Адным з самых значных лістападаўскіх падарункаў на Брэстчыне стала адкрыццё пасля капітальнага рамонту Пінскай дзіцячай бальніцы. Ва ўстанове аховы здароўя лечацца не толькі пацыенты са сталіцы Палесся, але і з Іванаўскага, Драгічынскага, Столінскага, Лунінецкага раёнаў.
Праект абышоўся дзяржаве ў 17,7 мільёна рублёў, у тым ліку пастаўлена новае абсталяванне на суму 1,3 мільёна рублёў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык пасля пераразання сімвалічнай стужкі адзначыў, што праграма вырашэння пытанняў развіцця сістэмы аховы здароўя рэгіёна вельмі аб’ёмная. Працягваецца рэканструкцыя Пінскай цэнтральнай бальніцы. У праграму ўключаны таксама Брэсцкая абласная клінічная бальніца і Брэсцкая дзіцячая абласная бальніца, вядзецца работа ў бальніцы Давыд-Гарадка Столінскага раёна. «Пытанне здароўя людзей, здароўя нашай нацыі пастаянна будзе знаходзіцца на кантролі», — запэўніў кіраўнік вобласці.
А ў гарадскім пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ключы ад новых кватэр працаўнікам ААТ «Дубравушка-Агра».
Трохпавярховы жылы дом размешчаны на ўскраіне пасёлка ў маляўнічай мясціне. Усяго ў доме 24 кватэры. Ключы атрымалі першыя дзевяць сямей навасёлаў. Гэта аператары машыннага даення, механізатары, аграном, ветурач, іншыя спецыялісты. Жыллё ў далейшым будзе выдзяляцца як маладым спецыялістам, так і сем’ям працаўнікоў.
Дом пабудаваны пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама з прыцягненнем крэдытаў, свае сродкі ўкладвала і сельгаспрадпрыемства.
Павіншаваць шчаслівых уладальнікаў кватэр прыехаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Крупенькін. Карэспандэнту газеты ён адзначыў: «Я пагаварыў з многімі навасёламі, упэўніўся ў тым, якія яны харошыя, пазітыўныя людзі. У адной сям’і ёсць двое дзетак, дык вось яны сказалі, што цяпер падумаюць пра трэцяга, бо ў нашай краіне ганарова быць шматдзетнай сям’ёй. Падкрэслю, што дом узведзены пры падтрымцы аблвыканкама, яго будаўніцтва стала вынікам той сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. А традыцыя адзначаць адкрыццё падобных аб’ектаў напярэдадні дзяржаўных свят дадае нотку да добрага настрою».
У Полацкім раёне адкрылі пасля рэканструкцыі ўчастак дарогі Р-46, працягласць адноўленай дарожнай «артэрыі» — амаль 30 км.
Аўтадарога Р-46 Лепель — Полацк — граніца Расійскай Федэрацыі з’яўляецца часткай міжнароднага транспартнага маршруту. Рэканструкцыя ўчастка была пачата ў 2022 годзе па даручэнні Прэзідэнта Беларусі, будаўнікі здалі аб’ект за 20 месяцаў.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін падзякаваў будаўнікам і адзначыў, што не толькі для іх, але і ўсяго рэгіёна гэта чарговая нагода для гонару за рэзультатыўную працу. «Я ўпэўнены, што гэта нават не пачатак, а досыць ёмісты кавалак у рэканструкцыі гэтай дарогі. У нас застаўся яшчэ адзін участак — абыход Полацка разам з мостам, таму працы вам толькі дадаецца», — звярнуўся кіраўнік аблвыканкама да работнікаў дарожна-будаўнічых арганізацый, якія былі задзейнічаны ў рэканструкцыі дарогі.
У жыхароў аграгарадка Ломашы, што ў Глыбоцкім раёне, свята: напярэдадні 7 лістапада тут адбыўся ўрачысты пуск прыроднага газу. На Глыбоччыне гэта чацвёрты населены пункт з блакітным палівам, 140-ы — у паўночным рэгіёне. У Ломашах на прыродны газ перавялі 38 жылых кватэр, былі створаны два спажыўтаварыствы па газіфікацыі. У ліку патэнцыяльных спажыўцоў — 190 аднакватэрных дамоў, кацельня ЖКГ, малочнатаварная ферма і зернесушыльны комплекс.
У ліку тых, хто першым павіншаваў мясцовых жыхароў, быў міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка, ён паабяцаў, што работа па газіфікацыі населеных пунктаў будзе актыўна працягвацца.
А ў Віцебску да свята адкрыўся новы завод ветэрынарных прэпаратаў. На новай вытворчай пляцоўцы выконваюць работы ў адпаведнасці з сертыфікатамі GMP ЕАЭС на стэрыльную і нестэрыльную вытворчасць. Такі сертыфікат у Беларусі маюць 16 з 45 вытворцаў ветпрэпаратаў.
Фота БелТА
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, прымеркаванай да святочнай даты 7 лістапада, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка адзначыў: «Шчыра рады ўдзельнічаць у адкрыцці аб’екта, такога неабходнага для горада, які бурна развіваецца. Аб’екта важнага, сацыяльнага. Клопат пра людзей, у першую чаргу пра іх здароўе, — гэта найважнейшы прыярытэт палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі. Да таго ж гэта не проста аб’ект аховы здароўя, гэта дзіцячая аздараўленчая ўстанова, гэта інвестыцыі ў здароўе і будучыню нашага маладога пакалення».
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што паліклініка ўкамплектавана па ўсіх сучасных стандартах аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. «Гэта вельмі важна менавіта тут, таму што ў Смалявічах і раёне мы назіраем пазітыўную тэндэнцыю павелічэння колькасці насельніцтва, у тым ліку дзяцей. За апошнія тры гады маленькіх беларусаў тут прыбавілася больш на 1,5 тыс. Кіраўніцтва вобласці нядрэнна папрацавала і паклапацілася ў тым ліку аб дарослых, якія змогуць у гэтым месцы атрымліваць увесь спектр запатрабаваных стаматалагічных паслуг. Аб’ект атрымаўся нятанны, яго кошт — больш за 34 млн рублёў бюджэтных сродкаў, але грошы патрачаны не дарэмна — сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне дасць магчымасць палепшыць якасць дыягностыкі і лячэння», — звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Паводле яго слоў, 25 новых і мадэрнізаваных аб’ектаў аховы здароўя па ўсёй краіне ў бягучым годзе ўвайшлі ў строй. На ўмацаванне матэрыяльнай базы лячэбных устаноў, паліклінік, бальніц накіравана больш за 1 млрд рублёў бюджэтных сродкаў.
«Вельмі нядрэнна на агульным фоне выглядае Мінская вобласць. Толькі за апошнія тры гады ў рэгіёне ўведзена ў строй шэсць новых устаноў аховы здароўя, праведзены рамонты, закуплена звыш 100 адзінак высокатэхналагічнага абсталявання і 150 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі», — дадаў прэм’ерміністр.
Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў адзначыў, што для гарадоў-спадарожнікаў фундаментальнай з’яўляецца сацыяльная сфера. «Узровень аказання медыцынскай дапамогі ў гарадах-спадарожніках не павінен адрознівацца ад сталіцы. Гэтая паліклініка — яскравы прыклад таго, як мы гэта рэалізуем. Тут ёсць сучасная матэрыяльна-тэхнічная база для аказання стаматалагічнай дапамогі, сімулятары, якія будуць дапамагаць працаваць і навучацца спецыялістам. Мы рэалізуем пастаўленыя мэты для аказання якаснай медыцынскай дапамогі, яе ўдасканалення для таго, каб людзі маглі даць станоўчую ацэнку. Гэтая паліклініка прызначана для дзяцей, але будзе часткова выконваць і функцыі абслугоўвання дарослага насельніцтва. Перакананы, што, рэалізуючы гэты праект, мы здымаем тыя вострыя пытанні, якія стаяць на парадку дня. Гэтая паліклініка неабходная, запатрабаваная і будзе эфектыўна выкарыстоўвацца», — падкрэсліў ён.
У новай паліклініцы ў Смалявічах ёсць усе магчымасці для аказання медыцынскай дапамогі дарослым і дзецям. Ва ўстанове прадугледжаны аддзяленні аказання першаснай меддапамогі, стаматалагічных паслуг. Установа аснашчана апаратамі УГД экспертнага і сярэдняга класаў, рэнтгенаўскім апаратам, конусна-прамянёвым камп’ютарным тамографам, дэнтальным рэнтгенаўскім апаратам, эндаскапічным, лабараторным, фізіятэрапеўтычным абсталяваннем, стаматалагічнымі ўстаноўкамі, трэнажорамі для правядзення рэабілітацыйных і фізіятэрапеўтычных мерапрыемстваў.
Адметная рыса паліклінікі — наяўнасць крызіснага пакоя, у якім дапамога пацярпелым будзе аказвацца медработнікамі сумесна з супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Смалявіцкага раёна.
Агульная магутнасць паліклінікі — 360 наведванняў за змену, з якіх 250 — для дзяцей, 110 — для стаматалагічнага прыёму. У новай паліклініцы будуць працаваць больш за 30 урачоў і звыш 70 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Спецыялісты будуць аказваць меддапамогу як дзецям, так і дарослым (у мікрараёне пражывае больш за 16 тыс. чалавек).
Паводле БелТА
У Асіповічах адкрылася новая школа. Гэта адзін з падарункаў, якія атрымалі жыхары вобласці да свята. Новая сярэдняя школа № 5 імя Ф. А. Крыловіча ў горадзе пабудавана ў рамках выканання мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады. Яна разлічана на 955 месцаў, у тым ліку 75 з іх — дзіцячы садок. Аб’ект па планах трэба было здаць да канца года, але будаўнікі спрацавалі з апераджэннем на цэлы месяц.
У адкрыцці значнага для Асіповіч аб’екта прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, міністр адукацыі Андрэй Іванец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Ананіч.
У школе створаны неабходныя ўмовы для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. Навучальныя кабінеты напоўнены сучасным абсталяваннем і наглядна-дыдактычнымі і метадычнымі матэрыяламі. Функцыянуюць музей, бібліятэка, актавая, спартыўныя і трэнажорныя залы, сталовая.
Таксама да свята ў Магілёве здадзены ў эксплуатацыю першы арэндны дом для медыцынскіх работнікаў агульнай плошчай 4566,5 квадратнага метра. Адна з 48 сем’яў, якія атрымалі ключы ад кватэр, шматдзетная. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што дом пабудаваны дзякуючы дзяржаўнай праграме па будаўніцтве арэнднага жылля.
Увод такіх аб’ектаў вельмі важны для замацавання кадраў на месцах, а таксама стварэння камфортных умоў пражывання для маладых сем’яў і спецыялістаў-пачаткоўцаў. Таму такая добрая традыцыя ў рэгіёне будзе працягнута.
Магілёўскі філіял РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» адкрыў у Магілёве краму сродкаў рэабілітацыі і іншых спадарожных тавараў, якія вырабляюцца прадпрыемствам. Гэта артапедычны дзіцячы і дарослы абутак, лячэбна-бандажныя вырабы і іншыя тавары для здароўя.
А ў Шклове да свята адкрылася спартыўная пляцоўка VorkOut у рамках акцыі «Спорт для ўсіх», арганізатарам якой з’яўляецца Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
Матэрыялы падрыхтавалі Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.