У нашай краіне распрацавана і рэалізуецца Стратэгія інавацыйнага развіцця транспартнага комплексу да 2030 года, якой прадугледжаны меры, з дапамогай якіх забяспечваецца ўдасканаленне работы транспарту і яго інфраструктуры. Разглядаюцца пытанні па павелічэнні экалагічных відаў транспарту ў краіне, удакладняецца, наколькі ў цяперашніх умовах транспартныя выкіды забруджваюць навакольнае асяроддзе і як гэта можна змяніць.
Выкіды змяншаюцца
Напрыклад, як сказала кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Дуброўская, па статыстычных даных, у мінулым годзе выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра сумарна склалі каля 898 тысяч тон, з іх 45,5% — выкіды ад аўтатранспарту.
Спецыяліст прывяла цікавыя лічбы: спальванне адной тоны дызельнага паліва вылучае ў атмасфернае паветра да 60 кілаграмаў газападобных прадуктаў яго гарэння, да 4,5 кілаграма вуглевадародаў і да двух кілаграмаў цвёрдых часціц сажы і іншых забруджвальных рэчываў.
Таццяна Дуброўская распавяла, што ад эксплуатацыі транспарту трапляе ў паветра значная колькасць пылу, таксічных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў газах рухавікоў, што адпрацавалі; ствараюцца высокія ўзроўні шуму. Гэтыя таксічныя рэчывы небяспечныя тым, што знаходзяцца ў прыземным пласце, дзе нізкая хуткасць ветру, таму дрэнна рассейваюцца.
Разам з тым у нашай краіне рэалізуецца шмат мерапрыемстваў для зніжэння шкоднага ўздзеяння ад выкідаў транспарту. Напрыклад, выкарыстоўваюцца віды паліва, якія адпавядаюць экалагічнаму класу. А нашы вытворцы выпускаюць тэхніку высокіх экалагічных класаў. Акрамя таго, абнаўляюцца транспартныя паркі, развіваецца пасажырскі транспарт. На вуліцах нашых гарадоў мы назіраем шмат сучасных тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. У Мінску актыўна развіваецца метро.Пашыраецца дзяржаўная сетка зарадкі для электрамабіляў. У апошні час аддаецца асаблівая ўвага стварэнню інфраструктуры для бяспечнага і бесперашкоднага руху, стаянкі, захоўвання, сэрвіснага абслугоўвання веласіпедаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці.
Усё разам прыносіць вынік: у краіне за апошнія пяць гадоў выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад транспарту скараціліся на 6,2%, або больш чым на 26 тысяч тон. Штогод для павышэння зацікаўленасці суб’ектаў гаспадарання Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць конкурс па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў. Пераможцаў выбіраюць як сярод арганізацый, ва ўласнасці якіх знаходзіцца ад 25 да 100 адзінак тэхнікі, так і сярод прадпрыемстваў з аўтапаркам звыш 100 аўтамабіляў.
Намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» Мікалай Лакотка расказаў аб навінках экалагічнага транспарту і перспектыўных распрацоўках.
Мікалай Лакотка адзначыў, што сусветнае аўтамабілебудаванне развіваецца па некалькіх кірунках. Адно з іх — стварэнне экалагічных відаў транспарту. Мінскі аўтамабільны завод таксама ідзе ў рэчышчы сусветных тэндэнцый.
«Мы ўжо з 2007 года аднымі з першых паказалі стандарт Еўра-4 на нашай тэхніцы. Гэта былі не вопытныя ўзоры, а серыйныя мадэлі. Праз год прадэманстравалі гатоўнасць па стандарце Еўра-5», — падкрэсліў намеснік галоўнага канструктара.
Мінскі аўтамабільны завод таксама адным з першых у СНД прыступіў да серыйнай вытворчасці грузавікоў экалагічнага класа Еўра-6. Укараняюцца сучасныя рашэнні, якія дазваляюць паменшыць выкіды ў атмасферу. Акрамя таго, канструктары працуюць над новымі мадэлямі электратранспарту.
«Для Жодзіна мы вырабілі 14 электробусаў, якія паспяхова эксплуатуюцца на гарадскіх вуліцах. Займаемся і вытворчасцю электрагрузавікоў. Гэта досыць запатрабаваная прадукцыя, асабліва ў катэгорыі да 12 тон», — праінфармаваў Мікалай Лакотка, дадаўшы, што прадпрыемства супрацоўнічае ў тым ліку з навукоўцамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі.
На прадпрыемстве таксама сталі выпускаць электробус для аэрапортаў. Такая мадэль ужо эксплуатуецца ў аэрапорце Пулкава Санкт-Пецярбурга і будзе перададзена ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. На завяршальнай стадыі знаходзіцца праект па зборцы камунальнага смеццявознага аўтамабіля вялікага класа. «У перспектыве будзем развіваць электратранспарт вялікай грузападымальнасці», — распавёў Мікалай Лакотка.
Распрацоўваецца газаматорная, гібрыдная тэхніка. На парадку дня стаіць пытанне стварэння седлавога цягача і турыстычнага аўтобуса для Саюзнай дзяржавы.
Начальнік аддзела арганізацыі інавацыйнай дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства «БЕЛАЗ» —
кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Павел Андрэйкавец паведаміў пра свае навінкі транспарту.
Ён удакладніў, што на прадпрыемстве распрацоўваюць газавыя машыны, тэхніку на акумулятарных батарэях. У апошні час на прадпрыемстве, напрыклад, распрацавалі кар’ерныя самазвалы на газаматорным паліве грузападымальнасцю 30, 45, 55, 90 і 130 тон. «Вялікі самазвал, 130-тоннік, — наша апошняя распрацоўка, якая цяпер праходзіць доследна-прамысловую эксплуатацыю», — праінфармаваў Павел Андрэйкавец.
Акрамя таго, прапрацоўваюцца праекты самазвалаў з газапоршневым рухавіком грузападымальнасцю 220 тон і адзін кар’ерны самазвал на выкарыстанні біяпаліва.
«Сёлета быў выраблены вопытны ўзор — кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-7513е грузападымальнасцю 120 тон, які сёння праходзіць выпрабаванне. Ён цалкам працуе ад акумулятарных батарэй. Праводзім актыўныя работы па стварэнні кар’ернага самазвала, які выкарыстоўвае ў выглядзе паліва вадарод», — дадаў спецыяліст.
Кіраўніцтва «БелДжы» адзначыла, што пасля пачатку паставак першага серыйнага электрамабіля Geely Galaxy E8 будзе праведзена ацэнка попыту. Калі продажы седана пакажуць добрую дынаміку, то вытворца фактычна гатовы прыступіць да вытворчасці яшчэ дзвюх новых мадэляў.
З апошніх дзён кастрычніка гэтага года ў кампаніі пачынаюць прадаваць электракар мадэлі E8, гэта седан прадстаўніцкага класа, цалкам электрычны. Але яшчэ на прадпрыемстве збіраюцца выпрабоўваць дзве мадэлі красовераў. Адзін — поўнасцю электрычны, другі — паслядоўны гібрыд.
Кіраўнік «БелДжы» Генадзь Свідзерскі адзначыў, што сілавыя электраагрэгаты і інвертар для новых мадэляў будуць выпускаць у Беларусі. Мадэлі пабудаваныя на базе платформы, атрыманай з Кітая.
Сяргей КУРКАЧ
Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ
У тройцы лідараў
У 2020-м рэалізаваны маштабны інфраструктурны інвестыцыйны праект, які дазволіў скараціць залежнасць краіны ад імпартнага паліва — узведзена Беларуская атамная электрастанцыя. З моманту свайго ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму БелАЭС выпрацавала больш за 35 мільярдаў кВт-гадзін электраэнергіі. Пры гэтым наша краіна працягвае актыўнае выкарыстанне і ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Па выніках 2021–2023 гадоў уведзена ў эксплуатацыю 41 энергетычная крыніца на мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсах, яшчэ 54 плануецца пабудаваць у 2024–2025 гадах.
Як адзначаюць у Міністэрстве эканомікі, развіццё ў Беларусі атрымала і аднаўляльная энергетыка. Яе доля ў агульным аб’ёме вытворчасці электрычнасці з 2010 года павялічылася больш чым у 7,5 раза. Пераканаўчым доказам паспяховасці рэалізаванай палітыкі па развіцці галіны стала трэцяе месца Беларусі ў рэйтынгу краін Еўропы з самай таннай электраэнергіяй для насельніцтва (лідзіруе ў рэйтынгу Казахстан, Расія заняла другое месца, а самае дарагая электрычнасць — у Даніі).
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.