Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Час ад слоў перайсці да справы»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату ў Баку. Прамова беларускага лідара была лаканічнай, па рэгламенце яна не павінна быць большай за тры хвіліны, але трапнай, на злобу дня.


Фота БелТА

«Тут вельмі шмат казалі аб тым, хто колькі зрабіў па паляпшэнні клімату. Але я параўноўваю апошні перыяд пасля папярэдняга нашага саміту. Стала толькі горш, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна на Блізкім Усходзе, вайна ва Украіне, вайна ў паўднёвым Емене. Усяго больш за 50 канфліктаў у свеце, якія жорстка ўплываюць на клімат на нашай планеце. Дык што, стала лепш? Хто пачаў плаціць за выкіды?»

Прэзідэнт падкрэсліў, што тыя, хто пачаў турбавацца найперш паляпшэннем клімату, адсутнічаюць на саміце. Больш за тое — сабатуюць. 

«Ці тое яшчэ будзе пасля прэзідэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амерыкі (якія прайшлі. — „Зв.“), — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Паўстае пытанне: дык якая ж эфектыўнасць нашай дзейнасці на падобных самітах? Калісьці Прэзідэнт Францыі ледзь ці не вялікім сябе лічыў за Парыжскае пагадненне. І дзе гэты прэзідэнт сёння? Няўжо гэта не актуальна? Вось наша эфектыўнасць, нашай працы. Так што рапартаваць пакуль няма пра што». Разам з тым беларускі лідар павіншаваў свайго калегу Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева з выдатнай арганізацыяй гэтага складанага саміту.

«Але тыя, хто сёння думае, што пранясе, адсутнічаючы на гэтым саміце... Не пранясе! Шторм у Злучаных Штатах Амерыкі, нядаўна Валенсія (гаворка аб паводцы. — „Зв.“) — загінулі людзі. Гэта сведчыць аб тым, як мы „паляпшаем“ наш клімат. Я гэта шчыра кажу, таму што маю краіну папракнуць у гэтым плане няма за што. Мы жорстка выконваем усе абавязацельствы, якія ўзялі на сябе. Але паколькі з-за вось такога махровага бюракратызму Сакратарыята ААН за тры хвіліны практычна немагчыма сказаць нешта, я абмяжуюся літаральна некалькімі прапановамі», — сказаў беларускі лідар і коратка прадставіў прапановы беларускага боку па гэтым пытанні.

«Першае. Клімат змяніўся, гэта данасць. Таму першарадная задача — пераналадзіць нацыянальныя эканомікі, перш за ўсё сельскую гаспадарку, з улікам змененых умоў, адаптаваць яе да новых умоў. Беларусь актыўна гэтай тэмай займаецца і гатова дзяліцца вопытам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другая прапанова Прэзідэнта — дапамагчы краінам, якія развіваюцца, атрымаць роўны доступ да зялёных тэхналогій без шкоды для іх нацыянальных інтарэсаў. «Зрабіць так, каб яны ў выніку гэтай дапамогі не трапілі ў кабалу. Трэба адмяніць усё, што перашкаджае міжнароднаму гандлю тэхналогіямі, абмену інавацыямі і найлепшымі практыкамі», — сказаў ён.

«Трэцяе. Мы сёння ўжо сутыкнуліся з сітуацыяй, калі новая прадукцыя пазіцыянуецца як больш экалагічна бяспечная альтэрнатыва. Але ў той жа час наносіць не меншую шкоду. Аб’ектыўна патрэбны новыя падыходы да комплекснай ацэнкі патэнцыяльнага ўздзеяння інавацый на навакольнае асяроддзе на працягу ўсяго жыццёвага цыкла гэтай прадукцыі», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя і іншыя кірункі патрабуюць кансалідацыі міжнародных намаганняў. «Не на словах, а на справе. Час ад слоў перайсці да справы. І той, хто павінен плаціць — павінен плаціць, а не адседжвацца ў сябе ў кабінетах», — падсумаваў ён.

Усе даюць справаздачу, якія яны вялікія. 

А стала яшчэ горш

Сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка растлумачыў у кароткім інтэрв’ю журналістам пасля выступлення. Ён адзначыў, што арганізацыя саміту, які сёлета прымае Азербайджан, бліскучая. «Гэта адзінае, што можна ацаніць станоўча. Але вельмі дорага», — адзначыў ён. Адказваючы на пытанне аб агульным уражанні, Прэзідэнт сказаў: «Агіднае. Я сказаў тэзісна, таму што з-за махровага бюракратызму Сакратарыята ААН гэта ўсё дарэмна. Ну што за тры хвіліны скажаш... Усе даюць справаздачу, якія яны вялікія. А стала яшчэ горш. Я ж назваў тры вайны, якія забруджваюць атмасферу. Хусітаў там ціснуць невядома за што, на Блізкім Усходзе вайна (перспектывы вялікія ўцягвання яшчэ іншых краін) і ва Украіне вайна. Гэта толькі буйныя. А іх больш за 50 — гэтых канфліктаў. Гэта забруджвае найперш атмасферу. Я казаў пра гэта ў Дубаі (на папярэднім падобным саміце год таму. — „Зв.“). І вытворцы. 

Хто больш за ўсё вырабляе — англасаксы. Дзе яны? Іх няма. Дзе спадар Макрон (Прэзідэнт Францыі — „Зв.“), які так піярыўся на парадку дня гэтым — Парыжскае пагадненне. Дзе ён? Яго сёння няма нават. Яны па-наплявацельску да гэтага адносяцца. А гэта (на саміце. — „Зв.“) — проста гаварыльня чарговая», — дадаў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне, ці верыць ён у магчымасць спыніць войны. «Рэчаіснасць сведчыць аб адваротным. Таму я ў гэта мала веру», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адносіны з Сербіяй трэба інтэнсіфікаваць

На палях саміту Прэзідэнт правёў і шэраг двухбаковых сустрэч. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.

«Трыццаць гадоў, як мы жывём у дыпламатычных адносінах. Нямала зроблена, але і ў нашым лёсе, і ў лёсе Сербіі адбыліся сур’ёзныя змены. Гэта ўсё перад вачыма. Тым не менш жыццё прадаўжаецца. Думаю, што нам трэба інтэнсіфікаваць нашы адносіны. Гэта дрэнна, што ў нас няма такіх інтэнсіўных адносін. Пры ўсіх нашых складанасцях. Яны, вядома, існуюць», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў спачатку задзейнічаць міжурадавую камісію — каб яе члены сабраліся, ажыццявілі рэвізію ў двухбаковых адносінах і падумалі, як і па якіх напрамках далей супрацоўнічаць. «Калі нешта за гэты час не патрэбна ў нашых адносінах, гэта трэба адкінуць, намеціць новыя шляхі. Але адносіны трэба не проста падтрымліваць. Пры ўсіх складанасцях трэба інтэнсіфікаваць», — сказаў беларускі лідар.

Пасля работы на ўзроўні міжурадавай камісіі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ажыццявіць візіт у Сербію беларускага прэм’ер-міністра, і ў цэлым, паводле яго слоў, можна абмяняцца візітамі на ўзроўні ўрадаў. «Для таго, каб канкрэтызаваць план далейшых дзеянняў. І на вышэйшым узроўні мы маглі б потым ужо зацвердзіць усе прапановы», — растлумачыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Напрамкаў супрацоўніцтва шмат. Я разумею Сербію і часта аб гэтым гаварыў, што вам складана, практычна знаходзіцеся ў акружэнні, ізаляцыі. З гэтага трэба зыходзіць і будаваць сваю палітыку. Але старых сяброў губляць нельга. Таму з Расіяй, Беларуссю падтрымліваць адносіны трэба. Гэта сапраўдныя сябры, глыбокія сябры, і ў гэтым напрамку, я думаю, у Сербіі будуць рабіць максімум», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Беларусі і Зімбабвэ трэба яшчэ шмат чаго зрабіць

Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам. Кіраўнікі дзяржаў зверылі гадзіннікі па шэрагу пытанняў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывах сумеснай работы на Афрыканскім кантыненце. Сустрэча праходзіла ў цёплай сяброўскай атмасферы. «Спадар Прэзідэнт, рады бачыць вас актыўным, жыццярадасным, нягледзячы на ўсе праблемы, якія ў нас існуюць у свеце», — прывітаў калегу Аляксандр Лукашэнка.

«І вам таксама мой камплімент. Цудоўна выглядаеце. І маладзей, вядома», — сказаў у адказ Прэзідэнт Зімбабвэ. «Ну, напэўна, не зусім», — заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.

«Ну, у параўнанні са мной вы, спадар Прэзідэнт, як юнак выглядаеце, — настойваў Эмерсан Мнангагва. — Мне 82 гады. Таму, гледзячы на вас, спадар Прэзідэнт, я бачу свайго маладога-маладога брата».

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што нельга параўноўваць паўночных людзей з паўднёвымі. Апошнія, упэўнены Прэзідэнт Беларусі, значна больш эфектыўныя, актыўныя і здаравейшыя. «Мы збіраемся з вамі яшчэ жыць, і не адзін год, і нам давядзецца яшчэ нямала зрабіць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў таксама аб ідэі пашырэння супрацоўніцтва за кошт падключэння іншых краін рэгіёна, у прыватнасці Мазамбіка: «У мяне ёсць ідэя, якую мы з Вамі абмяркоўвалі ў свой час. Што мы недзе сустрэнемся ў вас, запросім і Прэзідэнта Мазамбіка і разам выбудуем нашы сумесныя адносіны. Зробім так, што ў вас з’явяцца свае парты ў Мазамбіку і мы праз іх будзем з вамі больш эфектыўна і актыўна супрацоўнічаць».

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.