Летась яны зрабілі гэта ўпершыню: праз праект «Vіva Kola Art» паказалі, як спорт можа паўплываць на творчую думку. Беларускі саюз мастакоў і веласіпедны клуб «Мінск» злучылі, здавалася б, такія розныя кірункі, у якіх праяўляецца чалавечы дух. Аказалася, што гэтая канструкцыя едзе. Цяпер варта зразумець, у які бок. Бо праект, які ў першы раз захапіў адмысловай філасафічнасцю, натхнёнай колам як сімвалам жыцця, атрымаў працяг.
Знакамітая з савецкіх часоў песня Аляксандры Пахмутавай і Аляксандра Дабранравава адразу ўзнікла ў галаве, як толькі давялося ўвайсці ў выставачную залу. Своеасаблівы «павільён славы» айчыннага спорту абмінуць не атрымаецца — гэта як «уводзіны» ў экспазіцыю. Адразу здымаюцца ўсе пытанні пра мэтазгоднасць злучэння спорту і мастацтва ў Беларусі. І зразумела, што праект «Vіva Kola Art», які ладзіцца другі раз, стаў больш маштабным: займае два паверхі сталічнага Палаца мастацтва. Акрамя таго, цяпер у ім стала значна больш спорту (акрамя веласіпеднага яшчэ хакей, біятлон, гімнастыка, тэніс, лыжныя гонкі)... Ды і новы партнёр мастацкага праекта — Нацыянальны алімпійскі камітэт — з энтузіязмам паставіўся да ідэі адраджэння алімпійскага партрэта (усяго тут дзесяць вобразных выяў жанчын-спартсменак). Адна з тых, хто натхняў мастакоў, — легендарная шматразовая чэмпіёнка свету Наталля Цылінская, старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту, адзначыла:
— Тое, што робяць цудоўныя майстры, мастакі, — выдатна. Як і тое, што робяць мае калегі-спартсмены, бо кожная перамога, кожны медаль — індывідуальныя. І гэта тое, што дае заўзятарам падставу за нас перажываць. Думаю, што спорт — гэта вялікі і здаровы рухавік жыцця.
Цяпер мы разумеем, што гэты рухавік прыйшоў і ў мастацтва. Напрыклад, Нацыянальны алімпійскі камітэт зрабіў падарунак жанчынам-спартсменкам да Дня маці, прадставіўшы іх вобразы ў мастацкіх творах. Спартыўныя заўзятары пазнаюць тут Кацярыну Карстэн, Юлію Несцярэнка, Дар’ю Домрачаву…
Мастачка Марыя Кручкова, якая стварыла партрэт гімнасткі Любові Чаркашынай, сама калісьці мела дачыненне да спорту — займалася сінхронным плаваннем. Напярэдадні адкрыцця праекта яна падкрэсліла: «Тэма спорту ў мастацтве бярэ свой пачатак яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі, калі ствараліся скульптуры і творы, якія нас захапляюць. Дынаміка, атлетычны склад цела — усё гэта натхняе мастакоў».
Але не толькі рэальныя асобы — наогул спорт як з’ява адлюстраваны ў творах. Імгненні, адчуванні, надзеі. Праўда, вобраз кола, з якога ўсё пайшло, застаўся — і ў жывапісных работах, і ў арт-аб’ектах, і ў творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асабліва прыйшлося да спадобы гледачам кола з каляровага шкла, якое свяцілася знутры, калі яго крутануць…
— Тэма спорту важная для дзяржавы, для грамадства, і мастакі, нібы камертоны таго, што адбываецца ў жыцці, яе адлюстроўваюць, — лічыць Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. —Так атрымалася, што ў апошнія дзесяцігоддзі мастакі сталі больш казаць аб агульных рэчах, але менш выказвацца на сацыяльную тэму. Раней падобныя выстаўкі адбываліся ў Беларусі ў 80-я гады. Пасля быў вялікі перапынак. А гэты праект падштурхнуў мастакоў да таго, каб адлюстраваць пэўную тэму, якая мае сацыяльнае значэнне. Калі летась мы мелі на ўвазе кола як сімвал руху, то сёлета гэта спорт у прынцыпе. У адрозненні ад мінулага года гэтым разам шмат прадстаўнікоў рэгіёнаў: пра спорт павінны гаварыць мастакі любога ўзросту, любога кірунку, з розных куткоў Беларусі.
Прадстаўлены аўтары не толькі з Мінска, але і з Віцебска, Брэста, Гомеля. Далучыліся фотамастакі — вядомыя і маладыя. Тут і дызайнерскія работы. Такім чынам, на думку арганізатараў з творчага боку, тэма спорту ў мастацтве дзякуючы праекту адраджаецца, праз зварот да традыцый плеяды вядомых савецкіх мастакоў.
Васіль Касцючэнка, сябра Беларускага саюза мастакоў і ўдзельнік праекта «Vіva Kola Art» удакладніў: «Выставы работ мастакоў, прысвечаныя спорту, праходзілі і раней. На іх мы запрашалі прафесійных спартсменаў, і гэта быў своеасаблівы сінтэз прыгажосці і сілы. Аднак тады не было такіх магчымасцяў для рэалізацыі ідэі, у тым ліку тэхнічных. Развіццё мастацтва прыйшло да таго, што магчымасці аўтараў праявіць сябе сталі больш шырокімі. І праект дазваляе гэта ўбачыць».
Акрамя таго, праект «Vіva Kola Art» са спортам яднае і дух спаборніцтва. Таму што гэта не проста выстаўка…
Да фарміравання экспазіцыі мелі дачыненне больш як 200 мастакоў, пры тым што першапачаткова арганізатары атрымалі звыш 500 электронных заявак. Адзначаўся як мастацкі ўзровень, так і адпаведнасць твораў заяўленай тэме. У адборы бралі ўдзел і прадстаўнікі спартыўнай супольнасці. Аляксей Іваноў, дырэктар веласіпеднага клуба «Мінск», распавёў:
— У рамках конкурсу яшчэ год таму быў праведзены пленэр, які стаў міжнародным. Мы таксама прапанавалі далучыцца да нас федэрацыям іншых відаў спорту, узгадніўшы пытанне з Нацыянальным алімпійскім камітэтам, які нас таксама падтрымаў у праекце. І, акрамя веласіпеднага спорту, у ім будуць прадстаўлены яшчэ дзевяць відаў. Так, ідэя аб’яднання спорту і мастацтва адрадзілася... Нам важна, каб людзі прыходзілі на выставу і атрымлівалі ад яе задавальненне. Аднак галоўнае — менавіта конкурс.
Журы сёлета павінна вызначыць пераможцаў і лаўрэатаў у 11 галінах творчасці (акрамя ўладальніка Гран-пры назавуць аўтара найлепшага арт-аб’екта, а таксама найлепшых у намінацыях «Графіка», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Дызайн», «Жывапіс», «Скульптура», «Творчы» дэбют«, «Фатаграфія рэпартажная», «Фатаграфія мастацкая»). Будзе вырашаны лёс «Прыза глядацкіх сімпатый» — у нас з некаторага часу гэта любімы від спаборніцтваў сярод наведвальнікаў выставак, калі яны рэальна могуць паўплываць на вынік і адзначыць канкрэтных аўтараў.
Але кожны з удзельнікаў атрымае сваю долю ўвагі, бо, як і ў спорце, тут галоўнае — сам факт удзелу. Цяпер ідзе падрыхтоўка каталога ўсіх твораў выстаўкі, які будзе прэзентаваны да фіналу конкурсу. Акрамя таго, кожны глядач можа пацікавіцца праектам мінулага года і нават набыць работы, якія ў ім былі прадстаўлены. Такім чынам, калі кола ўжо вынайшлі, то трэба ім карыстацца напоўніцу. Сёлета «Vіva Kola Art» сведчыць пра тое, як цудоўная ідэя можа атрымаць развіццё, якое адпавядае логіцы сацыякультурнага кантэксту Беларусі.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.