Вы тут

Куды ўкласці свае фінансы, каб іх прымножыць?


Сёння гэтае пытанне з мноствам адказаў, якія ўвесь час змяняюцца. Некаторыя з іх мы зараз пералічым зыходзячы з рэальных магчымасцяў сярэднеграшовага абывацеля. Куды інвеставаць — застанецца асабістым выбарам, апішам толькі асноўныя магчымасці, рызыкі і меркаваны прыбытак.


Па паняццях

Фота з адкрытых крыніц

Спачатку вызначымся з фінансавымі паняццямі. Звычайнаму жыхару нашай краіны спярша трэба ўразумець, што такое інвестыцыі. Гэта ўкладанне грошай (або іншых актываў) пэўным спосабам, які прынясе яго ўладальніку нейкі пасіўны (гэта значыць — без працы) прыбытак. У такім выпадку калі даходу няма, то гэта проста зберажэнні. Калі сума ўкладання памяншаецца, тады гэта страты.

Да чаго гэта адступленне? Каб не блытаць інвестыцыі, напрыклад, з абяцаннямі заробку ў сетцы, калі трэба і ўнесці сродкі, і працаваць.

Банкаўскія дэпазіты

Гэты спосаб вядомы, надзейны і нават гарантаваны дзяржавай. Хоць у апошнія гады дэпазіты ў чужой валюце прыносяць усё меншы прыбытак. За кароткачасовае фактычнае захоўванне такіх грошай у банку прызначаюць нават адмоўныя стаўкі.

Але калі стаўка па дэпазіце перавышае інфляцыю, такое ўкладанне становіцца вельмі надзейнай інвестыцыяй, таму што вяртанне дэпазіту гарантавана не толькі банкам, але ў пэўнай ступені дзяржавай.

Самыя выгадныя ўклады ў кастрычніку ў камерцыйных банках краіны выглядаюць наступным чынам. Гэта безадзыўны банкаўскі дэпазіт на 13 месяцаў з мінімальнай сумай укладу 100 рублёў, пры якім уладальніку грошай абяцаюць 14 % — 14,3 % гадавых. Праўда, для атрымання такіх вялікіх даходаў кліенту неабходна выканаць некалькі ўмоў.

Для пачатку трэба запоўніць анлайн-заяўку на ўклад. Потым неабходна дачакацца адказу з банка па тэлефоне ці праз SMS. Узяць усе неабходныя дакументы і прыйсці ў найбліжэйшае аддзяленне банка. З плюсаў дадзенага ўкладу — фіксаваная стаўка на ўвесь час дэпазіту, а таксама на выбар альбо штомесячная капіталізацыя, або выплата працэнтаў на картку кожны месяц.

Самыя выгадныя ўклады на 5 месяцаў прадугледжваюць даход у памеры 10 % — 12 %. А фінансы, пакінутыя ў банках на 3 месяцы, даюць па максімуме 8 % — 10,35 %. Акрамя таго, пры разглядзе кароткіх дэпазітаў трэба разумець, што даходы па стаўках да года абкладаюцца падаткам у 13 %.

На нашым фінансавым полі існуюць і дэпазіты ў доларах і еўра, але стаўкі па іх смешныя. Пры вялікіх часовых тэрмінах такіх укладаў стаўкі па іх пачынаюцца ад 0,1 % да 0,7 %. А пры маленькіх тэрмінах стаўкі набліжаюцца да нуля (на 3 месяцы — 0,05 %).

Іншая справа — дэпазіты ў юанях. Як вядома, гэтая валюта ў апошні час пайшла ў рост у адносінах да расійскага рубля, адпаведна, і да нашага таксама. Гэта значыць, што, захоўваючы свае грошы ў гэтай валюце, мы атрымліваем дадатковы бонус. Уклады ў юанях на працяглы тэрмін (ад года да трох гадоў) абяцаюць даход да 3,5 % гадавых, на тэрмін 6 месяцаў — 2,3 % — 3,2 % гадавых.

У чым выгаднасць дэпазітаў? Па-першае, яго лёгка адкрыць у любым банкаўскім аддзяленні або анлайн. Звычайна кліент загадзя ведае даход ад банкаўскага ўкладу. Дэпазіт не патрабуе наогул ніякіх намаганняў ад уладальніка грошай. Паклаў і забыўся (на час).

Перавага аблігацый

Купля аблігацый шмат у чым альтэрнатыва банкаўскім укладам. Па сутнасці, аблігацыі — гэта даўгавыя распіскі, выпушчаныя нейкай арганізацыяй або дзяржаўным органам. Арганізацыя, якая выпусціла аблігацыю, абавязваецца выкупіць яе назад па больш высокай цане.

Для зручнасці розніца паміж першапачатковай і канчатковай цэнамі выяўляецца ў працэнтах. Ёсць таксама дысконтныя аблігацыі, якія прадаюць са зніжкай (дысконтам), а выкупляюць па поўнай цане. Існуе мноства іншых аспектаў выпуску, звароту і заробку на аблігацыях, але цяпер назавём толькі два, важных для прыватных інвестараў.

Перавага аблігацый у тым, што іх можна перапрадаваць іншым асобам. Рынкавы кошт аблігацый мяняецца, таму можна зарабляць на спекуляцыях гэтымі паперамі.

Але аблігацыі, у адрозненне ад укладаў, не гарантаваныя дзяржавай. Самую нізкую даходнасць звычайна маюць аблігацыі дзяржаўных органаў. Але гэтыя аблігацыі з’яўляюцца і самымі надзейнымі. Найбольшы даход можна атрымаць па аблігацыях камерцыйных прадпрыемстваў, але рызыка па іх істотна вышэй.

У нашай краіне рэалізацыяй усіх камерцыйных аблігацый займаецца даччынае прадпрыемства Беларусбанка «АСБ Брокер». Эксперты рынку аблігацый адзначаюць, што, нягледзячы на турбулентны перыяд у эканоміцы, цяпер вельмі цікавы час для інвеставання.

Аднак інвестары павінны больш адказна ставіцца да размяшчэння сродкаў. Для інвестара важна разумець, наколькі прыбытковасць кампенсуе рызыкі. Тут пачынаецца падзел па якасці пазычальніка і якасці абавязацельстваў, якія набывае інвестар. Незабяспечаныя абавязацельствы — гэта прыкладна тое ж самае, калі пазычальнік кажа: «Не хвалюйцеся, я разлічуся». А гэта проста словы.

Ёсць вышэйшая катэгорыя надзейнасці для размяшчэння — забяспечаныя аблігацыі. Калі ёсць канкрэтная маёмасць, якая з’яўляецца гарантыяй вяртання сродкаў, калі зразумела, чым канкрэтна забяспечаны інвестыцыі, узнікае патрэбная ступень камфорту і ўпэўненасці. Такое забеспячэнне лёгка праверыць, а лізінгавыя кампаніі якраз з’яўляюцца ўладальнікамі маёмасці працяглага карыстання, напрыклад нерухомасці.

Цяпер на айчынным рынку аблігацый існуюць каштоўныя паперы з прыбытковасцю ад 20 % да 25 % гадавых. Гэта калі каштоўныя паперы эмітаваны наўпрост у рублях. Цяпер ёсць механізм, калі вашы грошы прымаюцца і лічацца ў рублях, але даходнасць іх разлічваецца з (7 % — 10 %) індэксацыяй выплат да змены курсу еўра або долара.

Аднак і тут інвестару трэба разумець, наколькі стабільная лізінгавая кампанія, як доўга яна на рынку і ці паспела зарабіць аўтарытэт, наколькі адкрыта для інвестараў з пункту гледжання прадастаўлення інфармацыі, неабходнай для прыняцця правільнага, абгрунтаванага рашэння. Правёўшы неабходны аналіз, інвестар можа атрымаць высокую прыбытковасць на гады наперад. Нават на перыяд, калі стаўкі ў банкаўскай сферы апусцяцца.

Купля акцый

Акцыі — гэта каштоўныя паперы, якія даюць права на долю ва ўласнасці камерцыйнага прадпрыемства (акцыянернага таварыства), права на кіраванне гэтым прадпрыемствам і частку даходу ад яго.

Акцыямі валодаюць многія, але рэальныя правы ўласнасці і кіравання аказваюцца ў тых, хто мае кантрольны пакет або буйную долю ў агульным аб’ёме акцый. Іншых акцыянераў называюць мінарытарнымі, іх выгада складаецца галоўным чынам з атрымання даходу на кожную акцыю. Даход па акцыях звычайна вышэй даходу па аблігацыях, але ў стабільна працуючых кампаній ён не такі ўжо і вялікі. Максімальны даход прыносяць толькі такія акцыі, якія выходзяць на знешні рынак, або калі фірмы растуць. Знешнія, а часам палітычныя падзеі вельмі моцна ўплываюць на саму цану акцый і тым больш на даходы ад такіх каштоўных папер.

Жыллё і не толькі

Нерухомасць заўсёды лічылася стабільным варыянтам захавання капіталу. У тыпавыя кватэры закладваецца запас трываласці на 100–150 гадоў эксплуатацыі; дамы пры своечасовым рамонце бываюць яшчэ больш даўгавечнымі. Жыллё ў больш-менш прывабных населеных пунктах заўсёды запатрабавана, яно можа заўсёды прадавацца па рыначнай цане. Але ці з’яўляецца купля нерухомасці інвестыцыяй, ці гэта проста зберажэнне?

Жылая і нежылая нерухомасць — дамы, кватэры, гаражы і дачы — становіцца інвестыцыяй у двух выпадках: 1) калі яе можна здаць у арэнду і атрымліваць прыбытак ад гэтага; 2) калі нерухомасць расце ў цане.

У доўгатэрміновым перыядзе нерухомасць даражэе, таму што таннеюць грошы (інфляцыя). Пры эканамічным росце гэта адбываецца хутчэй. Цана арэнды звычайна змяняецца ўслед за прадажнымі коштамі. Каб зарабіць на гэтым механізме сапраўды рэальныя грошы, варта ўкладваць у нерухомасць буйную суму і звычайна надоўга.

Мне пашанцавала быць знаёмым з таварышам, які ўкладваў у жыллё. Цяпер у яго тры кватэры ў Мінску. У адной ён жыве, дзве іншыя — здае кватарантам. Атрымлівае стабільны даход, але... у яго двое дзяцей, якія ўжо выраслі і збіраюцца жыць асобна. Прыйдзе час — дзве кватэры сыдуць дзецям. Таму мой знаёмы шукае варыянты па куплі таннай трэцяй кватэры. Гэта каб здаваць яе ў арэнду і нябедна жыць ужо на пенсіі.

Калі пачынаць інвеставаць?

Як толькі ў вас з’явіліся ўласныя нават невялікія грошы. Эксперты ўпэўненыя, што, пачаўшы інвеставаць з 18 да 27 гадоў, вы ў выніку атрымаеце больш грошай, чым калі стартуеце з 27 да 65. Ніякай містыкі: у юнацтве на нашы сапраўды неабходныя выдаткі нам дапамагаюць дадатковым фінансаваннем бацькі. А да таго ж чым даўжэй працуюць вашы грошы, тым больш можа зрабіць для вас складаны працэнт.

У свеце каштоўных папер складаны працэнт выяўляецца праз рэінвеставанне даходаў, такіх як купоны аблігацый і дывідэнды па акцыях. Інвестар сам вырашае, што рабіць з атрыманымі сродкамі, але рэінвеставанне дазваляе капіталу расці хутчэй. Сіла складанага працэнта даступная кожнаму. Незалежна ад пачатковых укладанняў любы чалавек можа значна павялічыць свой дабрабыт, калі рэгулярна рэінвеставаць прыбытак і нарошчваць капітал.

З якой сумы пачынаць?

Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе. Так, аблігацыі або кватэру вы за рубель не купіце, але, напрыклад, пакласці гэты рубель на дэпазіт і пачаць збіраць працэнты цалкам можна. Пачынаць інвеставаць лепш з невялікіх сум, каб атрымаць вопыт і памяняць сваё мысленне. Першую здзелку здзяйсняць заўсёды страшна.

Таму ставіцца да стартавых інвестыцый трэба як да гульні: ствараеце табліцу і лічыце, што ў вас будзе праз 5-10 гадоў, калі замест ранішняй кавы вы станеце купляць каштоўныя паперы. Уявіце сябе праз 50 гадоў: якімі будзеце вы, дом, машына, сям’я. Візуалізуйце мэты, а далей складайце выразны фінансавы план. У ідэале — адкладзяце 10 % ад заробку, і праз год у вас будзе 13-я зарплата і яшчэ трошкі зверху. Што вы з ёй будзеце рабіць далей — гэта ўжо вам вырашаць. Але вы хоць бы зразумееце, што інструмент працуе.

Інвеставанне заўсёды звязана з рызыкай. Незалежна ад абранага актыву вы можаце страціць частку свайго капіталу. Каб мінімізаваць рызыкі, трэба размяркоўваць грошы па розных актывах — гэта называецца дыверсіфікацыяй.

Людзі, у тым ліку інвестары, могуць памыляцца, прымаць рашэнні на эмоцыях, падвяргацца паніцы і стрэсу. Каб не страціць усё і адразу, трэба раскласці свае інвестыцыі па розных «купках»: нешта пакладзяце на дэпазіт, нешта ўкладзяце ў акцыі або аблігацыі. У ідэальным свеце добрая дыверсіфікацыя выглядае як партфель актываў, у якім рызыкі блізкія да нуля, бо калі адзін з актываў падвядзе, іншыя могуць кампенсаваць страты.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Стаўка на прыбытак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.