Як паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у пятніцу надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да плюс 6 градусаў. Днём пераважна ад 3 да 9 цяпла.
А вось 9 і 10 лістапада надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём 10 лістапада па паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту. У суботу будзе воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. У асобных раёнах чакаецца туман, ноччу і раніцай слабы галалёд. Вецер пераменных напрамкаў слабы. Тэмпература паветра ўначы ад 2 марозу да 4 цяпла, максімальная днём — 4–9 градусаў са знакам плюс. І ў нядзелю будзе воблачна з праясненнямі. Тэмпература ноччу ўжо ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, максімальная днём 3–8 цяпла.
Дарэчы, кастрычнік у нас увайшоў у дзясятку самых цёплых. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 8,3 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,5 градуса. Найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Магілёўскай вобласці (у сярэднім 1,9 градуса). На Брэстчыне адхіленні былі найменшымі — 0,9 градуса.
Сярэдняя тэмпература паветра ў першай і трэцяй дэкадах кастрычніка была вышэйшай за кліматычную норму, у другой дэкадзе месяца — каля нормы. Дзённыя тэмпературы паветра большую частку месяца ў асноўным складалі 10–15 градусаў, а ў асобныя суткі па паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе тэмпература паветра падымалася да 20 градусаў і вышэй. Максімальнага значэння — 23,6 градуса — тэмпература паветра дасягнула днём 10 кастрычніка на станцыі Пінск. Тэмпература паветра ўначы ў першай палове месяца пераважна знаходзілася ў межах ад 5 да 10 градусаў. У другой палове тэмпературны рэжым панізіўся і нярэдка адзначаліся замаразкі ў паветры і на паверхні глебы. Мінімальная тэмпература паветра, якая была зарэгістравана на станцыі Бабруйск 20 кастрычніка, склала мінус 5 градусаў.
Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 10 градусаў у бок паніжэння (заканчэнне перыяду актыўнай вегетацыі) адбыўся ў паўднёвай частцы Беларусі 12–13 кастрычніка — на адзін-два тыдні пазней сваіх звычайных тэрмінаў. На паўночным усходзе краіны пераход адбыўся 5 кастрычніка, што пазней на 8–11 дзён.
За месяц у сярэднім па Беларусі выпаў 51 мм ападкаў, што склала 94 % кліматычнай нормы. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала 75–125 % кліматычнай нормы ападкаў. Колькасць ападкаў у большасці абласцей была блізкай да кліматычнай нормы, толькі на тэрыторыі Віцебскай і Гродзенскай абласцей склала ў сярэднім 86 і 81 працэнт нормы адпаведна.
На працягу месяца ў асобных раёнах краіны назіраліся туманы, месцамі галалёдныя з’явы. Максімальная хуткасць ветру за месяц адзначана на станцыі Горкі 31 кастрычніка і склала 19 м/с.
Сяргей КУРКАЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!