У Доме прэсы адбылася прэзентацыя міжнароднага выдавецкага праекта «Сыны Башкартастана ў баях за Беларусь». Кніга не проста змяшчае новую інфармацыю па ваеннай гісторыі, але і дае магчымасць сваякам адшукаць звесткі пра бацькоў і дзядоў, якія ваявалі на тэрыторыі Беларусі, даведацца пра мясціны, дзе былі пахаваны тыя, хто не вярнуўся.
Магчыма, яна паспрыяе развіццю новых даследаванняў, дзякуючы якім яшчэ вернуцца імёны герояў, а гісторыя будзе падавацца праз лёсы канкрэтных людзей.
«Тэма Вялікай Айчыннай вайны аб’ядноўвае нас на стагоддзі», — заўважыла загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская і расказала, што гэты праект быў рэалізаваны сумесна з башкартастанскім выдавецтвам «Кітап» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі, Агенцтва па друку і сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Башкартастан.
Інфармацыя, сабраная ў кнізе, прадстаўлена Нацыянальным архівам, Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Ваенным архівам Расіі, краязнаўчымі музеямі Башкартастана. У ёй размешчана каля 210 біяграфій радавога саставу і афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях, партызанскім руху на тэрыторыі нашай краіны. У асобным вялікім раздзеле падаюцца звесткі аб месцах пахавання ўраджэнцаў Башкартастана ў Беларусі — на сёння вядомы імёны 558 чалавек, і пошукі яшчэ працягваюцца.
У гады Вялікай Айчынай вайны з Башкірыі на фронт пайшло больш 710 тысяч чалавек, з іх каля 300 тысяч загінула, у тым ліку 127 тысяч прапала без вестак. Лёс многіх з іх звязаны з абаронай Брэсцкай крэпасці, дзейнасцю партызанскіх атрадаў, вызваленнем Беларусі. Сёлета на алеі памяці гарнізонных могілак у Брэсце была адкрыта мемарыяльная дошка з граніту ў памяць аб ураджэнцах і жыхарах Башкартастана — абаронцах і вызваліцелях Брэсцкай зямлі. Прадстаўнік Рэспублікі Башкартастан пры Гандлёвым прадстаўніцтве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліке Беларусь Канстанцін Клімін звярнуў увагу на тое, што перамога кавалася і ў тыле.
У Башкартастан з пачатку вайны было эвакуіравана больш 170 заводаў і фабрык, у тым ліку з Гомеля, Віцебска, Гродна і іншых гарадоў Беларусі, разам з работнікамі ды іх сем’ямі, якія на новым месцы запускалі вытворчасць. Напрыклад, ва Уфу быў эвакуіраваны Гомельскі паравозабудаўнічы завод, які выпускаў бронецягнікі. За самаахвярную працу работнікаў заводаў, фабрык, якімі часта ў большасці былі жанчыны і дзеці (хлопчыкаў бралі з 13 гадоў, дзяўчынак — з 14), Уфа атрымала ганаровае званне Горада працоўнай доблесці.
Новае выданне дазволіць узнавіць памяць і пра герояў, якія змагаліся не толькі на франтах, але і ў партызанскіх атрадах. Загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Літвін заўважыў, што актыўны ўдзел у партызанскім руху, абароне і вызваленні Беларусі бралі і прадстаўнікі башкірскага народа. Многія з іх праходзілі службу ў часцях і злучэннях Заходняй асобай ваеннай акругі і з першых дзён вайны змагаліся на Заходнім фронце. Летам 1941 года, калі гітлераўскім войскам удалося нанесці цяжкія паражэнні, некаторыя з салдат трапілі ў акружэнні, пасля яны папоўнілі партызанскія атрады. «Мы персаніфікуем, дапаўняем гісторыю праз лёсы людзей», — заўважыў Аляксей Літвін і назваў імёны некаторых ураджэнцаў Башкартастана, якія вылучыліся ў партызанскай барацьбе, займалі ў атрадах палітычныя кіруючыя пасады. Сярод іх — Баймет Абсатараў, які ў жніўні 1942-га — чэрвені 1943-га быў камандзірам атрада «Перамога». Начальнікам штаба «Першамайскай» партызанскай брыгады Баранавіцкай вобласці з кастрычніка 1943-га да ліпеня 1944 года быў кадравы ваенны Пракопій Персідскі. У чэрвені 1941 года ён трапіў у акружэнне ў раёне Беластока, пэўны час хаваўся ў розных беларускіх вёсках Баранавіцкага раёна, у партызанах сваю дзейнасць пачынаў як радавы. 17 студзеня 1944 года ў раёне вёскі Дольцы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці загінуў намеснік камандзіра партызанскай брыгады «Аляксей» (А. Ф. Данукалава) па страявой часці Канстанцін Зюкаў.
Яшчэ адно імя ўраджэнца Башкартастана — Аляксандра Валетава — згадаў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Святаслаў Кулінок. Удзельнік Фінскай вайны, танкіст Валетаў, калі апынуўся ў беларускіх лясах, быў вельмі запатрабаваны як прафесійны механік. Ён аднаўляў захопленую трафейную тэхніку (бронетранспарцёры, танкеткі), якія пасля выкарыстоўваліся партызанамі ў баявых дзеяннях супраць гарнізонаў праціўніка. На асабістым рахунку ў яго сем падарваных эшалонаў, восем знішчаных аўтамабіляў. Не менш важным быў і другі бок яго дзейнасці — ён з’яўляўся начальнікам асобага аддзела ў брыгадзе імя Леніна, дзе служыў у канцы вайны. Яго задача была выяўляць шпіёнаў і дыверсантаў. Брыгада дзейнічала на сучаснай тэрыторыі Гродзеншчыны. У тым рэгіёне знаходзіліся дзве нямецкія спецшколы — навагрудская і лідская, якія актыўна выпускалі агентуру, засылалі яе ў партызанскія атрады, брыгады з мэтай правядзення дыверсій, вядзення разведвальнай работы…
У Беларусі раней ужо выходзілі выданні, прысвечаныя ўнёску прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў (армян, азербайджанцаў, казахаў) у вызваленне Беларусі і агульную Перамогу савецкага народа. У Нацыянальным архіве захаваўся ўнікальны корпус дакументаў па гісторыі партызанскага руху, што дазваляе рабіць не толькі выдавецкія праекты. Сёння ўся інфармацыя, у тым ліку і аб прадстаўніках розных народаў, якія змагаліся на нашай зямлі, падаецца на інтэрнэт-партале «Партызаны Беларусі». Як заўважыў Святаслаў Кулінок, вельмі вялікае значэнне мае і мемарыялізацыя: «Вайна не заканчваецца, пакуль мы не даведаемся імя апошняга салдата, які на ёй загінуў. Захаванне памяці — наш абавязак».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.