Днямі ў беларускай сталіцы падвялі вынікі ўнікальнага рэспубліканскага праекта «Кіраўнік будучыні». Удзельнікі праекта сустрэліся са старшынёй Мінскага гарвыканкама Уладзімірам Кухаравым, начальнікам галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Мінскага гарвыканкама Вольгай Чамаданавай, галоўным спецыялістам аддзела грамадска-масавай работы і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Ягорам Падалякам. Пытанняў ад таленавітай і творчай моладзі было сапраўды шмат. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, што цікавіць будучых кіраўнікоў.
На працягу тыдня трыццаць студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта знаёміліся са спецыфікай дзяржаўнай службы на прыкладзе Мінгарвыканкама. Маладыя людзі, якія вучацца на розных факультэтах, былі падзеленыя на пяць груп у залежнасці ад кірунку дзейнасці структурных падраздзяленняў гарадской адміністрацыі. Гэта галіны эканамічнай палітыкі; архітэктуры; жыллёва-камунальнай гаспадаркі і энергетыкі; ідэалагічнай, грамадска-палітычнай і сацыяльна-культурнай дзейнасці; зямельных адносін, кіравання і распараджэння дзяржаўнай маёмасцю.
Маладыя людзі з цікавасцю знаёміліся з дзейнасцю кіраўніцтва Мінгарвыканкама. «Мы вельмі рады, што маладыя людзі зацікавіліся прафесіяй дзяржаўнага служачага. Яны займаюцца тымі пытаннямі, якія ім цікавыя. Ініцыятыва зыходзіла менавіта ад студэнтаў, — падкрэсліў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — У іх склалася першае ўражанне, што ўяўляе сабой работа дзяржаўнага служачага, у чым яе асаблівасці. Удзельнікі праекта — крэатыўныя, эрудзіраваныя людзі, якія маюць свой погляд на жыццё, ад якіх прагучала шмат цікавых прапаноў для развіцця горада».
На гэтым рэспубліканскі праект «Кіраўнік будучыні» не завяршаецца. Маладым людзям трэба будзе прыдумаць і распрацаваць праекты, якія датычацца асноўных кірункаў развіцця гарадской інфраструктуры. «Асноўны аспект маладзёжнай палітыкі ў нашым горадзе — гэта ўцягванне моладзі ў вырашэнне сацыяльна значных пытанняў, — нагадаў Ягор Падаляк. — Важна, што моладзь зацікаўлена ісці на дзяржаўную службу і браць удзел у развіцці сталіцы».
Падчас сустрэчы ўдзельнікі праекта не толькі дзяліліся атрыманым вопытам, але і задалі кіраўніку горада вялікую колькасць пытанняў. Адно з іх датычылася буйных інфраструктурных праектаў, якія рэалізуюцца ў сталіцы. «Адна з найбольш важных задач — забяспечыць жыхароў заходняй часткі горада вадой з падземных крыніц, — сказаў Уладзімір Кухараў. — Работы знаходзяцца на завяршальным этапе, і ўжо хутка ў краны жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў пойдзе артэзіянская вада. Мы таксама развіваем у Мінску метро. Неўзабаве ў эксплуатацыю будуць уведзены тры новыя станцыі — „Аэрадромная“, „Немаршанскі Сад“ і „Слуцкі Гасцінец“, а таксама электрадэпо. Праектуецца і чацвёртая (кальцавая) лінія падземкі».
Уладзімір Кухараў нагадаў, што ў сталіцы за апошнія гады адкрыліся 63 новыя зоны адпачынку. Студэнты пацікавіліся і перспектывамі развіцця спартыўных пляцовак. «Акрамя велізарнай колькасці такіх лакацый на дваровых тэрыторыях, у Мінску адкрыты звыш 240 школ, кожная з якіх мае спартыўнае ядро. Яно ж павінна служыць і на карысць жыхарам найбліжэйшых мікрараёнаў, і да іх доступ павінен быць да позняга часу сутак, — падкрэсліў кіраўнік горада. — Акрамя таго, у апошнія гады мы ўзводзім новыя школы толькі з басейнамі».
Адно з пытанняў ад удзельнікаў праекта датычылася захавання гістарычнай спадчыны.
«У Мінску прайшла вельмі сур’ёзная рэканструкцыя практычна ўсёй гістарычнай часткі, якая захавалася, — адзначыў мэр Мінска. — Работы амаль завершаны. Але помнікаў архітэктуры пасля Вялікай Айчыннай вайны засталося не так і шмат. Напрыклад, гасцініца „Еўропа“ была цалкам разбураная ў тыя гады, а аднавілі яе па архіўных фатаграфіях».
Студэнтаў заўсёды хвалюе пытанне размеркавання. Яно і не дзіўна, бо хутка яны пакінуць сцены сваіх навучальных устаноў і пачнуць паўнавартаснае працоўнае жыццё. Гэтым разам маладых людзей зацікавіла пытанне размеркавання «платнікаў», якім працаўладкавацца больш складана. У бюджэтнікаў такой праблемы няма. «Якая розніца, бюджэтнік вы ці не, калі вы заканчваеце адну навучальную ўстанову, атрымліваеце аднолькавую адукацыю? — здзівіўся Уладзімір Кухараў. — Вельмі добра, што вы падказалі мне, што існуе такая праблема. Гэта добрая тэма, трэба яе адпрацаваць з міністрам адукацыі. Трэба выбудаваць такую сістэму, каб, калі чалавек вучыцца, прычым няважна — платна або бясплатна, ён мог аднолькава ўпэўнена атрымаць размеркаванне і працаўладкавацца. Атрымліваецца, што мы губляем маладых спецыялістаў, ставімся да іх павярхоўна. Мы гэту сітуацыю выправім».
Працягваючы тэму размеркавання, многіх цікавіла магчымасць працаўладкавання ў Мінскі гарвыканкам у якасці маладых спецыялістаў. Прычым гэтае пытанне хвалявала студэнтаў з розных факультэтаў: гістарычнага, хімічнага і іншых. «Вядома, прыходзьце. У кожнага ёсць магчымасць праявіць сябе. Але спачатку трэба выйсці сюды на практыку. Нашы дзверы заўсёды адчыненыя, у нас замкі не вісяць. Выканкаму з універсітэтам неабходна распрацаваць узаемадзеянне. Нам заўсёды патрэбны працоўныя рукі, якія дапамогуць у вырашэнні многіх пытанняў, — падкрэсліў Уладзімір Кухараў. — Скажу па сакрэце: да нас можна працаўладкавацца з гістарычнай адукацыяй. Я сам па спецыяльнасці гісторык, працую ж неяк».
У ліку ўдзельнікаў праекта — студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ Яўгенія Пяшко. Па яе словах, вопыт атрымаўся незвычайны і вельмі карысны. «Праект падарыў мноства эмоцый і незабыўныя ўражанні, — падзялілася дзяўчына. — Мы наведвалі ўстановы адукацыі, я прысутнічала на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Дзяржаўная служба вельмі адказная, і да яе трэба рыхтавацца».
Акрамя таго, сумесная ініцыятыва БДУ і Мінгарвыканкама дапамагла параўнаць падыходы да вырашэння пытанняў у розных краінах. «Мне, як грамадзяніну Кітая, вельмі цікава назіраць сістэму дзяржаўнага кіравання ў Беларусі, — сказаў студэнт філалагічнага факультэта БДУ Вэнь Юйкэ. — Я выбраў кірунак, звязаны з архітэктурай, і за гэты тыдзень мы наведалі мноства аб’ектаў, якія будуюцца ў горадзе. У Кітаі таксама вельмі шмат будоўляў, і атрыманы вопыт, безумоўна, прыйдзецца дарэчы».
Студэнтка Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ Лізавета Разанава ў праекце «Кіраўнік будучыні» абрала кірунак жыллёва-камунальных паслуг і энергагаспадарцы. «Мой тата інжынер-электронік. Магчыма, праз гэта і выбрала дадзены кірунак, бо ўсё заўсёды ідзе ад вытокаў. Я была вельмі здзіўленая, наколькі глыбока ўсё было прадумана. Дадзены праект, безумоўна, накіраваны на паляпшэнне нашых лідэрскіх якасцяў. У будучыні планую рэалізоўвацца ў абраным мной кірунку, паколькі атрымала велізарны досвед».
Студэнт юрыдычнага факультэта БДУ Сцяпан Калмыкоў зрабіў выбар на карысць архітэктуры, горадабудаўніцтва і будаўніцтва: «Я перакананы, што, нягледзячы на спецыяльнасць, якую цяпер атрымліваю, магу сябе праявіць у абраным кірунку. Хачу зрабіць нешта карыснае, патрэбнае і неабходнае для сваёй краіны. Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што дзяржаўныя служачыя — гэта жывыя людзі, якія маюць свае эмоцыі, свае ўяўленні пра свет, пра жыццё. З імі заўсёды цікава ўзаемадзейнічаць, працаваць і камунікаваць».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.