11–12 лістапада Прэзідэнт Беларусі здзяйсняе рабочы візіт у Азербайджан, дзе прыме ўдзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У глабальным форуме ўдзел прымуць дзясяткі тысяч дэлегатаў, у тым ліку многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў.
Як паведамляе БелТА, Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні акрэсліць нацыянальную пазіцыю Беларусі па пытаннях парадку дня, звязаных са змяненнем клімату і мерамі, якія міжнародная супольнасць павінна прыняць для вырашэння выклікаў, што ўзнікаюць у гэтай сферы.
Таксама на палях саміту Прэзідэнт правядзе шэраг сустрэч і перагавораў з замежнымі калегамі. У кіраўніка беларускай дзяржавы запланаваны сустрэчы з калегамі з Азіі, Еўропы, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.
Першая з іх — з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Падчас перагавораў прэзідэнты адзначылі інтэнсіўнасць сустрэч апошнім часам. У першую чаргу гэта дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан у маі бягучага года. Тады кіраўнікі дзяржаў правялі прадукцыйныя перагаворы з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Былі выпрацаваны 12 кірункаў, якія як адразу, так і ў перспектыве павінны прасунуць узаемаадносіны дзвюх краін на больш высокі ўзровень.
«Шмат пра што дамовіліся. Я думаю, у нас ёсць усё неабходнае для таго, каб рухацца гэтым шляхам. Якраз напярэдадні мы разгледзелі ўсе пытанні, якія з вамі ўздымалі. Яны для нас вельмі актуальныя. Думаю, калі нашы міністэрствы і пасол будуць варушыцца, то мы вельмі шмат можам зрабіць на карысць і Беларусі, і Азербайджана», — сказаў на сустрэчы ў Баку Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана гэтай восенню таксама мелі магчымасць абмеркаваць важныя пытанні ў Маскве і Казані, дзе яны бралі ўдзел у самітах СНД і БРІКС.
Пасол Беларусі ў Азербайджане Андрэй Раўкоў расказаў журналістам, што пасля майскага дзяржаўнага візіту ішла актыўная прапрацоўка па ўсіх дасягнутых дамоўленасцях. «Дзесьці зрухі вельмі сур’ёзныя, дзесьці ў стадыі прапрацоўкі. Тым не менш па ўсіх 12 кірунках ёсць добры рух і будзе добры вынік», — упэўнены ён.
Цяпер кіраўнікі дзяржаў маюць магчымасць зверыць гадзіннікі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва.
Андрэй Раўкоў таксама адзначыў, што раней была пастаўлена мэта давесці аб’ём двухбаковага гандлю на працягу найбліжэйшых двух гадоў да $1 млрд. Чакаецца, што ў гандлі таварамі і паслугамі бакі ўжо па выніках бягучага года ўпэўнена пераадолеюць планку $500 млн, што значна вышэй за аб’ёмы мінулага года.
Кіраўнік дзяржавы назваў недастатковымі тыя намаганні, якія цяпер робяцца ў свеце па барацьбе са змяненнем клімату. Аб гэтым ён заявіў у экспрэс-інтэрв’ю тэлеканалу AnewZ.
Беларускага лідара спыталі, ці лічыць ён дасягальнай мэту па абмежаванні росту сярэдняй глабальнай тэмпературы на ўзроўні 1,5 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем і ці дастаткова краіны свету робяць для гэтага.
«Калі будзем так рабіць (як цяпер. — „Зв.“) і ў такой „дастатковасці“, то недасяжная. Нічога не мяняецца. Наадварот, усё горш і горш. І тыя краіны, якія павінны перш за ўсё займацца скарачэннем выкідаў, яны гэта, на жаль, не робяць. І прасвету ў гэтым плане не відаць», — зазначыў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст таксама пацікавіўся меркаваннем Прэзідэнта наконт таго, чаму ад удзелу ў саміце ў Баку адмовіліся лідары некаторых заходніх краін. «Яны думаюць, што ўсё будзе добра і клімат мяняцца не будзе. Гэта значыць, яны думаюць, што абыдзецца. Не абыдзецца, — падкрэсліў беларускі лідар. — А пакутаваць, што яны не прыехалі, не трэба. Гасподзь бачыць».
Нагадаем, што ў рамках Парыжскага пагаднення краіны дамовіліся істотна скараціць глабальныя выкіды газаў, якія выклікаюць парніковы эфект, каб доўгатэрміновае павышэнне сярэдняй глабальнай тэмпературы паверхні Зямлі падтрымлівалася на ўзроўні ніжэй за 2 градусы ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем, і працягваць намаганні па абмежаванні гэтага паказчыка да 1,5 градуса. Шэраг навуковых даследаванняў сведчыць аб тым, што для прадухілення горшых наступстваў змены клімату і захавання планеты прыдатнай для жыцця неабходна абмежаваць глабальнае пацяпленне, наколькі гэта магчыма.
Фота: БелТА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!