Пры тым што айчынныя стужкі былі ўключаны таксама і ў іншыя — міжнародныя конкурсы, — вырашылі рабіць асобна нацыянальны. Логіка арганізатараў зразумелая: калі мы здымаем, то маем права і паказваць гэта на «дамашнім» фестывалі. Іншая справа — наш «Лістапад» усё ж мае статус міжнароднага, у праграме ёсць фільмы, узровень якіх ужо пацверджаны вельмі прэстыжнымі прызамі знакамітых кінафорумаў. Значыць, і ўзровень кіно, якое паказваецца (не толькі ў межах асноўнага конкурсу, але і ў іншых праграмах), павінен адпавядаць. А тут яшчэ арганізатары самі заявілі «кіно са знакам якасці». Таму ўвага да нацыянальнага конкурсу была яшчэ і ў тым, каб зразумець: што значыць якасць у айчынным кіно на цяперашнім этапе?
Варта адзначыць, што найбольш значныя прэм’еры беларускіх фільмаў адбыліся ў межах іншых праграм, пра што мы ўжо паведамлялі. Так, ігравы фільм «Чорны замак» адкрываў юбілейны «Лістапад», анімацыйная стужка «Песня Сірын» — праграму «Лістападзіка». Адзначыліся вялікімі прэм’ерамі, ставім птушачку. Але Беларусь была прадстаўлена таксама ў конкурсах маладога кіно (адзін фільм), дакументальнага (з адзінаццаці паказаных шэсць зроблены беларускімі вытворцамі ці пры іх удзеле), анімацыйнага (два) і нацыянальных кінашкол (тры) — залік. Студыі ёсць, вытворчасць кіно ідзе — дык трэба паказаць.
Ну а калі ўжо паказваць — дык па максімуме. Таму ў Нацыянальным конкурсе можна было пабачыць фільмы, што з’явіліся за апошнія два гады. А іх у нас нямала, на паўнавартасны конкурс — больш за 20 назваў. На некалькі сеансаў у кожны фестывальны дзень. То-бок на дзясяткі гадзін прагляду. Колькасны паказчык мае значэнне. Напэўна, так разважалі куратары гэтай праграмы, імкнучыся да 100-гадовага юбілею беларускага кіно прадэманстраваць яго сучасную жыццяздольнасць: вось, можам — і робім. Трэба ўдакладніць, што колькасны прырост атрымаўся не толькі з-за работы студый «Беларусьфільма», але і за кошт вытворчасці тэлеканалаў і некаторых асобных вытворцаў (якія таксама з задавальненнем працуюць для тэлебачання). Таму актыўныя тэлегледачы ўжо маглі бачыць раней шмат што з прапанаванага ў конкурсе. Тым больш у апошнія гады вытворчасць многіх фільмаў была прадыктавана пэўнымі нагодамі.
У той час калі Беларусь рыхтавалася адзначыць 80-годдзе вызвалення, варта было чакаць, што айчыннае кіно адгукнецца. Але гэта той этап, калі нават самыя смелыя чаканні аказаліся значна пераўзыдзены: фільмаў, прысвечаных падзеям 1941–1945, у праграме нацыянальнага конкурсу многа. І тут усё зразумела. «Беларусьфільм» здаўна славіўся ваенным кіно — і гэта без іроніі, бо цяпер, праз гады, не саромлюся прызнацца, што мне пашчасціла расці на беларускіх фільмах пра вайну, знятых у тую самую «залатую эпоху «Беларусьфільма», паводле вызначэння дакументаліста Яўгена Сяцько. Але і дзецям, якія падрастаюць цяпер у Беларусі, не дазваляюць абмінуць гэту тэму. Праўда, кіно цяпер іншае (і здымаюць яго па-новаму).
Галоўны акцэнт у нацыянальным конкурсе быў нададзены ігравой ваенна-гістарычнай драме Івана Паўлава «Час павяртацца» («Беларусьфільм»), заснаванай на рэальных падзеях (дзеянне адбываецца напярэдадні аперацыі «Баграціён»), у якой дзейнічаюць тры каларытныя персанажы (але іх прататыпамі былі рэальныя героі вайны). Сёлетняя прэм’ера была паказана шырока па краіне. Праўда, паказ у межах «Лістапада» — асаблівая гісторыя (гэта нібыта як адзнака). І статус — «фільм — удзельнік міжнародных кінафестываляў». Гучыць. А гэта таксама мае значэнне, таму што наперадзе 80-годдзе Перамогі, значыць, фільм не страціць свой глядацкі патэнцыял.
Тое ж датычыцца і дакументальных фільмаў, прысвечаных падзеям вайны: яны сёлета надзвычай запатрабаваныя на тэлеканалах. Напрыклад, Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі выпусціла цыкл з трох серый пад агульнай назвай «За паству і Айчыну» (рэжысёр Кацярына Паленічэнка) — пра святароў падчас вайны. Тэлеканал СТБ праект «Вайна і набліжэнне да міру: партызанскі інтэрнацыянал» (рэжысёр Крысціна Яркіна-Маскалёва) прысвяціў замежнікам, якія змагаліся ў Беларусі супраць фашыстаў. Стужка «Мінск 1944. Вызваленне» рэжысёра Аксаны Лашкевіч, якая працуе ў беларускім прадстаўніцтве Міждзяржаўнай тэлекампаніі «Мір», сёлета была прадстаўлена ў праграме фестывалю дакументальнага кіно «Еўразія.DОС». Вайна як частка жыцця гераіні была і ў стужцы «Асобы ў гісторыі. Валянціна Баранава» (рэжысёр Арсеній Ільіных) — фактычна гэта тэлеінтэрв’ю з жыхаркай Гродна, узрост якой пераваліў за 100 гадоў, але, толькі скончыўшы школу, яна папрасілася на фронт. Фільм «Маленькія героі вялікай вайны» (рэжысёр Наталля Паўэр) праз тэлеэкран распавядаў пра беларускіх дзяцей-падпольшчыкаў, якія разам з дарослымі аказвалі супраціў акупантам. Некаторыя фільмы маюць акрэсленую публіцыстычную скіраванасць, як сумесны праект Генеральнай пракуратуры і Агенцтва тэлевізійных навін «Генацыд. Без права на жыццё», некалькі серый з якога на фестывалі прадстаўлялі рэжысёр Алег Шычко і аўтар сцэнарыя Наталля Голубева. «Жорсткач...» — казалі юнакі, якія апынуліся вечарам нядзелі на праглядзе. Відавочна, не такога чакалі ад фестывальнага кіно (калі гаворка больш ідзе пра мастацтва), але ж гэта наш, асаблівы падыход да яго. Можна задацца пытаннем: а з якога ўзросту дзецям паказваць ваеннае кіно? У нашай краіне ёсць прынцыповы адказ: з маленства. Гэты беларускі боль перадаецца праз пакаленні — каб больш адчувальным было шчасце жыцця. Таму нават у анімацыйных фільмах, якія можна паказваць маленькім гледачам, ёсць гэтая тэма. Альманах «Мемарыяльныя комплексы Беларусі» (гэта пяць фільмаў, знятых рэжысёрамі Канстанцінам Андрушачкіным, Аляксандрам Ленкіным, Таццянай Кубліцкай, Наталляй Касцючэнка, Ірынай Тарасавай) расказвае пра помнікі, прысвечаныя драматычным ваенным падзеям, і ўзнаўляе, візуалізуе іх. Так, гісторыю можна даносіць рознымі сродкамі кіно, у тым ліку праз мультыплікацыю. Што паказаў яшчэ савецкі класік Юрый Нарштэйн, адлюстраваўшы ваенныя ўспаміны ў сваёй «Казцы казак», якую, паводле апытання амерыканскай Акадэміі кінамастацтва, нават прызнавалі «найлепшым анімацыйным фільмам усіх часоў і народаў». А яго аўтару, між іншым, давялося папрацаваць і над вобразам Чабурашкі разам з Леанідам Шварцманам, мінчанінам па нараджэнні. Але гэта зусім іншая гісторыя.
Фільм «Леанід Шварцман. Казка пра хлопчыка і стары горад» (вытворчасць студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» прысвечаны таленавітаму аніматару і чалавеку, у якога было насычанае доўгае жыццё (102 гады). Рэжысёр Кацярына Шарамет старалася адпавядаць і распавяла яго гісторыю небанальна, узнаўляючы ўспаміны пра родны даваенны Мінск. Яна знайшла цікавую форму, сумясціўшы некалькі мастацкіх тэхнік, у тым ліку з выкарыстаннем анімацыі, стварыўшы вобраз хлопчыка Лёні. У дакументальным кіно маладая рэжысёр яшчэ раней паказала, што ўмее эксперыментаваць, калі выйшаў яе фільм «Леанід Шчамялёў. Усе адценні белага». Гэта прысвячэнне знакамітаму беларускаму жывапісцу да яго 100-гадовага юбілею, адпаведна, гледача нібыта ўцягваюць у мастацтва, у энергію фарбаў, у сюжэты карцін. Гэта да пытання пра тое, што дакументальнае кіно на тэлеканалах можа быць яркім творчым прадуктам, а рэжысёр можа быць розным у кожнай сваёй рабоце (варта згадаць, што Шарамет распавяла яшчэ і гісторыю аўтамабіля ў фільме «За нашу і вашу Перамогу. Ад мары да легенды», які здабыў прыз журы за найлепшую тэлевізійную работу на Міжнародным тэлевізійным конкурсе «Перамаглі разам»).
Дакументальныя прысвячэнні таксама бываюць розныя: не толькі асобам (як яшчэ адна стужка Яўгена Сяцько «Сусвет Івана Місько» пра народнага мастака Беларусі), але і прыроднаму свету краіны, якую называюць сінявокай, але можна было б называць і «зялёнай», паглядзеўшы стужку экалагічнай скіраванасці «Бярэзінскі біясферны» («Студыя «Летапіс» «Беларусьфільма») даследчыка і кінематаграфіста Ігара Бышнёва. Пра запаведнік, які захаваў адметны прыродны ландшафт, раслінны і жывёльны свет, апавядае паўнавартасны дакументальны фільм больш чым за 50 хвілін. Бярэзінскі біясферны запаведнік мае гісторыю ў 100 гадоў. Юбілеі — знакавыя нагоды для здымак «дакументалак». Іх прысвячаюць тэатрам (фільм «Пра што не ведаюць гледачы» Вадзіма Ларчанкі створаны да юбілею Вялікага тэатра Беларусі) і нават войску («Армия мира» Максіма Касцючэнкі да 105-годдзя Узброеных Сіл Беларусі) — часта іх дыктуе айчынная рэчаіснасць і неабходнасць працаваць са свядомасцю, асабліва маладой аўдыторыі. І герояў дакументальнае кіно знаходзіць сярод гэтай катэгорыі грамадзян: вось тая моладзь, якой краіна ганарыцца. Напрыклад, фільм Веранікі Жаўняк «Героі нашага часу» пра Мінскае сувораўскае вучылішча і яго выхаванцаў. Ці вось яшчэ адзін тэлепраект: «Новыя людзі» Надзеі Габец (тут прадстаўлены часткі «Пост № 1» пра вахту Памяці ў Брэсцкай крэпасці і «Разьбяр» пра майстра, які стварае абразы з дрэва) — пра пакаленне, якое прыходзіць на змену, якое яно таленавітае, свядомае, шануе каштоўнасці. Праект ужо быў адзначаны як журналісцкая работа аўтараў. Яго ўдзел у кінаконкурсе — больш паказальная з’ява, якая характарызуе цяперашняе стаўленне да моладзі: яна вартая асаблівай увагі.
Гэтым можна патлумачыць з’яўленне фільма Кірыла Халецкага «Культурны код», у якім моладзі (ад
12 гадоў) даносіцца тэма дзяржаўных сімвалаў, пад якімі існуе наша краіна, — на мяжы «дакументалкі» і ігравога кіно, з мэтай інфармавання і выхавання ў духу найсучаснейшага беларускага патрыятызму. А гэта самы трэндавы кірунак для кіно ў краіне (асабліва для тэлебачання) цяпер, пра што сведчыць праграма нацыянальнага конкурсу. Застаецца пытанне: а ці глядзіць моладзь кіно па тэлебачанні, на якое ў асноўным ідзе разлік?
На прадстаўленні фільма «Ліст чакання» («Беларусьфільм») рэжысёра Аляксандра Яфрэмава ў асноўным сабраліся людзі сталага веку, досвед якіх дае магчымасць меркаваць пра каштоўнасць жыцця. Фільм прысвечаны ўрачам, якія робяць складаныя аперацыі па трансплантацыі органаў. Акрамя самой іх працы ёсць адсылкі да ўмоў, у якіх яны працуюць і робяць свой штодзённы выбар — прафесійны і грамадзянскі (як жа без гэтага?). Вось адзін з хірургаў хоча з’ехаць за мяжу (яшчэ ў 20-м з жонкай збіраліся, але цяпер прыйшла добрая прапанова з нямецкай клінікі). А тут яшчэ падштурхоўваюць розныя навіны (медыкі зацікаўлена сочаць праз тэлеэкран у ардынатарскай і дома праз камп’ютар за ходам расійскай СВА). Якраз двайную перасадку (сэрца — лёгкія) прапануюць дзяўчыне, якая перанесла ковід і атрымала ўскладненні. Яе вельмі шкада, бо толькі нарадзіла дачушку, якую наўрад ці будзе здольная падняць яе бабуля, а тата немаўляці з украінскім прозвішчам з’ехаў з Беларусі, і пра яго пытаецца следчы. Нервовая сітуацыя для дзяўчыны паказвае, што трэба прыспешваць з аперацыяй. А кіраўнік групы трансплантолагаў не ведае дакладна, на каго з хірургаў можа разлічваць, ды яшчэ яго дачка ўносіць раздрай ва ўнутраны стан. Яна прыязджае з Іспаніі, каб забраць сваіх дзяцей у бацькоў, якія іх гадавалі ўсе гады, пакуль тая ўладкоўвала асабістае жыццё. Але малыя не надта хочуць у той спакуслівы свет, дзе іх чакаюць палацы з басейнам, ды і ў дзядулі з бабуляй ім цалкам утульна: усё сваё, нават планы... Карацей, выбар на выбары. Здаецца, толькі жонка таленавітага маладога хірурга, мастачка, не вагаецца, нават калі даведваецца, што яе даўні сябра з’ездзіў туды і паспяхова вярнуўся. Але і яна вымушана рабіць свой выбар на карысць кахання... Ох, толькі сядзець і ўздыхаць, а некаторым надта чуллівым быць гатовым пусціць слязу (на гэта разлік у сучасным беларускім кіно пра людзей). На агульны фон паказу паўплывала і шырокая прысутнасць здымачнай групы разам з зоркай Валерыяй Арланавай, у той час калі рэжысёр знаходзіцца на лячэнні. Усё было душэўна: гэта жыццёвасць і актуальнасць у дзясятай ступені.
Дарэчы, найноўшая актуальнасць і рэчаіснасць — і ў дакументальным праекце «Час магчымасцяў. Цяжкая прамысловасць» (Дар’і Жбанавай, тэлекампанія «Мір») — пра імпартазамяшчэнне, выкліканае новай эканамічнай сітуацыяй і санкцыйнай палітыкай у дачыненні да Беларусі. Аднак дакументальнае кіно чалавечай скіраванасці таксама ёсць. Фільм «За межамі глянцу» Веры Ткачэнка пра тое, як, нават выйшаўшы на пенсію, можна знайсці новае жыццё і нават стаць мадэллю. Кранальную гісторыю (таксама рэальную, перажытую асабіста) можна расказаць і ў мастацкай форме, і нават у кароткім метры. Такі фільм атрымаўся ў Ганны Гертман. «Калыханка для Станіслава» — пра тое, што перажывае жанчына, якая страціла не адно дзіця, перш чым стаць мамай. Яе боль, перажыванні, нават містычныя моманты, калі нежывое немаўля забірала памерлая бабуля, перададзены вельмі метафарычна. Метафары — мова, на якой з намі размаўляе мастацтва. Нездарма Ганне прысудзілі Гран-пры на фестывалі кароткаметражных фільмаў у Бішкеку. Яна атрымала высокія ўзнагароды на фестывалях у Бруселі і Лондане. Кароткі фільм напоўнены беларускім каларытам — здавалася б, яго цяжка прыцягнуць у такую тэму, але Ганна Гертман здолела. Напэўна, сапраўды жыццёвыя і стваральныя сілы беларусаў ідуць ад продкаў, што немагчыма адмаўляць, як і немагчыма перакрыць гэтую крыніцу. Гэтая энергія жывіць, падтрымлівае творчы дух і дае надзею...
У тым ліку і найважнейшаму з усіх мастацтваў, паводле ленінскай фармулёўкі, якую, як ні круці, не атрымліваецца забыць — на яе аснове наша кіно існавала 100 гадоў. І працягвае жыць.
Ларыса ЦІМОШЫК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.