звязды» падчас спаборніцтваў таксама скарысталіся сваім законным правам.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты стартаваў 7 лістапада і завершыцца 6 снежня 2024 года. Зарэгістраваным ініцыятыўным групам неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Ажыццяўляць збор подпісаў могуць толькі члены ініцыятыўнай групы на пікетах (у месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі), а таксама па месцы жыхарства, працы (службы) выбаршчыкаў. Член ініцыятыўнай групы павінен мець пры сабе адпаведнае пасведчанне і дакумент з фатаграфіяй, які пацвярджае яго асобу. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, горада, раёна ў горадзе. Выбаршчык павінен уласнаручна паставіць дату подпісу і распісацца. Падпісны ліст завяраецца членам ініцыятыўнай групы.

Чэмпіянат па колцы дроў стаў традыцыяй, якая з кожным годам становіцца ўсё больш маштабнай і значнай. Каманда «Звязды» ўпэўнена, што гэты турнір і надалей будзе садзейнічаць развіццю спартыўнага духу, а таксама ўмацаванню сувязяў паміж прадстаўнікамі СМІ.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.