Вы тут

«Марафон адзінства» з Пінскім акцэнтам


Нягледзячы на лістападаўскую прахалоду, «Марафон адзінства» ахінуў пінчукоў сапраўдным драйвам, цёплымі эмоцыямі, шчырымі сустрэчамі. На кожнай яго лакацыі было шмат усмешак, прыемнага здзіўлення. Ці гэта заключны канцэрт з яркімі зоркавымі нумарамі альбо пранікнёным вершам пра мір у выкананні школьніка, ці сустрэча са знакамітымі спартсменамі на чыгуначным вакзале, ці вясёлы маладзёжны квэст — кожны раз заставаліся прыемныя ўражанні, эмоцыі, успаміны. На гэта і разлічвалі арганізатары: паспрыяць агульнаму адзінству праз інфармацыю, веды, песню, танец, сустрэчу.


Брэнды і трэнды

Пінск стаў чацвёртым горадам на маршруце рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі. «Марафон адзінства» пачынаў свой шлях з Маладзечна, затым былі Гомель і Жлобін. Змястоўную, насычаную падзеямі праграму падрыхтавалі гаспадары мерапрыемства. На працягу двух дзён — 8 і 9 лістапада — удзельнікі акцыі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з пінскімі прадпрыемствамі, убачыць славутасці старажытнага горада. Пра самыя цікавыя, яркія моманты «Марафону» — уражанні карэспандэнта «Звязды».

Яшчэ ў самым пачатку акцыі старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рэбкавец паабяцаў, што сталіца Палесся здзівіць сваімі брэндамі і трэндамі. Так і сталася, калі ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з вядомымі пінскімі вытворцамі.

На закрытым акцыянерным таварыстве «Амкадор-Пінск», што выпускае магутную тэхніку, размова зайшла пра набыткі і планы. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Грыгарэнка расказаў, што прадпрыемства выпускае шырокую лінейку прадукцыі. Вядзецца работа па імпартазамяшчэнні камплектавальных дэталяў. Цяпер на прадпрыемстве выпускаюць 58 відаў разнастайнай тэхнікі. А яшчэ ў рамках праекта «Адну справу робім» у Пінску сустрэліся калектывы прадпрыемстваў-партнёраў «Амкадор-Пінск» і ААТ «СОЛЕА-Кобрын». Яны супрацоўнічаюць ужо 20 гадоў! Для іх гэта сустрэча таксама стала святам. Узоры магутнай тэхнікі вытворчасці «Амкадор-Пінск» на другі дзень стаялі каля ўваходу ў лядовы палац. Многія з тых, хто ішоў сюды, спыняліся. «О-о-о!» — чулася вельмі часта ў якасці каментарыя.

У праграме знаёмства са знакавымі вытворцамі была экскурсія для журналістаў і блогераў на ААТ «Палессе», якое выпускае ніткі і трыкатажныя вырабы. Пашанцавала ўдзельнікам пабываць і на прамысловым гіганце «Пінскдрэў», вядомым не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Па традыцыі навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў запрасілі на «НЯсумную НЯлекцыю». Такія сустрэчы адбыліся ў Пінскім каледжы ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», у Пінскім медыцынскім каледжы і Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы.

Нефармальныя стасункі з вядомымі спікерамі, дапоўненыя элементамі гульнявога інтэрактыву, зрабілі мерапрыемствы сапраўды нясумнымі, а яшчэ цікавымі, пазнавальнымі. Галоўнай тэмай гутаркі стаў выбар, яго значэнне ў лёсе і жыцці чалавека.

Мурал і капсула часу

Другі дзень быў літаральна насычаны мерапрыемствамі, цікавінкамі, актыўнасцямі. На сцяне шматпавярховіка па вуліцы Брэсцкай паявіўся мурал з надпісам «Будучыня Беларусі ў тваіх руках». Гэты арт-аб’ект створаны сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. На фоне маляўнічага пейзажу намаляваны тры рукі — мужчынская, жаночая і дзіцячая, якія трымаюць карту Беларусі. У выяву заклалі глыбокі сэнс: каштоўнасць сям’і, любоў да Радзімы, клопат пра яе будучыню. На ўрачыстае адкрыццё сабралася шмат людзей, у асноўным маладых. Адразу ж побач была закладзена капсула часу з пасланнем для моладзі наступнага пакалення. Яе плануецца ўскрыць у 2047 годзе падчас святкавання 950-годдзя Пінска. «Аўтары паслання падышлі да справы надзвычай адказна, — сказала сакратар ЦК БРСМ Крысціна Сарока. — Некалькі разоў перапісвалі тэкст. Моладзі 40-х гадоў пажадалі быць актыўнымі, пазітыўнымі, берагчы краіну, працаваць на яе росквіт».

У добрай справе юнакоў і дзяўчат падтрымаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук, які паведаміў, што мурал стане падарункам Пінску на памяць аб марафоне і дадаў, што гонар прымаць «Марафон адзінства» на Брэстчыне выпаў тром гарадам, а Пінск у гэтым шэрагу — першы.

«Нашы, аказваецца, найлепшыя!»

І Пінск не падвёў. Пінчукі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, дзяліліся ўражаннямі, праяўлялі актыўнасць. Так было, напрыклад, на «Знакавай сустрэчы», якая праходзіла ў зале чакання пінскага чыгуначнага вакзала. Гэты праект падразумявае сустрэчу з вядомымі людзьмі. У Пінск прыехалі прадстаўнікі каманды «МАЗ-СПОРТаўта» — капітан каманды Сяргей Вязовіч і пілот Павел Мурылёў. А яшчэ госці прывезлі з сабой гоначны аўтамабіль МАЗ. Магутная машына стаяла перад уваходам у вакзал, пазней — на пляцоўцы каля лядовай арэны. І ад ахвотных разгледзець яе бліжэй, зрабіць сэлфі не было адбою.

На сустрэчы былі таксама гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін і папулярны радыёвядучы Вадзім Шэпет. Тэму абазначылі так: сусветныя гонкі з беларускім характарам. Гаварылі аб тым, што беларусы ўмеюць перамагаць, і найбольш — пра перамогі каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Самай знакавай і запамінальнай перамогай сваёй каманды апошняга часу Сяргей Вязовіч назваў перамогу 2023 года на міжнародным ралі «Шаўковы шлях», калі ўдалося абысці даўняга сябра і саперніка — каманду «КАМАЗ-Майстар» з Расіі. «Кіраўнік дзяржавы адзначыў гэты вынік, што было ўдвайне прыемна», — сказаў Сяргей Вязовіч.

На экране дэманстраваліся захапляльныя кадры названага ралі-рэйду. З залы задавалі шмат пытанняў нашым гоншчыкам, пыталіся, напрыклад, як стаць пілотам каманды. Спартсмены падрабязна адказвалі, у тым ліку запрашалі ахвотных на гутарку. Паводле іх слоў, шанц трапіць у каманду ёсць. А яшчэ госці расказалі, што іх каманда з’яўляецца адным з цэхаў завода, яны ходзяць на работу па такім жа графіку, як і астатнія працаўнікі, з гонарам называючы сябе завадчанамі. А на момант спаборніцтваў яны становяцца спартсменамі, і іх усе бачаць па тэлевізары, але не ўсе разумеюць, які аб’ём работы іншых людзей стаіць за паспяховымі выступленнямі гоншчыкаў. Пра гэтую работу таксама расказаў капітан. А яшчэ паведаміў, што рэкорд хуткасці руху па лёдзе афіцыйна зафіксаваны за нашым МАЗам — 197 кіламетраў у гадзіну прайшоў па лёдзе Байкала аўтамабіль пад кіраваннем Сяргея Вязовіча. А ўсё таму што тэхнічныя спецыялісты завода ўнеслі шэраг змен у канструкцыю машыны і падрыхтавалі яе да гонак на лёдзе. Капітан падкрэсліў, што сакрэт поспеху каманды ў яе адзінстве.

Уражаннямі з карэспандэнтам газеты падзяліліся выпадковыя ўдзельнікі «Знакавай сустрэчы» Валянціна і Мікалай Кулакі. Выпадковыя таму, што сужэнцы чакалі цягніка і, каб цікавей правесці час, зазірнулі сюды: «Раней ніколі не глядзела гэтыя ралі, — сказала Валянціна Іванаўна, настаўніца на пенсіі, — цяпер абавязкова буду. Гэта так цікава! А нашы, аказваецца, найлепшыя!»

Урокі гісторыі і не толькі

Культурна-пазнавальная праграма акцыі была вельмі багатая. Напрыклад, у Музеі беларускага Палесся адкрылася выстава рарытэтных кніг. Гэта калекцыя выданняў, якія Прэзідэнту Беларусі падарылі кіраўнікі дзяржаў, дзяржаўныя і культурныя дзеячы розных краін. Экспазіцыю складаюць больш чым два дзясяткі кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі і Палаца Незалежнасці. Выстава «Кнігі ў дар Прэзідэнту» прыехала да пінчукоў упершыню менавіта ў рамках «Марафону адзінства». Заадно наведвальнікам паказвалі відэафільм пра скарбніцу ведаў — Нацыянальную бібліятэку.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, на пляцоўцы перад лядовай арэнай працавала перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўдны ўрок гісторыі з нагляднымі дапаможнікамі прапанавала і Беларускае тэлеграфнае агенцтва. На стэндах, якія размясцілі ў фае чыгуначнага вакзала, былі прымацаваны ўнікальныя плакаты са здымкамі больш як 30-гадовай даўніны. На кожным з плакатаў ёсць QR-коды для атрымання яшчэ большага аб’ёму інфармацыі пра той ці іншы перыяд нашай гісторыі. Фотавыставу «Беларусь. Узлёт» прадставіла гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч. Паводле яе слоў, гэтыя кадры некаму дапамогуць успомніць далёкія ўжо 90-я гады, іншым — рэальна ўявіць, як тады жылі нашы людзі ў гарадах і сельскай мясцовасці.

На здымках адлюстраваны жылыя дамы і дзіцячыя пляцоўкі, прадпрыемствы і калгасныя мехдвары, а яшчэ доўгія чэргі за прадуктамі і рэчамі — рэаліі таго часу. Дык вось Ірына Акуловіч падкрэсліла, што выстава мае і невялічкі пінскі акцэнт. Бо адна з яе аўтараў згадала, як у пачатку 1990-х проста на вуліцы ў Мінску людзі запісваліся ў чаргу па пакупку тумбачак вытворчасці «Пінскдрэў». І ахвотных аказалася столькі, што апошняму са спіса мэбля «свяціла» недзе толькі праз 40 гадоў! Цяперашнім маладым беларусам гэта можа падацца нейкім недарэчным жартам, але так было. «Вось каб падобнае не паўтарылася, каб наша эканоміка паказвала стабільнасць, вытворчасць развівалася, мы павінны быць адзіныя», — падсумавала прэзентацыю Ірына Акуловіч.

Квэст для маладых

З самага ранку побач з лядовай арэнай разгарнулі работу па частаванні наведвальнікаў фуд-тракі, гандаль і грамадскае харчаванне прапаноўвалі свае паслугі. Увагу прыцягвалі самавар на 380 літраў і яго ветлівыя гаспадыні, што прапаноўвалі чай.

У поўдзень стаў набіраць абароты квэст «Гэта ўсё маё роднае». Квэст праводзіў БРСМ. Збіраліся каманды ад 5 да 10 чалавек і ўдзельнічалі ў конкурсах-спаборніцтвах па тэмах. Як расказалі арганізатары, для кожнага горада рыхтуюцца свае пытанні ў раздзелах «Наша гісторыя», «Мой горад», «Нашы дасягненні», «Родныя словы», «Смачна есці» і іншыя. Каманда павінна прайсці ўсе станцыі і выканаць заданні, за якія налічваюцца балы. Каб перамагчы, трэба выканаць усе заданні за найменшы час з найбольшай колькасцю балаў. Гэта насамрэч было так цікава, і такі агортваў азарт, што аўтар гэтых радкоў не ўтрымалася і паспрабавала таксама цягнуць пытанні з канвертаў і адказваць... Магу сказаць, што з заданнямі станцыі «Родныя словы» справілася даволі паспяхова.

А вучні школ, навучэнцы каледжаў, маладыя працаўнікі, — усяго сабралася 53 (рэкордная колькасць) каманд — гулялі шумна і весела. Былі каманды і з найбліжэйшых гарадоў. Таццяна Пацоўская і Валянціна Лемяшонак, навучэнкі Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа, дапаўняючы адна адну, сказалі так: «Гэта вельмі цікавая гульня. Яна патрабуе не толькі пэўных ведаў, але і хуткасці рэакцыі, каманднага духу».

Настасся Цымбаліст і Яўгенія Галета былі аднымі з найлепшых на станцыі «Родныя словы». Пра ўражанні ад квэсту дзяўчаты выказаліся адным словам: «Крута!» А перамагае ў такіх спаборніцтвах, як вядома, дружба. Маладыя людзі знаёміліся, камунікавалі, у перапынках танцавалі.

Калі вочы разбягаліся

Былі арганізаваны выставы-падворкі прадпрыемстваў, навучальных і культурных устаноў, грамадскіх арганізацый. Наталля Савіцкая, педагог дадатковай адукацыі Пінскага каледжа тэхнікі і тэхналогій паказала работы ўдзельнікаў гуртка «Цуды сваімі рукамі». І сапраўды цудам можна назваць эксклюзіўныя паштоўкі, якія робяць навучэнцы пад кіраўніцтвам свайго педагога. Калегу дапоўніла Вераніка Куско: «Сёння мы мелі магчымасць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Мы столькі кампліментаў пачулі ў адрас нашых вырабаў! А нашы вучні ўдзельнічаюць у многіх актыўнасцях форуму. Шмат людзей, настрой добры».

Пінскі раённы дом рамёстваў разгарнуў сваю экспазіцыю каля самага ўваходу і сустракаў гасцей палескім каларытам. Яны абсталявалі «Падворак палешука» з прадметамі даўніны і сучаснымі вырабамі. Прыгажосці было столькі — ручнікі, посцілкі, вышыванкі, паясы, сурвэткі, — ажно вочы разбягаліся. Побач знаходзілася імправізаваная ткацкая майстэрня, дзе майстар-клас па ткацтве на старадаўнім станку праводзіла ткачыха. Загадчыца раённага дома рамёстваў Баян Караткова сказала, што наведвальнікі лакацыі актыўна цікавяцца іх падворкам: «Думаю, што „Марафон адзінства“ быў бы няпоўным без гэтай разыначкі — узораў традыцыйных вырабаў, ткацтва, вышыўкі. Гэта гісторыя Піншчыны, яе культура, яе прыгажосць, якімі варта ганарыцца».

Кульмінацыя — маштабнае шоу

Старт канцэрту «Час выбраў нас» даў кіраўнік Адмістрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой. Адным з самых вядомых гарадоў краіны назваў ён Пінск: «Горад больш як з 900-гадовай гісторыяй; горад, дзе стагоддзямі ўсе рэлігіі, усе канфесіі жылі мірна, такім чынам, жыхары горада дэманстравалі сваё адзінства. У Пінску, нягледзячы на трагічны след войнаў, захавалася вялікая колькасць помнікаў даўніны, Пінск слаўны сваімі знакамітымі выхадцамі». Дзмітрый Крутой параіў больш актыўна выкарыстоўваць культурныя «фішкі» Пінска ў турыстычнай галіне. Адной з іх, напрыклад, можа быць прагляд «Пінскай шляхты» ў Пінску. «Трэба, каб кожны беларус паглядзеў спектакль „Пінская шляхта“ і пракаціўся па Піне на цеплаходзе,» — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Канцэрт «Час выбраў нас» прайшоў літаральна на адным дыханні. «Маштабна, ярка, маляўніча» — выказвалі потым свае ўражанні і эмоцыі гледачы. На сцэну за дзве гадзіны выходзіла каля 700 чалавек. Было многа знакамітых артыстаў, якія глядач даўно палюбіў. Цёпла сустракалі Руслана Аляхно, Аляксандру Гайдук, Уладзіміра Громава, іншых спевакоў. Легендарныя «Палескія зоры» — народны ансамбль песні і танца — дарыў непаўторны танцавальны драйв. А вось верш у выкананні 11-гадовага Руслана Дземянчука пра мір прабіраў да мурашак па скуры, да слёз. Кожны, хто слухаў хлопчыка, не проста задумаўся, адчуў амаль фізічна неабходнасць міру як умовы жыцця нароўні з вадой, паветрам... Гэтак жа пранікнёна прагучала кампазіцыя ўраджэнца Брэста Аляксандра Сухарава «Памяць». Аўтар прысвяціў яе дзеду, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны. Кожны нумар захапляў і чапляў па-свойму. Як выглядала, раўнадушных на гэтым канцэрце не было. У сваёй ацэнцы дзеі на сцэне гледачы дэманстравалі адзінства.

Хораша падзякаваў гаспадарам акцыі, арганізатарам і ўдзельнікам «Марафону» старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Кіраўнік вобласці назваў праграму грамадска-палітычнай акцыі разнастайнай і насычанай: «Мы ўбачылі, што на Палессі могуць не толькі добра жыць і працаваць, але і ўмеюць адпачываць». Губернатар таксама расказаў пра задачы, якія стаяць перад вобласцю на бліжэйшы час. «Перад рэгіёнам стаіць задача добра папрацаваць у 2025 годзе і падрыхтаваць план эканамічнага рыўка ў 2026-2030 гадах. Для гэтага патрэбная сіла, а сіла наша — у адзінстве,» — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Да сустрэчы на Магілёўшчыне

Кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы «Марафону адзінства» Ганна Лукашэнка расказала аб далейшых планах акцыі: «Пінск сустракае гасцінна: цудоўны горад, цудоўныя жыхары Пінска. Два дні мы сустракаемся на розных мерапрыемствах і мелі магчымасць упэўніцца ў тым, што жыхарам Пінска ёсць чым ганарыцца. Наступнымі на нашым маршруце стануць гарады Магілёўскай вобласці: 15–16 лістапада мы будзем у Бабруйску і 22–23 лістапада — у Магілёве».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.