У лістападзе 2024 года часопісу «Алеся» спаўняецца 100 гадоў. Калі скласці ўсе нумары выдання за стагоддзе, атрымаецца вялізны том гісторый.
У 25-гадовы юбілей часопіса «Работніца і сялянка» народны паэт Беларусі Якуб Колас пакінуў на яго старонцы аўтограф і павіншаваў супрацоўнікаў і аўтараў часопіса такімі словамі: «Жадаю вам здароўя, радасці, поспехаў у Вашай многаграннай гераічнай дзейнасці, дарагія жанчыны!»
Аб чым расказвала выданне з нагоды папярэдніх прыгожых юбілеяў часопіса, якія віншаванні атрымлівала? Гартаем старонкі архіўных нумароў разам.
Часопіс працягвае прымеркаваны да свайго юбілею праект «Алесі −100: жанчыны, гісторыі, вокладкі». У лістападаўскім нумары чытачы пазнаёмяцца з Таццянай Дымовіч, якая працуе на шклозаводзе «Нёман» ужо 37 гадоў. Яна выдзімальшчыца і кіруе шклом з дакладнасцю і сілай. Праца Таццяны Дымовіч патрабуе як фізічнай вынослівасці, так і вялікага майстэрства.
— Лічу сваю працу сапраўднай творчасцю. Самае захапляльнае і адначасова самае складанае — брацца за новае, — падкрэслівае гераіня рубрыкі.
Аб тым, як нараджаецца шкляная прыгажосць, колькі штук чарак і шклянак выдзімае Таццяна Дымовіч за адну змену, чым займаецца ў вольны час, чытайце на старонках «Алесі».
— Лідар — гэта той, хто здольны своечасова і правільна расставіць прыярытэты. Акрамя гэтага, неабходна ўмець выяўляць праблемныя пытанні і, што асабліва важна, прапаноўваць шляхі іх вырашэння. Для дасягнення мэты патрабуецца надзейная каманда, — лічыць намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і матэрыяльным забеспячэнні ААТ «Керамін» Ганна Маеўская.
Аб сваім прафесійным шляху, сакрэтах поспеху ў працы з людзьмі, музеі прадпрыемства, які з’явіўся па яе ініцыятыве, а таксама ўдзеле ў дабрачынных акцыях Ганна Маеўская расказала журналісту «Алесі».
У рубрыцы «Іх імёнамі названыя» мы пазнаёмім з лёсам славутай савецкай лётчыцы і першай жанчыны, удастоенай звання Героя Савецкага Саюза Валянціны Грызадубавай, у гонар якой названа вуліца ў сталічным мікрараёне Сокал.
Свой першы палёт яна здзейсніла ў 14 гадоў. У 1937 годзе ўстанавіла пяць сусветных авіяцыйных рэкордаў для жанчын на спартыўных самалётах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны была прызначаная камандзірам 101-га авіяцыйнага палка Авіяцыі далёкага дзеяння. Валянціна Грызадубава здзейсніла за час вайны каля 200 баявых вылетаў, з якіх 132 былі начнымі.
Для кагосьці праца ў гандлі — проста будзённасць. А вось загадчыца секцыі «Дзіцячы свет» гандлёвага комплексу «Тавары для жанчын, мужчын і дзяцей» ААТ «ЦУМ Мінск» Вольга Паляшчук вельмі любіць сваю прафесію за зносіны з пакупнікамі, імкнецца дарыць ім выключна пазітыўныя эмоцыі.
Пра тое, як расла па службовай лесвіцы, чаму навучылася і як «без адрыву ад вытворчасці» сустрэла спадарожніка жыцця, Вольга Паляшчук распавяла ў інтэрв’ю нашаму часопісу.
— Не пішу сумных карцін, асабліва сёння, калі ў свеце неспакойна і ў людзей і так дастаткова складанасцей. Хачу, каб чалавек, гледзячы на мой твор, успомніў пра нешта добрае, і яго настрой палепшыўся, — прызнаецца член Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў і Нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы» Людміла Курыловіч.
Пра тое, як пасля пяцідзесяці матэматык стала пісаць карціны і адкрыла ў сабе сапраўдны талент мастака, а амаль у шэсцьдзясят гадоў упершыню лятала на паветраным шары і на параплане над морам, вы даведаецеся з размовы з ураджэнкай Віцебшчыны Людмілай Курыловіч, якая жыве ў Падмаскоўі, але за натхненнем прыязджае на Радзіму.
Якія захворванні сёння ўсё яшчэ цяжка паддаюцца тэрапіі, а якія паспяхова лечацца і не ствараюць вялікіх праблем? Што змянілася ў працяканні паталогій органаў дыхання пасля пандэміі Covid-19? Чаму не варта абмяжоўвацца народнымі сродкамі пры працяглай высокай тэмпературы, кашлі, дыхавіцы і болях у грудной клетцы? На гэтыя пытанні адказвае загадчыца пульманалагічнага аддзялення № 2 ГКБ № 6 Мінска, урач-пульманолаг Марыя Журовіч.
У лістападаўскім нумары «Алесі» вас чакае гастранамічнае падарожжа ў Грэцыю. А яшчэ мы растлумачым, чым карысныя журавіны, што такое дэкаф і каму ён падыходзіць, якія трэнды ў адзенні ў гэтым сезоне актуальныя і што варта змяніць у сваім вобразе, каб выглядаць цікавей і прывабней. Бонус для чытачоў «Алесі» — жаночая гісторыя Валянціны Быстрымовіч «Акуліна».
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.