Вынікі XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» падвялі на прэс-канферэнцыі восьмага лістапада.
Паводле слоў начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірыны Дрыгі, гэты фестываль па колькасці ўдзельнікаў стаў самым масавым за апошнія гады.
— Як ужо неаднаразова гаварылася, было пададзена для ўдзелу ў фестывалі больш за 3400 заявак са 124 краін. З іх адабрана 135 фільмаў. Для параўнання: летась было напалову менш прэтэндэнтаў, і ў конкурсных і пазаконкурсных паказах удзельнічала ўсяго 104 фільмы, — адзначыла яна. — Таксама за час правядзення фестывалю прайшло больш за 650 кінапаказаў як у Мінску, так і ў рэгіёнах. І наведала розныя мерапрыемствы звыш 30 тысяч гледачоў.
Акрамя гэтага, Ірына Дрыга адзначыла, што сёлета былі праведзены розныя цікавыя пазаконкурсныя мерапрыемствы. Сярод іх майстар-класы, сустрэчы з зорнымі гасцямі і дні нацыянальнага кіно краін-удзельніц.
— Прадстаўлены ў нас былі і краіны Азіі, і афрыканскія краіны, і нават такія рэгіёны Расійскай Федэрацыі, як Рэспубліка Саха (Якуція). І, мяркуючы па паказах, па напаўняльнасці залы, гэта выклікала цікавасць, — падзялілася яна.
У сваю чаргу Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей вобразна заўважыў, што «Лістапад» — гэта ў сваім родзе БРІКС толькі ў сферы кіно.
— Хацелася б адзначыць вельмі вялікую інтэрнацыянальнасць. Трэба абменьвацца культурай кіно і сваімі меркаваннямі. Фестываль павінен быць у першую чаргу дыялогавай пляцоўкай. Тут трэба абмяркоўваць, вырашаць, прымаць нейкія рашэнні і прасоўваць наша кіно, — падзяліўся ён. — Я вельмі рады, што ўдалося падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве з калегам з Паўднёвай Карэі. Па словах Юрыя Аляксея, у наступным годзе нашы беларускія фільмы будуць прадстаўлены ў Паўднёвай Карэі. Для нас гэта вельмі важная магчымасць паказаць гэтай дзяржаве беларускую культуру, традыцыі, фальклор — усё тое, што мы адлюстроўваем у нашых фільмах.
Таксама генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі адзначыў, што ў гэтым годзе кінавідэапракат атрымаў новы віток у сваім развіцці.
— У нас добры вынік ва ўсіх адносінах. Фестываль прайшоў у пяці кінатэатрах — гэта восем кіназалаў. Сёлета мы атрымалі прыбытак ад кінафестывалю ў два разы больш, чым у мінулым годзе, таксама як і гледачоў было ў два разы больш. Я лічу, гэта дасягненне фестывалю, калі ёсць цікавасць да кіно, — падзяліўся ён.
Уладзімір Карачэўскі дадаў, што плануецца вяртанне праекта «Рэха «Лістапада».
— Нашы спецыялісты праглядалі фільмы, назіралі, якія з іх маюць найбольшую цікавасць гледачоў. І ў 2025 годзе шэраг кінастужак, якія яны не змаглі ўбачыць у перыяд фестывалю, аматары фільмаў змогуць паглядзець у шырокім кінапракаце ў іншых кінатэатрах, — заявіў ён.
Таксама Уладзімір Карачэўскі анансаваў, што ў 2025 годзе адкрыецца пасля рэканструкцыі кінатэатр «Масква». Так, наступны кінафестываль пройдзе менавіта там.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.