На старонках новага гісторыка-архіўнага выдання Выдавецкага дома «Звязда» «Рашэнні прымае ЦК...» разглядаюцца звароты прадстаўнікоў пісьменніцкай, мастацкай супольнасці Беларускай ССР ў галоўны на той час кіруючы орган — Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі. Чытача чакаюць сустрэчы з тымі клопатамі, якія хвалявалі народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна, Івана Мележа, народнага паэта Беларусі Петруся Броўку... У кнізе на аснове архіўных дакументаў, што сёння знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, вядзецца расповяд пра тое, чым кіраваліся партыйныя ўлады ў працы з грамадска-палітычнымі і літаратрна-мастацкімі перыядычнымі выданнямі, як прымаліся рашэннні па выданні Збораў твораў славутых і меней славутых пісьменнікаў, якім быў масштаб увагі беларускай літаратуры да мастацкага перакладу...
Часам аўтары кнігі — архівіст Вячаслаў Селяменеў і публіцыст Алесь Карлюкевіч згадваюць імёны даўно забытых дзеячаў культуры, партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў, паказваючы іх ролю ў прыняцці тых ці іншых рашэнняў, што ўплывалі на развіццё айчыннага кнігавыдання, беларускай культуры.
З выдавецкай анатацыі да кнігі «Рашэнні прымае ЦК...: з архіўных дакументаў»: «Дакументы, якія разглядаюцца на старонках кнігі, напісаны беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, дзеячамі культуры, тымі вядомымі і меней вядомымі асобамі, плён чыёй працы ў розныя гады складаў беларускую нацыянальную культуру. Здавалася б, некаторыя іх звароты ў вышэйшую ідэалагічную і фактычна вышэйшую дзяржаўную інстанцыю мелі прыватны характар. Але ж, каб вырашыць тое ці іншае пытанне, без чаго творчасць нічога не вартая, апроч ЦК, і не было куды звярнуцца. Іншая карэспандэнцыя — сведчанне пазіцыі творчай інтэлігенцыі, яе жаданне зрабіць нешта патрэбнае для ўсяго грамадства і Беларусі. Нам заставалася толькі зірнуць на гэтае ліставанне з вышыні сённяшняга часу».
Набыыць кнігу «Рашэнні прымае ЦК...» можна ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» у розных гарадах краіны, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Цікавых сустрэч з гісторыка-архіўнай памяццю, звязанай з беларускім прыгожым пісьменствам, беларускай культурай!
Раман СЭРВАЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.