Вы тут

Першай на Брэстчыне «Марафон адзінства» прымае сталіца Палесся — Пінск


На працягу двух дзён — 8 і 9 лістапада — Пінск прымае рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю «Марафон адзінства». Гэта ўжо чацвёрты горад у маршруце акцыі. «Марафон» пачынаў свой шлях з Маладзечна, затым былі Гомель і Жлобін. І вось — Пінск. Змястоўную, насычаную падзеямі і эмоцыямі праграму падрыхтавалі арганізатары мерапрыемства. Тут адбываецца шмат цікавых сустрэч, знаёмстваў, адкрыццяў. Удзельнікі «Марафону» атрымалі магчымасць пазнаёміцца з пінскімі прадпрыемствамі, убачыць славутасці старажытнага горада.


Старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рэбкавец назваў маштабнае мерапрыемства чарговай магчымасцю паказаць свой любімы горад.

«Нам ёсць што паказаць і пра што расказаць. Сёння ў нас практычна кожнае прадпрыемства перажывае мадэрнізацыю, узводзяцца новыя вытворчасці. Пінск з’яўляецца ўдзельнікам праграмы „80+“. Нашы брэнды добра вядомыя ў краіне. Удзельнікі „Марафону адзінства“ і госці горада пасля знаёмства з Пінскам абавязкова захочуць сюды вярнуцца. Думаю, „Марафон адзінства“ яшчэ мацней згуртуе і аб’яднае наш горад», — сказаў мэр Пінска і параіў гасцям пачаць знаёмства з Музея Беларускага Палесся, а таксама прайсціся па пешаходнай вуліцы, на якой шмат помнікаў гісторыі.

Старшыня гарвыканкама ад пачатку паабяцаў, што сталіца Палесся здзівіць сваімі брэндамі і трэндамі. Так і сталася.

Напрыклад, удзельнікі змаглі пазнаёміцца з вядомымі пінскімі вытворцамі. Адной з першых на згаданым маршруце журналісты і блогеры наведалі трыкатажную вытворчасць ААТ «Палессе». Гаспадары расказалі, што тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці фабрыкі дазваляюць выпускаць цяпер больш за 200 відаў пражы розных складаў і рознай лінейнасці. Асвоена вытворчасць кручанай пражы, якая вызначаецца тым, што з розных відаў нітак утвараецца кручаная нітка. Такая пража вельмі моцная і да таго ж прыгожая. А ўнікальная тэхналогія фарбавання дазваляе пафарбаваць ніткі ў любы модны колер. І з такой пражы атрымліваюцца надзвычай прыгожыя вырабы. Прыклады стыльных і модных вырабаў утварылі маленькую імправізаваную выставу. «Маштабы вытворчасці ўражваюць», — ледзь не ў адзін голас гаварылі наведвальнікі прадпрыемства.

Яшчэ больш уразілі маштабы прадпрыемстваў «Амкадор-Пінск» і «Холдынгавая кампанія «Пінск-дрэў». Вытворчасці наведалі ў рамках праекта «Адну справу робім». Варта сказаць, што названы праект стартаваў у рамках «Марафона адзінства» ў Жлобіне і працягнуў эстафету ў Пінску.

Прамысловы гігант «Пінскдрэў» вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Мэбля з Пінска вызначаецца высокай якасцю і арыгінальным дызайнам. А вось хто і на якім абсталяванні яе робіць, змаглі ўбачыць удзельнікі сустрэчы. Працаўнікі «Пінскдрэву» цікавіліся ў гасцей, ці куплялі яны мэблю пінскай вытворчасці. І такіх знайшлося нямала. А блогеры атрымалі ўнікальны шанс падзяліцца са сваімі падпісчыкамі рэпартажамі з прадпрыемстваў. Ну а «фішкай» праекта стаў творчы падарунак ад артыстаў. Зарад бадзёрасці і добрага настрою стварылі сваім выступленнем прызёры міжнародных вакальных конкурсаў Лера Бернатовіч і Арцём Скораль.

У раскладзе навучэнцаў Пінскага каледжа ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна» на гэты раз была «НЯсумная НЯлекцыя». На сустрэчу з навучэнцамі прыйшлі намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая; генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гісторык, палітолаг, публіцыст Вадзім Гігін; дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Яроміч.

Нефармальныя стасункі з вядомымі спікерамі, дапоўненыя элементамі гульнявога інтэрактыву, зрабілі мерапрыемства сапраўды нясумным, цікавым, пазнавальным. Такая ж сустрэча прайшла і ў Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы. Галоўнай тэмай гутаркі стаў выбар, яго значэнне ў лёсе і жыцці чалавека.

«Пінск ужо чацвёрты горад, які сустракае „Марафон“. І я лаўлю сябе на думцы, што чакаю наступнай пятніцы, наступнага горада і наступнай „НЯсумнай НЯлекцыі“. Бо кожная сустрэча асаблівая, унікальная, прымушае задумацца аб важных рэчах. То-бок не толькі мы вучым, але і нечаму вучымся ў гэтых маладых людзей», — зазначыла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі прызы, у тым ліку білеты на канцэрт «Час выбраў нас».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.