Вы тут

Ад спажывання да адчужэння — адзін крок?


Не так даўно давялося пабываць на адной выставе. Там былі здымкі канкрэтных мясцін, а таксама аб’ектаў больш чым трыццацігадовай даўніны і цяперашнія, свежыя. Заўсёды ж цікава даведацца, што было раней і што ёсць цяпер. Скажам, нейкі вялікі магазін, у якім паліцы ломяцца і вочы разбягаюцца ад разнастайнасці асартыменту зараз, і чарга на вуліцы, якая вужом звіваецца вакол будынка, — тады.


Усё гэта было. Хто старэйшы, той памятае: і чэргі, і запісы на тавары, і талоны. Наведвальнікі таго вернісажу справядліва наракалі на пару дэфіцытаў, згадвалі свае прыклады выхаду з сітуацыі, калі адны рэчы прыладжвалі для іншых патрэб, другімі дзяліліся з суседзямі. 

Напрыклад, па выглядзе вясковая кабета са смехам згадала, што яе суседка ў якасці каструлі набыла металічны дзіцячы гаршчок: а што, таксама пасудзіна, толькі з адной ручкай. А вось другая сталая гараджанка настальгічна прамовіла: «Затое як цікава жылі, разам збіраліся, песні спявалі і на Новы год усе ўмудраліся дастаць дэфіцытную смакату, стол накрыць ды адчуць сябе шчаслівымі».

І гэта таксама праўда. З паняццем дэфіцыту мы пазнаёміліся яшчэ задоўга да 90-х. Хоць і ў мае школьныя — 70-я гады і ў студэнцкія 80-я — увесь набор прадуктаў і тавараў першай неабходнасці быў, але ж набыць, скажам, імпартную модную рэч было вялікай удачай. Да гэтай пары памятаю югаслаўскія чаравікі, якія мама выпадкова ўхапіла ў баранавіцкім універмагу, я тады вучылася на другім курсе журфака, і ў нас на курсе такіх ні ў каго з дзяўчат не было. А яшчэ памятаю, як у ГУМе мы стаялі ў чарзе за фінскімі курткамі, і якія былі шчаслівыя, калі купілі модную вопратку.

Аднойчы ў сваёй калонцы я ўжо расказвала, як маладым спецыялістам у райцэнтры ў другой палове 80-х выпадкова трапіла ў магазін ваенгандлю і купіла мандарынаў да Новага году. А за дзень да гэтага нам прадалі па цэлай касеце яек проста з птушкафабрыкі, ды па лініі прафсаюза выдзелілі па бутэльцы шампанскага. Тады мы накрылі амаль шыкоўны стол у сваім рабочым інтэрнаце і былі сапраўды шчаслівыя.

Цяпер у нас усё ёсць. Але ж нікуды не дзенешся ад відавочнага спаборніцтва за тое, у каго лепей, болей, даражэй. Ніхто не будзе спрачацца з тым, што галоўным з’яўляецца дабрабыт кожнай сям’і, кожнага члена грамадства. Для таго і працуем. Але, згадзіцеся, за гэтымі штодзённымі клопатамі ўпускаем нешта надзвычай важнае ў плане чалавечых адносін, нават сваяцкіх сувязяў. У мяне перад вачыма прыклад знаёмых. Там дзве сястры, якія выраслі ў добрай рабочай сям’і, амаль што перасталі камунікаваць без дай прычыны. Праўда, адна ўдала выйшла замуж, цяпер у раскошы купаецца, а другая жыве вельмі нават сціпла. Нехта скажа, гусь каню не таварыш, а багаты беднаму.

...І вось ужо Анатоль Ярмоленка са сцэны спявае пра тое, як раптам мы памяняліся і сталі чужымі, перасталі хадзіць у бібліятэкі і на канцэрты, як словы сталі замяняць смайламі, завісаць у сацсетках, а з дарагіх смартфонаў забываем званіць блізкім. Вядомы спявак заклікае гэта спыніць, змяніцца самім і змяніць свет. І не ён адзін. Аднак каб гэта было так проста! Каб хто ведаў, як гэта зрабіць!

Можа, час згадаць вядомую формулу, што за ўсё ў жыцці трэба плаціць. 
І вось цяперашні стан грамадства і ёсць плата за дабрабыт, за тую самую поўную чашу, пра якую марылі папярэднікі? Аказваецца, некаторыя мысліцелі даўно папярэджвалі пра наступствы глабалізацыі. Людміла Рублеўская нядаўна на старонках нашай газеты раіла пачытаць твор Жана Бадрыяра «Грамадства спажывання». Дык вось французскі філосаф яшчэ ў 1970 годзе сцвярджаў, што эра спажывання — гэта эра адчужэння. У сустветным супершопінг-цэнтры няма месца мары, паэзіі, развазе. А значыць, і простыя чалавечыя стасункі, чуласць, увага да бліжняга страцяць у кошце. Не да гэтых сантыментаў, калі чалавек траціць жыццё на пагоню за рэчамі, іншымі матэрыяльнымі набыткамі, становіцца рабом спажывання.

Няўжо нельга спалучыць нейкім чынам гэтыя рэчы, знайсці разумны сімбіёз? Верагодна, можна. І такіх прыкладаў, думаю, нямала, калі людзі, нават добра забяспечаныя, жывуць насычаным духоўным жыццём, дбаюць пра сваё інтэлектуальнае развіццё, сустракаюцца з сябрамі, займаюцца дабрачыннасцю. Але ж... Не так даўно размаўляла з жыхаркай адной вялікай перспектыўнай вёскі, якую цяпер называюць аграгарадком. 

Пенсіянерка жыве на вуліцы, на якой у 90-я гады сяліліся ў асноўным калгасныя спецыялісты, настаўнікі, іншыя служачыя. Дык вось яна сказала, што ў іх ніхто не ходзіць адно да аднаго, як прынята ў вёсцы. Яны жывуць як гарадскі прыватны сектар. Значыць, і сельскую мясцовасць накрывае тая самая глабалісцкая ўрбанізацыя. Шкада. А таму, хто прыдумае, што ёй супрацьпаставіць, варта даць Нобелеўскую прэмію.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.