Вы тут

Памёр вядомы літаратуразнаўца, славіст і перакладчык Іван Чарота


«Я нарадзіўся ў вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна. Колькі я памятаю сябе, свой род і мясцовы люд, у нас веры трымаліся».

Так пачынаў надрукаваны ў «Звяздзе» свой расповед пра храм у роднай вёсцы Іван Аляксеевіч Чарота, вядомы беларускі літаратуразнаўца, славіст, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч... Цяжка пералічыць усе яго званні і ўзнагароды — доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», міжнароднай прэміі Ф. Дастаеўскага, Сусветнай праваслаўнай літаратурнай прэміі «Багародзіца Траеручыца» і гэтак далей. Яго ведалі не толькі як выбітнога навукоўца, выключна абазнанага, але і як шчырага верніка, сакратара Біблейскай камісіі Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы і выканаўчага рэдактара часопіса «Праваслаўе», увесьчаснага ўдзельніка экспедыцый «Дарога да святыняў».


У тым жа тэксце пра храм Іван Аляксеевіч пісаў: «А ў маленстве я маліўся неяк сваімі словамі. Калі гэта ўспамінаю цяпер, то і ўсміхаюся, і губляюся... Справа ў тым, што я тады прасіў у Бога, каб Ён усім маім блізкім даў пражыць семдзесят два гады. Чамусьці менавіта гэтая колькасць гадоў мне, малому, здавалася самай большай ці самай дапушчальнай для зямнога жыцця...»

Сёння гэтыя словы гучаць па-прароцку — менавіта семдзесят два гады зямнога жыцця давялося пражыць Івану Аляксеевічу Чароту. 16 верасня 2024 года ён адзначыў свае 72 гады, а 7 лістапада прыйшла сумная вестка аб ягонай смерці.

З маленства ў Івана Чароты выявілася фенаменальная здольнасць да моваў. Ён распавядаў: «Я нарадзіўся на мяжы Беларусі, Украіны і Польшчы. Калі вучыўся чытаць, у маім распараджэнні былі газеты і часопісы на беларускай і рускай мовах, а яшчэ стары польскі буквар. А ў дзеда меліся дзве кнігі, атрыманыя ім у царкоўнапрыходскай школе: Евангелле і „Кабзар “ Тараса Шаўчэнкі на ўкраінскай мове. І беларуская, і руская, і ўкраінская, і польская мовы былі мне аднолькава зразумелыя. Так што славістам я стаў, можна сказаць, яшчэ ў раннім дзяцінстве». Падчас вучобы на другім курсе філфака БДУ ён абраў для факультатыву сербскую мову — і гэта было наканаванне на ўсё жыццё. Перакладаў з сербскай вершы, прозу, навуковыя працы, сярод іншага заснаваў серыю «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя» — больш за тысячу друкаваных перакладаў! У сваю чаргу на сербскую перакладаў беларускіх аўтараў. Дзякуючы яму, у Сербіі выйшла «Анталогія беларускай паэзіі». Як сам казаў — «з 1982 года я стаў рэгулярна ездзіць у Югаславію, а найбольш — у Сербію, якая мне блізкая, па-свойму родная. Прызнаюся, што тамтэйшыя сябры нярэдка называюць мяне «беласербам». 

У 2009-м годзе Іван Чарота стаў Акадэмікам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Сярод ягоных узнагарод — сербскія срэбны медаль «За заслугі», Ордэн Святога Савы III ступені, Залаты знак Культурна-асветніцкага таварыства Сербі, прэмія Саюза пісьменнікаў Сербіі... Адзначалі заслугі выбітнога лінгвіста і ў Беларусі, і ў іншых краінах — ён атрымаў у Расіі медаль Пушкіна і ордэн Прападабнага Сергія Раданежскага III ступені, памятную медаль Саюза славацкіх пісьменнікаў, Міжнародную премію імя К. Астрожскага...

Калі ў Івана Аляксеевіча пыталіся, ці шмат ведае моў, сціпла адмахваўся — маўляў, ведаць дасканала шмат моў адразу немагчыма, на мову трэба настройвацца доўгай практыкай... Аднак моваў ведаў, як сам жа прызнаваўся, не менш за тузін. Як дзяліліся назіраннем за ім падчас міжнароднага форуму — «Ён размаўляе са сваймі суразмоўцамі на зручнай ім мове, з балгарамі — на балгарскай, з сербамі — на сербскай»... Было ад прыроды асаблівае адчуванне мовы... Быў і «літаратурны слых»: выдатна ведаў сусветную літаратуру, адчуваў паэзію — нездарма шмат перакладаў у тым ліку вершаваных твораў. Ягоны пераклад сербскіх народных казак на беларускую мову быў у свой час прызнаны лепшай кнігай года ў Беларусі.

Іван Чарота займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўсёды смела выказваў сваё меркаванне пра тыя ці іншыя падзеі і з’явы. Адстойваў тое, у што верыў — хрысціянскія каштоўнасці, славянскае брацтва... Актыўна выступаў і ў друку — у тым ліку на старонках выданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Шмат гадоў Іван Аляксеевіч Чарота працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, узначальваў кафедру славістыкі. Ён аўтар шматлікіх манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Адна з яго манаграфій называлася «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння». У адказе на пытанне пра ідэю гэтай кнігі Іван Аляксеевіч адказаў наступнае: «Глыбокае ўсведамленне спрадвечнай існасці павінна закладваць аснову для быційна патрэбных высноў, а таксама для вызначэння жаданых перспектыў. Без гэтага немагчыма фармуляваць як звязанае з універсальнымі катэгорыямі, так і, скажам, з актуальнай ідэалогіяй — і нацыянальнай, і дзяржаўнай. Натуральна, пры максімальным уліку гістарычнай памяці. Што ж да пошукаў правільнага ўсведамлення спрадвечнай існасці свайго народа, асабліва на тым этапе, калі ён толькі што атрымаў дзяржаўнасць, то іх неабходна працягваць, і завершанымі яны проста не могуць быць».

Іван Чарота паспеў за сваё жыццё зрабіць неверагодна шмат, і плёнам ягонай працы будуць карыстацца многія пакаленні. І, зразумела, наступнікі працягнуць той пошук спадвечнай існасці народа, якім займаўся Іван Аляксеевіч.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.