У сучасным свеце надзвычай важным з’яўляецца захаванне традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, выхаванне патрыятызму, які складае аснову жыццяздольнасці дзяржавы. І, вядома, гэта немагчыма без ведання гісторыі нашага народа, роднай мовы і культуры. Менавіта мова — адзін з найважнейшых складнікаў культурнага кода нацыі. Напярэдадні 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якое ўстанова адзначыла 2 лістапада, падчас круглага стала па тэме «Трэнд на роднае: дасягненні навукоўцаў і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы» спікеры абмеркавалі дасягненні ў даследаванні роднай мовы, а таксама падзяліліся сваімі назіраннямі наконт таго, як папулярызуецца родная мова сёння, ці вялікая зацікаўленасць ёю ў моладзі і што неабходна рабіць, каб пашыраць сферы яе выкарыстання.
Як адзначыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, сёння дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і стварае ўсе ўмовы для рэалізацыі гэтага права.
— Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў пры наяўнасці такой магчымасці — 82-і артыкул Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Але сістэме адукацыі належыць важная роля ў фарміраванні ў вучняў каштоўнасных адносін да беларускай мовы як нацыянальнай мовы нашага народа. Сярод вучняў і бацькоў на пастаяннай аснове вядзецца тлумачальная работа па папулярызацыі беларускай мовы і стане яе пашырэння. Гэта ўсё адбываецца на бацькоўскіх сходах, на культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, — адзначыла Ірына Булаўкіна. — Беларуская мова ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынае вывучаецца з 1-га па 11-ы клас. Незалежна ад мовы навучання з 2-га па 11-ы клас на вывучэнне рускай і беларускай моў адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін. Так, на вывучэнне рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры з 2-га па 4-ы клас прадугледжана па 4 з паловай гадзіны на тыдзень, з 5-га па 6-ы клас — па 5 гадзін на тыдзень. З 7-га па 9-ы клас — па 3 з паловай гадзіны на тыдзень, а ў 10-м і 11-м класах па 3 гадзіны на тыдзень. І гэта базавы ўзровень. Але на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі беларуская мова і літаратура могуць вывучацца на павышаным узроўні.
Спецыяліст таксама распавяла, што да бягучага навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі было падрыхтавана і выдадзена на беларускай мове 31 найменне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, агульны іх тыраж склаў 11 778 767 экзэмпляраў. Яшчэ ў серыі «Школьная бібліятэка» штогод выдаюцца творы беларускіх пісьменнікаў — класікаў і сучасных аўтараў — як на рускай, так і на беларускай мове, аднак перавага аддаецца, вядома, беларускамоўным творам. Акрамя гэтага, ёсць шырокія магчымасці вывучэння беларускай мовы па-за межамі вучэбнага працэсу. Напрыклад, пры жаданні вучні могуць наведваць факультатыўныя заняткі. А на старонках «Настаўніцкай газеты», часопісаў «Адукацыя і выхаванне», «Беларуская мова і літаратура», «Пачатковае навучанне» і іншых публікуюцца матэрыялы і артыкулы, у якіх прэзентуецца вопыт настаўнікаў, устаноў адукацыі па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. Таксама штогод па беларускай мове і літаратуры праводзяцца інтэлектуальныя рэспубліканскія спаборніцтвы: конкурс даследчых работ вучняў і Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры.
— Яшчэ штогод ва ўстановах адукацыі ў перыяд святкавання Міжнароднага дня роднай мовы арганізоўваюцца Тыдні роднай мовы. У гэты час праводзяцца лекцыі, семінары, тэматычныя і выхаваўчыя гадзіны, вечарыны, конкурсы, літаратурныя святы, гасцёўні, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, дзеячамі культуры. Арганізуюцца экскурсіі ў краязнаўчыя, літаратурныя і школьныя музеі. І ў бібліятэках ладзяцца выстаўкі, прысвечаныя юбілеям беларускіх пісьменнікаў, Дню беларускага пісьменства, — распавяла Ірына Булаўкіна.
Установы адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у пошукавай і краязнаўчай рабоце. А створаныя музеі, пакоі і экспазіцыі, дзе адлюстроўваюцца такія напрацоўкі, таксама спрыяюць папулярызацыі роднай мовы сярод вучняў.
Прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў адзначыў, што і сярод сённяшніх студэнтаў усё больш назірае цікавасць да беларускай мовы і свядомае жаданне выкарыстоўваць яе ў сваіх паўсядзённых зносінах. Сказаў ён і пра тое, што вялікая роля ў павышэнні маўленчай культуры належыць СМІ:
— Мы гэта вельмі добра адчуваем і разумеем, таму на факультэце журналістыкі і ва ўсёй сістэме вышэйшай адукацыі вялікая ўвага звяртаецца на тое, каб студэнтам была дадзена магчымасць авалодаць тым, што яны яшчэ не ведалі і не чулі ў школе. Да нас трапляюць вельмі цікавыя студэнты. Яны ў роўнай меры валодаюць рускай і беларускай мовамі. І калі параўнаць розныя перыяды, я ўжо даўно працую на журфаку, заўважаецца тэндэнцыя, што апошнія недзе тры-чатыры гады ёсць зацікаўленасць студэнтаў менавіта вывучэннем беларускай мовы... Ідзе і яе пашырэнне, што адзначаецца, напрыклад, у навуковых артыкулах, якія студэнты пішуць і прадстаўляюць у нас на штогадовай канферэнцыі, дзе доля беларускамоўных навуковых публікацый якраз узрастае, — сказаў Віктар Іўчанкаў. — Разам з тым мы ўсе назіраем падзенне маўленчай культуры. Вось чаму сёння мы гаворым увогуле пра медыяцэнтрычнасць нашага свету. Калі, напрыклад, узяць ХІХ ст., ХХ ст., то ўсё ж маўленчыя густы фарміравалі тэатр, літаратура, кіно. Але з буйным ростам інфармацыйных тэхналогій і іх пранікненнем ва ўсе жыццёвыя сферы зразумела, што доступ да слова стаў вельмі прываблівы. Любы чалавек, які мае цяпер свой акаўнт і г. д., можа выказвацца. Але як ён гэта робіць? І тут зноў жа, відаць, усё будзе залежаць і ад выкладчыкаў, і асабіста ад саміх студэнтаў, як яны гэта разумеюць. Ці ёсць у іх матывацыя пашыраць маўленчую культуру.
Тое ж самае і са СМІ. Як адзначыў галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, вельмі важна, каб аўтары таксама ўсведамлялі і імкнуліся ўдасканальваць сваё валоданне мовай, што пасля знойдзе адлюстраванне і ў іх якасных матэрыялах.
— Мы распавядаем пра нашу культуру, літаратуру, пра мастацтва, тэатр і кіно на беларускай мове. Нават пра іншыя культуры мы расказваем па-беларуску. І шмат перакладаў з іншых моў друкуецца. Аднак апошнім часам праблема для мяне, як для галоўнага рэдактара, не знайсці матэрыял, а падаць яго правільна, на правільнай мове. А СМІ павінны быць эталонам, таму гэтае пытанне мяне вельмі хвалюе.
А вось станоўчай тэндэнцыяй ён назваў выданне беларускамоўных кніг для дзяцей, што спрыяе пашырэнню мовы і дапамагае з дзяцінства, з сям’і чуць роднае слова.
У сваю чаргу дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў акрэсліў у сваім выступленні менавіта тыя аспекты, якія адлюстроўваюць дзейнасць навуковай супольнасці па даследаванні і папулярызацыі роднай мовы.
— У нас на дзяржаўным узроўні сёння вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятызму — гэта аснова і падмурак дзяржавы. Шмат увагі ўдзяляецца гістарычнай памяці, пытанням кансалідацыі грамадства, захаванню традыцыйных духоўных, сямейных, хрысціянскіх каштоўнасцяў. Гэта на сённяшні час вельмі складана і актуальна, і ўсё тое сканцэнтравана менавіта ў слове. Калі звярнуцца да нашай гісторыі, то мы можам знайсці адказы на многія нашы пытанні і тое, на што мы павінны арыентавацца і чым сілкавацца. Хачу згадаць Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, якая была прынята ў канцы мінулага года, і адзначыць, што там шмат увагі ўдзяляецца моўнаму аспекту, — сказаў Ігар Капылоў.
— Гістарычны аспект — адзін з прыярытэтных у даследаваннях акадэмічных мовазнаўцаў, — падзяліўся Ігар Капылоў. — Пачынаючы з 60-х гадоў вядзецца навуковая работа па вяртанні нашай пісьмовай спадчыны. Такія помнікі, як «Александрыя», «Статут Вялікага Княства Літоўскага», «Слуцкае Евангелле» па-навуковаму апісаны і асэнсаваны. А ўжо на будучую пяцігодку ў нас запланавана вяртанне пісьмовай спадчыны.
Я маю на ўвазе знакаміты «Слоўнік Насовіча», які захоўваецца ў архівах у Санкт-Пецярбургу. Меў гонар пагартаць гэтую працу, яна мае больш за 400 рукапісных старонак. Гэта слоўнік актавай мовы, старажытнай беларускай мовы XІV—XVІІІ стагоддзяў.
Сярод ужо зробленага можна вылучыць апублікаваны «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», на старонках якога адлюстравана багатая інфармацыя аб сацыяльна-эканамічным жыцці нашых продкаў, аб матэрыяльнай і духоўнай культуры, чым яны жылі, як думалі і выказвалі свае думкі. Яшчэ сёлета завяршаецца цыкл прац, прысвечаных даследаванню старабеларускай мовы (апісання гістарычнага сінтаксісу).
Важны кірунак у рабоце беларускіх мовазнаўцаў — даследаванне народных гаворак. Сёння ў Інстытуце мовазнаўства працуюць над зводным слоўнікам беларускіх народных гаворак. Гэта электронны рэсурс, які будзе змяшчаць усё, што назапасілі дыялектолагі за дзесяцігоддзі сваёй працы. Гатовыя навукоўцы падтрымаць і тых, хто праяўляе даследчыцкую зацікаўленасць мікратапонімамі, каб не знікла гэтая багатая гісторыка-культурная спадчына.
Яшчэ дырэктар інстытута адзначыў, што зараз ідзе актыўная работа над падрыхтоўкай новага тлумачальнага слоўніка, у якім знойдуць адлюстраванне больш за 250 тысяч лексічных адзінак. Удзяляецца належная ўвага і тэме забеспячэння патрэб моўнай практыкі ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму. Так, у верасні працу «Сопоставительный системный семантический русско-белорусский словарь» удастоілі высокай узнагароды на форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі ва Уфе. Беларускія навукоўцы атрымалі ўзнагароду «Зоркі садружнасці».
Напрыклад, практычна арыентаваны дапаможнік «Фарміраванне моўнай кампетэнцыі кіруючых кадраў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму», дзе даследавана спецыфіка мовы адміністрацыйна-прававой сферы, вырашыць шмат праблемных пытанняў, якія часам могуць узнікаць у рабоце дзяржслужачых.
Асобна спыніліся і на выкарыстанні сучасных тэхналогій у тэме пашырэння і папулярызацыі роднай мовы. «Пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы без іх немагчыма, і тут найважнейшую ролю адыгрывае Нацыянальны корпус беларускай мовы, які ў нас створаны і налічвае каля мільярда слоў. Практыкі ўжо ацанілі яго, і не адна дысертацыя падрыхтавана. Таксама ў нас запрацавала „Моўная даведка“ — электронны рэсурс. Важна, што ў гэтую працу ўключылася наша моладзь. Яшчэ ў нас створаны сінтэзатар беларускага маўлення, таму што сёння штучны інтэлект прысутнічае ва ўсіх сферах грамадскага жыцця», — кажа Ігар Капылоў.
Варта адзначыць і тое, што ўжо трэці год у Інстытуце мовазнаўства працуюць над рэалізацыяй праекта па лініі AGROVOK (электронны рэсурс створаны на базе ААН, які змяшчае сельскагаспадарчую тэрміналогію на розных мовах). І сярод 40 адлюстраваных там моў ёсць і беларуская. Гучыць наша мова і на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Акрамя гэтага, па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны ўжо завяршаецца пераклад кодэксаў на беларускую мову і створана электронная база юрыдычных тэкстаў.
Падсумоўваючы пачутае, прыемна адзначаць, што беларуская мова, яе выкарыстанне, вывучэнне і распаўсюджванне — гэта не проста трэнд, а пастаянны складнік жыцця беларусаў на самых розных узроўнях.
Алена ДРАПКО
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!